Лідэр руху салідарнасьці «Разам» Вячаслаў Сіўчык зьбіраецца вяртацца ў Беларусь пасьля 5-гадовай палітычнай эміграцыі. Гэта рашэньне наўпрост зьвязанае з правядзеньнем у краіне чарговых прэзыдэнцкіх выбараў, якія спадар Сіўчык называе не інакш, як «выбарчым фарсам».
У звароце да сябраў і прыхільнікаў руху Вячаслаў Сіўчык заяўляе:
«Выбарчыя фарсы адбываюцца з 96-га году зь дзіўнай рэгулярнасьцю. Ярмошына, якая ачольвае ЦВК, ужо даўно выйшла б з турмы па выніках першых фарсаў, якія праводзіла „бліскуча“. Гэтак жа „бліскуча“ яна хоча правесьці і гэты выбарчы фарс. Розьніца між сёлетнім выбарчым фарсам і ўсімі астатнімі палягае толькі ў двух аспэктах: сытуацыя рэзка зьмянілася ў зьвязку з расейскай агрэсіяй супраць Украіны, а Лукашэнка пабаяўся выпусьціць з турмы Міколу Статкевіча, чым падкрэсліў свае недахопы, свае чалавечыя комплексы. І даў нам шанец пазмагацца падчас гэтай выбарчай кампаніі.
Рух салідарнасьці „Разам“ падтрымаў вылучэньне Міколы Статкевіча кандыдатам на прэзыдэнта, і цяпер трэба стварыць выбарчы штаб руху, які мусіць дзейнічаць разам з саюзьнікамі, найперш з БСДП (Народная Грамада) — партыяй Міколы Статкевіча, якая вылучае палітыка на прэзыдэнта. Штаб мусіць правесьці мабілізацыю сябраў і прыхільнікаў у ініцыятыўную групу.
У межах кампаніі трэба выконваць праграмныя мэты руху салідарнасьці „Разам“ — барацьба з этнацыдам, падтрымка прадпрымальнікаў і вызваленьне палітвязьняў. Трэба стварыць аўтарытэтную структуру, якая б мела адну задачу — вызначаць, хто ёсць палітвязень», — адзначае Сіўчык.
Мэта руху «Разам», які запачаткаваўся ў 2006 годзе, — садзейнічаць салідарнасьці ўсіх грамадзкіх ініцыятываў, якія скіраваны на дэмакратызацыю Беларусі. Устаноўчы сход руху адбыўся 6 чэрвеня 2009 году ў Менску. Афіцыйную рэгістрацыю рух атрымаў у Чэскай Рэспубліцы.