Старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» ўдакладніў на Facebook аспэкт справаздачы цэнтру пра маніторынг мірных сходаў у Беларусі 25 сакавіка. Цяпер у справаздачы «Вясны» пішуць, што на менскім мітынгу-канцэрце было да 11 тысяч чалавек адначасова, а колькі сумарна — цяжка падлічыць.
Спачаку назіральнікі казалі, што на менскім «Сьвяце Незалежнасьці» знаходзілася каля 11 тысяч чалавек. «Вясну» крытыкавалі за «заніжэньне» колькасьці наведнікаў: арганізатары ацэньвалі колькасьць наведнікаў у 40 тысяч чалавек, абапіраючыся на колькасьць раздадзеных праграмак і ўлётак, у іншых крыніцах называліся ацэнкі ад 18 да 50 тысяч наведнікаў. Міліцыя сваіх ацэнак не давала.
Бяляцкі прызнае, што фармулёўка была недакладная, лічба тычылася колькасьці людзей, якія адначасова знаходзіліся ля Опэрнага тэатру.
Агульную колькасьць наведнікаў назіральнікі не змаглі палічыць: людзі заходзілі і выходзілі, замест адных прыходзілі іншыя. У абноўленай справаздачы памылка выпраўленая.
Сьвяткаваньне 25 сакавіка 2018 году ў Менску стала самым масавым у XXI стагодзьдзі.
На сьвяце выступілі Ігар Варашкевіч і Кася Камоцкая, дачка Лявона Вольскага Адэля, рок-гурты Akute, Dzieciuki і іншыя. Розныя імпрэзы 25 сакавіка прайшлі ў дзясятках гарадоў Беларусі, а таксама ў іншых краінах па абодва бакі Атлянтычнага акіяну.
Мітынг-канцэрт быў дазволены менскімі ўладамі, але міліцыя затрымлівала тых, хто падыходзіў да пляцоўкі або выходзіў зь яе зь бел-чырвона-белымі сьцягамі. Да канцэрту была спроба правесьці несанкцыянаванае шэсьце ад плошчы Якуба Коласа, затрымалі дзясяткі чалавек.
Your browser doesn’t support HTML5
Лукашэнка загадаў імгенна спыняць «несанкцыянаваныя мерапрыемствы»
Усяго па краіне затрымалі больш за 110 чалавек. Многіх вызвалілі без складаньня пратаколу, але некаторых вызвалілі зь «недаседжанымі суткамі», кагосьці ўжо аштрафавалі, суды над не адным дзясяткам чалавек адклалі. Штрафавалі ў тым ліку за раздачу запрашэньняў на санкцыянаваны мітынг-канцэрт. Караюць і тых, хто на сьвяткаваньне ня трапіў.
27 сакавіка Аляксандар Лукашэнка загадаў імгненна спыняць «несанкцыянаваныя мерапрыемствы» і не зьвяртаць увагі на тое, як на гэта рэагуе Эўразьвяз або Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША. Міністар унутраных справаў Ігар Шуневіч пасьля заявіў, што ў Беларусі не адбудзецца ніводнай несанкцыянаванай акцыі. На крытыку Эўразьвязу ў непрапарцыйнай рэакцыі на спробу шэсьця МЗС Беларусі адказаў пра «двайныя стандарты на фоне таго, што адбываецца ў краінах-чальцах Эўразьвязу».