Паўтары тысячы жыхароў менскага Сельгаспасёлку зьвярнуліся да Аляксандра Лукашэнкі з адкрытым лістом, у якім патрабуюць спыніць «масавае і арганізаванае зьнішчэньне маёмасьці грамадзянаў».
На іх перакананьне, дэкляраваная неабходнасьць «асваеньня» сталічнай тэрыторыі ня мае ніякай мэтазгоднасьці, бо і без таго асвоена пяцьцю пакаленьнямі менчукоў, прычым без аніякай дапамогі дзяржавы. Прапанаваныя ўладамі варыянты разьмену тутэйшых жыхароў не задавальняюць, бо ў любым выпадку пагаршаюць іх жыльлёвыя ўмовы.
У калектыўным звароце да кіраўніка дзяржавы адзначаецца, што разнастайныя забароны дзесяцігодзьдзямі абмяжоўваюць іх правы на валоданьне, карыстаньне і распараджэньне маёмасьцю, якая належыць людзям на праве прыватнай уласнасьці.
«Хто будзе кампэнсаваць матэрыяльную шкоду, якая шматразова перавышае асабліва буйныя памеры, і зь якіх крыніцаў? Хто ацэніць маральную шкоду, якая апрыёры не паддаецца ніякаму вымярэньню?», — задаюць рытарычныя пытаньні падпісанты.
Знос дамоў на 129 гектарах зямлі сталічныя чыноўнікі абгрунтоўваюць будоўляй трэцяй лініі мэтро ў бок мікрараёну Зялёны Луг. Каб дасягнуць неабходнага пасажырапатоку, тэрыторыю Сельгаспасёлку трэба спачатку вызваліць ад малазаселенай прыватнай забудовы, а потым ушчыльніць «высоткамі».
У адпаведнасьці з праектам дэталёвага плянаваньня ў зоне пад кодам «49 Жм» да 2030 году заплянавана зьнесьці больш за 1000 індывідуальных дамоў у межах вуліц Някрасава, Собінава, Олешава, Усходняй. А ўжо да 2017-га не павінна застацца 119 пабудоваў на 11 гектарах у межах вуліц Тыражнай, Дастаеўскага, Корш-Сабліна, Гало, Верхняй, Тургенева, Камароўскага кальца.
Сябра ініцыятыўнай групы Вольга Дэйнэкіна, якая прадстаўляе інтарэсы пасялкоўцаў у ліставаньні зь дзяржаўнымі органамі, кажа: «У Беларусі пад шыльдай „асваеньня тэрыторыі“ арганізаванае масавае зьнішчэньне маёмасьці грамадзянаў — дамоў і гаспадарчых пабудоваў у прыватным сэктары. Гэтая тэрыторыя ўжо асвоеная пяцьцю пакаленьнямі менчукоў. Таму адпраўку „на выселкі“ мы расцэньваем як здраду дзяржаўнай уладай інтарэсаў народа», — кажа спадарыня Дэйнэкіна, адзначаючы такі факт: пакуль адных зносяць, леташняя ўрадавая пастанова № 1101 прадугледжвае будоўлю сёлета ў Менску індывідуальных жылых дамоў для заможных грамадзянаў у абʼёме 30 тысяч квадратных мэтраў. «Хто і па якім праве дзеліць нас на „состоятельных“ і жабракоў? Чым жа не „состоялись“ мы, грамадзяне краіны, чые дамы штодня зьнішчаюцца супрацьпраўнымі захадамі?», — запытваюць падпісанты.
Вольга Дэйнэкіна кажа, што жыхары ня раз зьвярталіся са сваімі праблемамі ў Менгарвыканкам, Генэральную пракуратуру, Дзяржкантроль, заканадаўчыя і выканаўчыя органы ўлады — Палату прадстаўнікоў, Савет Рэспублікі, Савет Міністраў. Але ўсе звароты ў выніку перанакіроўваюцца ў Менгарвыканкам, які на ўсе пытаньні адказвае дзьвюма фразамі: горад павінен разьвівацца, знос маёмасьці адпавядае рэалізацыі Генпляну разьвіцьця сталіцы.
«Генплян разьвіцьця гораду стаў галоўным законам краіны, па якім можна любога грамадзяніна адправіць на выселкі, прадаць як халопа разам з маёмасьцю прыватнаму забудоўшчыку», —
пішуць жыхары Сельгаспасёлку ў адкрытым лісьце да Лукашэнкі, падкрэсьліваючы, што гэтыя пытаньні закранаюць інтарэсы вялізнай колькасьці грамадзянаў ня толькі ў Менску, але і ва ўсіх населеных пунктах Беларусі.
Сельгаспасёлак пачалі будаваць на забалочанай мясцовасьці на ўскраіне Менску ў сярэдзіне 1940-х — жыхары вярталіся ў разбураны горад і разьлічвалі толькі на ўласныя сілы. То бок самастойна вырашалі жыльлёвыя праблемы, скідаючы цяжар кватэрнага пытаньня зь дзяржаўных структураў. Інтарэс горадабудаўнічых арганізацыяў да ласых кавалкаў асвоенай тэрыторыі пачаў выяўляцца на пачатку 1970-х. Жыхарам забаранілі пашырацца, прырастаць новымі памяшканьнямі, праводзіць капітальны рамонт. Праўда, пагрозы збольшага абмяжоўваліся размовамі, хоць кропкавае ўшчыльненьне і вялося.
Новы Генплян катэгарычны — паэтапная замена індывідуальнай забудовы на шматпавярховую. Закладзены памер кампэнсацыі не дазваляе пабудавацца нават у прыгарадзе, ня кажучы пра рысу гораду — 500 даляраў за квадратны мэтар. Нават з улікам абвалу рынку нерухомасьці забудоўшчыкі закладаюць суму ўдвая большую. Пераезд у спальны раён вымяраецца з разьліку — 15 квадратных мэтраў на чалавека або стандартная двухпакаёўка на сямʼю з трох чалавек. Можа, таму з 1478 чалавек, якія падпісаліся пад калектыўным зваротам, толькі 5 пагадзіліся на такі абмен. Найперш жыхары беспэрспэктыўных «халупаў», для якіх любы варыянт лепшы за цяперашні.
Жыхар 2-га Тыражнага завулку Алег Кучэрын у Сельгаспасёлку нарадзіўся, правёў усё жыцьцё і нікуды зьяжджаць не зьбіраецца. Свой надзел прыдбаў акурат 10 гадоў таму, зямля аформлена ў прыватную ўласнасьць, на што ёсьць дзяржаўны акт. Адказныя асобы запэўнівалі: жывіце спакойна, мінімум да 2030-га ніхто турбаваць ня будзе. Зыходзячы з гэтага, ставіў вялікі, дыхтоўны дом. Аднак неўзабаве пляны ўладаў зьмяніліся: раён усё ж ідзе пад знос, але забудова будзе кропкавая. Летась паправіліся яшчэ раз: да 2020 году на гэтай тэрыторыі маюць паўстаць 16 «высотак». Маёмасныя адносіны прапануецца ўладзіць, зыходзячы з названых сумаў. Алег Кучэрын памер кампэнсацыі называе зьдзекам і тлумачыць, які разьлік павінен быць насамрэч — з улікам арыгінальнага дызайну, сродкаў, укладзеных у падвядзеньне камунікацыяў:
«Які павінен быць парадак разьліку кампэнсацыі за дом, які зносіцца — калі кіравацца здаровым сэнсам, а ня проста жаданьнем прадаўца — гаспадара, уладальніка? Бяром сярэднюю цану за квадратны мэтар добрага жыльля ў навабудзе ў дадзеным раёне: парадку 1200–1300 даляраў за квадратны мэтар. Гэта цана без аддзелкі ў шматпавярховым доме, аддзелка дадаткова. У катэджных дамах плюсуецца дах, падмурак, камунікацыі, якія чалавек падводзіць сам. І гэта ўсё нашмат даражэй, чым падвесьці на адзін шматкватэрны дом. Так, я вёў цэнтральную каналізацыю — блізу 400 мэтраў — за ўласныя грошы. Немалыя грошы, будаўнікі ведаюць, колькі гэта каштуе. Адпаведна, трэба закласьці выдаткі прадаўца на падвядзеньне камунікацыяў — як унутраных, так і вонкавых. Як мінімум яшчэ 200–300 даляраў на квадратны мэтар. Ужо 1500. Аддзелка — індывідуальны момант, які мусіць вырашацца асобна ў кожным выпадку. Калі ў чалавека ляжыць мармуровая падлога, дарагі паркет, італьянская плітка — гэта адзін кошт. Калі лямінат і керамінаўская плітка (можа, і ня горшая, але каштуе іншых грошай), то цана зусім іншая. Адпаведна, з аддзелкай яшчэ 400–500 даляраў з улікам працы. У выніку — 2000 даляраў. Вось такая мінімальная цана, на мой погляд, павінна быць кампэнсацыяй за жыльлё, якое зносіцца».
Насельнікі Сельгаспасёлку ў сваім звароце адзначаюць, што пасьля развалу СССР агульнанародная ўласнасьць замацоўвалася за грамадзянамі шляхам прыватызацыі кватэраў і зямельных участкаў. І калі адносна прыватызацыі кватэраў інфармаваньне вялося належным чынам, бо кватэры трэба было зьняць з абслугоўваньня, то ўмовы для прыватызацыі зямельных надзелаў так і ня створаныя.
«Гэта дазволіла ўзгадаваць карупцыю і мафію ў галіне жыльлёвага будаўніцтва і прывяло да масавага арганізаванага зьнішчэньня маёмасьці грамадзянаў з мэтай завалодаць зямельнымі ўчасткамі для атрыманьня выгады», — пішуць зваротнікі ў сваім лісьце.
«Мы ўпэўненыя, што ніхто не надзелены паўнамоцтвамі пагаршаць нашы жыльлёвыя ўмовы, ніхто ня мае права распараджацца нашай маёмасьцю. У адпаведнасьці з артыкулам 67 закону „Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь“, у дачыненьні да зямельных участкаў закон ня мае зваротнай сілы», — настойваюць жыхары Сельгаспасёлку.
Аляксандар Пецярымаў з вуліцы Гало лічыць, што ўлады адпачатку ставяць людзей у такое становішча, каб тыя ня мелі магчымасьці для манэўру. Пры гэтым, як кажа суразмоўца, некаторыя аргумэнты ўладаў наконт «сацыяльнай справядлівасьці» не вытрымліваюць ніякай крытыкі:
«Цікавы і паказальны паварот чынавенскай сьвядомасьці. Нам апошнім часам усё часьцей кажуць, што нашы дамы нечаму там не адпавядаюць. Але хто-небудзь можа сказаць канкрэтна, якім патрабаваньням не адпавядае канкрэтна мой дом? Так, у сілу пэўных абставінаў ён сёньня недабудаваны, недароблены, бо я ня маю ніякай пэўнасьці, колькі яму наканавана прастаяць. Ці ёсьць гэта падставай, каб лічыць яго неадпаведным нейкім неагучаным стандартам? Прынамсі, нам зусім не зразумела, паводле якіх крытэраў усё гэта ацэньваецца.
Ці вось што яшчэ адбываецца, калі яны кажуць пра „сацыяльную справядлівасьць“. Адзін чыноўнік па тэлевізары кінуў такую фразу: няўжо сацыяльна справядліва, калі адзін грамадзянін займае некалькі сотак гарадзкой тэрыторыі, а жыхар высотнага дому — усяго пару квадратных мэтраў?
На гэта ў мяне ёсьць свае контраргумэнты: ці сацыяльна справядліва мець на тэрыторыі Менску дзясяткі гектараў, засеяных просам, грэчкай ды нейкімі іншымі культурамі? Гэта што, нармальна, калі гарадзкая тэрыторыя за кальцавой дарогай адводзіцца пад сельгаспалеткі? Я ўжо маўчу пра экалёгію ўздоўж перапоўненай транспартам трасы, пры якой гэта ўсё расьце. На тое чыноўнікі нічога адказаць ня могуць».
У праграме індывідуальнага жыльлёвага будаўніцтва Рэспублікі Беларусь да 2016 году адзначаецца: згодна з аналізам замежнай практыкі і дадзеных міжнароднай статыстыкі, у краінах з разьвітой рынкавай эканомікай абʼёмы прыватнай забудовы складаюць больш за 50% ад агульнага ўводу жыльля. Жыхары Сельгаспасёлку нагадваюць, што і падпісаны сёлета 23 лютага прэзыдэнцкі ўказ № 78 у пункце 5 прадпісвае Генэральнай пракуратуры і судам забясьпечыць безумоўнае і няўхільнае выкананьне гарантыяў абароны і забесьпячэньне недатыкальнасьці ўласнасьці, як прадугледжана Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь.
«Якім чынам замежная практыка, міжнародная статыстыка і Ваш указ № 78 стасуюцца са зносам прыватнага сэктара індывідуальнай забудовы?», — задаюць пытаньне Аляксандру Лукашэнку паўтары тысячы падпісантаў калектыўнага звароту.
Жыхарка Ўсходняга завулку Любоў Лебедзева спадзяецца ня столькі на здаровы сэнс чыноўнікаў, колькі на неспрыяльныя ўмовы ў эканоміцы. Цана нерухомасьці ўстойліва падае, насельніцтва абмежаванае ў сродках. Як вынік, чарга з інвэстараў, ахвотных рэалізаваць маштабны праект, не стаіць. Дый сам раён сярод забудоўшчыкаў за гэтыя гады праславіўся як «мяцежны»:
«Нам кажуць: пераяжджайце ў Лошыцу, пераяжджайце ў Фаніпаль. Вы ўвогуле з галавой сябруеце? Мы згодныя на тое, каб нам гораданачальнікі сказалі, што трэба пафарбаваць дамы ў адзін колер, прыбраць стары плот і паставіць новы. Нам хоць не дазваляюць разбудоўвацца, але ж плошчу ўсё роўна добраўпарадкуем, не на сьметніку ж жывём. Любыя правілы на добраўпарадкаваньне мы прымем, але пры адной умове: мы хочам жыць на сваёй зямлі, у сваіх дамах. Ня толькі мы, а каб тут жылі і нашы дзеці, і нашы ўнукі. Гэтаксама зьдзіўляе, як выбаркова падбіраюцца „ахвяры“ пад знос. Па дарозе да царквы на рагу вуліцы Гало некалькі гадоў таму зьнесьлі індывідуальны дом. Відаць, нейкі бізнэсовец выкупіў гэтую тэрыторыю, узьвёў на вызваленым месцы трохпавярховік і прадаў кватэры. То бок — адзін зьнесьлі і крыху большы паставілі. А ўвогуле калі разважаць, гэта колькі кватэраў трэба пабудаваць, каб забясьпечыць толькі адзін наш дом? Малодшы сын, старэйшы сын, у якога свайму сыну ўжо 20 гадоў. І мы ж тут такія не адны, дзе ў дамах вырасьлі і растуць некалькі пакаленьняў. І мы, і ўсе астатнія жыхары нашага пасёлку катэгарычна супраць зносу і перасяленьня».
Сельгаспасёлак забудоўваўся на падставе пастановы Савету міністраў БССР № 1381 «Аб праве грамадзянаў на куплю і будаўніцтва індывідуальных жылых дамоў» ад 5 кастрычніка 1948 году. Як вынікае з дакумэнту, адвод зямельных участкаў ажыцьцяўляўся ў бестэрміновае карыстаньне, то бок навечна. У адпаведнасьці зь дзейным заканадаўствам падставаў для абмежаваньня тэрміну карыстаньня надзеламі няма, паколькі з кожным забудоўшчыкам заключаная пэрсанальная дамова. Канфіскацыя ўчастка прадугледжана толькі ў выпадку грубага парушэньня будаўніча-тэхнічных нормаў і адмовы іх выпраўляць, скасаваньне пагадненьня адбываецца ў судовым парадку. На гэты момант юрыдычныя дакумэнты жыльцоў зацьверджаныя ў натарыяльных канторах і зьяўляюцца сапраўднымі. Такім чынам, робяць выснову падпісанты звароту да прэзыдэнта, уключэньне ўжо забудаванай індывідуальнымі дамамі тэрыторыі ў Генэральны плян Менску дзеля будаўніцтва іншых абʼектаў цалкам супрацьзаконнае.