Міністэрства гандлю абнавіла сьпіс фізычных і юрыдычных асобаў, якія імпартуюць у Беларусь небясьпечную і забароненую да ўвозу прадукцыю.
З трэцяга кварталу 2015 году па другі квартал 2016-га ў сьпіс трапілі 277 субʼектаў гаспадаркі і больш за 450 відаў тавараў. Сярод парушальнікаў — як гандлёвыя сеткі і буйныя крамы, у тым ліку менскі ЦУМ, так і індывідуальныя прадпрымальнікі.
Сярод забароненых тавараў — патэльні і імбрыкі, электраінструмэнт і драты, кнігі дзіцячых казак і маляванкі з Расеі, боты і шкарпэткі, ровары і бразготкі, адзеньне, парфума і нават балёнікі.
За парушэньне ўказу № 48 аб выкананьні тэхнічных рэглямэнтаў Міністэрства гандлю склала больш за 230 пратаколаў і спагнала штрафаў на 202 800 дэнамінаваных рублёў (больш за 101 тысячу даляраў).
Супраць указаў № 48 і № 222 ад пачатку году выступалі беларускія прадпрымальнікі, якія нават не выходзілі на працу больш за два месяцы. Спробы дыялёгу прадпрымальнікаў з уладамі прывялі да палягчэньня асобных умоваў працы, але не скасаваньня ўказаў.