Быкава і Барадуліна згадалі на Славянскім базары, — дажджлівы фэст у Віцебску. Фота
Пустая сцэна на плошчы Свабоды. Дождж пачаўся мінулай ноччу і, паводле прагнозаў, будзе ісьці тры дні запар.
Непагадзь прыпала на пятніцу і выходныя — якраз на тыя дні, калі гасьцей фэстывалю меркавалі завабіць продажам прамысловай прадукцыі без нацэнак, твораў мастацтва, сувэніраў і вырабаў народных майстроў.
У добрае надворʼе ўкраінскія вышыванкі і ўпрыгажэньні карыстаюцца попытам
Вэрнісаж пад дажджом. Дождж стаў істотнай перашкодай у гэтым сэнсе: каля гандлёвых шэрагаў практычна няма пакупнікоў, дый самі гандляры не сьпяшаюцца раскладаць тавары, каб яны ня вымаклі
Дзе-нідзе гандаль і не распачыналі. Часткай вулічнай культурнай праграмы мусілі стаць выступы самадзейных артыстаў, у тым ліку і з розных рэгіёнаў вобласьці. Кожны раён аформіў сваю пляцоўку і чакаў наведнікаў. Апошнім было што паглядзець: Вушацкі раён, напрыклад, у афармленьні скарыстаў згадкі пра пісьменьнікаў землякоў Васіля Быкава і Рыгора Барадуліна. Хаця не абышлося і без эксплюатацыі тэмы Вялікай Айчыннай вайны — вушачане прывезьлі ў Віцебск макет помніка «Прарыў».
Клясыкі беларускай літаратуры — на пляцоўцы Вушацкага раёну
Пад дождж выходзіць нікому няма ахвоты, і выступоўцы спрабуюць забаўляць рэдкіх мінакоў сьпевамі з-пад цыратовых тэнтаў. А калі мнакоў паблізу няма, вяселяць самі сябе.
Празь неспрыяльныя ўмовы надворʼя можа не адбыцца ў поўным абʼеме вулічны фэст «На сямі вятрах», імпрэзы якога заплянаваныя ў фармаце оўпэн-эйр. Платным канцэртам, спэктаклям і выставам не пагражае нічога: яны адбываюцца пад дахам. А вось тым гасьцям, якія меркавалі проста прыемна бавіць час у горадзе, падобна, сёлета ня вельмі пашэнціла.
Надзеі на прыбытак ад летніх кавярняў, якім загадана працаваць круглыя суткі, таксама не апраўдаліся