Былы кіраўнік легендарнага «Белага легіёну» Сяргей Чыслаў у перадачы «Інтэрвію тыдня» разважае пра тое, якія беларусы ваююць па абодва бакі данбаскага канфлікту, распавядае, што ён ведае пра затрыманага добраахвотніка з нацысцкімі поглядамі Станіслава Ганчарова, і ўзгадвае, чаму ў 1996 годзе вайскоўцы так і не атрымалі загад ад кіраўніцтва Вярхоўнага Савету.
Сяргей Чыслаў (Бульба). Скончыў Менскае вышэйшае інжынэрнае зэнітна-ракетнае вучылішча ў 1989 годзе. Стаяў ля вытокаў Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў, адзін са стваральнікаў спартыўна-патрыятычнай арганізацыі «Белы легіён». Разам з Станіславам Суднікам выдаў у 1997 годзе «Расейска-беларускі вайсковы слоўнік». Некалькі разоў балятаваўся ў дэпутаты. Затрымліваўся спэцслужбамі, даходзіла да фізычнага катаваньня і пагрозаў закапаць у лесе. Афіцыйна зьмяніў прозьвішча на Бульба.
— Нашым чытачам, якія вас памятаюць, вы вядомыя перш за ўсё як кіраўнік легендарнага патрыятычнага абʼяднаньня «Белы легіён». Цяпер вы жывяце ва Ўкраіне. Як і чаму вы там апынуліся?
— Было шчырае спадзяваньне, што Майдан прынясе новую хвалю, раскрые патэнцыял Украіны. Прычым у мяне было разуменьне, што сама ўкраінская дзяржава даволі слабая, але грамадзянская супольнасьць, наадварот, вельмі моцная. Таму і ўзьнікла спадзяваньне, што Ўкраіна народзіць нейкі новы стыль кіраваньня. Я асабіста спадзяваўся, што Ўкраіна здолее вярнуцца да традыцыяў вечавых рэспублік — Наўгародзкай, Полацкай.
— То бок у вашым адʼезьдзе не было нейкіх абставінаў, якія вас выштурхнулі зь Беларусі — гэта было ваша добраахвотнае рашэньне?
— Кожнаму чалавеку патрэбная нейкая рэалізацыя. У Беларусі мяне ўвесь час перасьледавалі, у 1996-м прывезьлі ў лес, зьбілі і пагражалі закапаць. Пэрыядычна спрабавалі пасадзіць па надуманых абвінавачаньнях, апошні раз за выбух на Дзень Незалежнасьці, прадʼяўлялі артыкул да 10 гадоў пазбаўленьня волі. Калі я спрабаваў вылучацца на выбарах — мяне або здымалі па надуманых прычынах, або проста не рэгістравалі на самых раньніх этапах.
— Якую ролю ў гісторыі сучаснай Беларусі адыграў «Белы легіён»? Маладым людзям, магчыма, будзе незвычайна даведацца, што ў 90-я гады існавала арганізацыя, чальцы якой зьбіраліся ў лясах, гартаваліся фізычна, здавалі на сталёвыя бэрэты. Дарэчы, на вашу думку, ці магчыма нешта такое сёньня?
— Усё залежыць ад волі дзяржавы. Мы маглі стаць добрай базай для падрыхтоўкі будучых афіцэраў сілавых структураў усіх узроўняў. Мы на той час мелі магчымасьць для нармальнай дзейнасьці, многім з нашых выхаванцаў мы рэкамэндавалі паступаць у вайсковыя вучэльні, у міліцэйскую акадэмію. Але дзяржава паступова пачала нас выціскаць і прыдушваць. Мы маглі прынесьці дзяржаве значна болей карысьці, калі б было паразуменьне з боку ўлады.
Але ж дагэтуль служаць нашы выхаванцы, некаторыя ўжо палкоўнікі — нешта мы зрабілі для Радзімы. Бо для нас галоўнай задачай было выхаваньне патрыятычных асобаў, якія надалей могуць служыць дзяржаве.
— Дагэтуль застаюцца недагаворанасьці наконт пэўных крытычных момантаў сучаснай беларускай гісторыі. Напрыклад, канстытуцыйны крызіс 1996 году. Ці сапраўды тады былі афіцэры, якія заяўлялі пра гатоўнасьць выступіць на баку Вярхоўнага Савету ў ягоным процістаяньні з прэзыдэнтам?
— Некалькі палкоў чакалі толькі тэлеграмы ад Вярхоўнага Савету і гатовыя былі выступіць на яго абарону. У тым ліку і Марʼіна Горка. Але ў тых, хто стаяў тады на чале парлямэнту, — не хапіла ці то волі, ці то духу.
Я вельмі шкадую пра той пэрыяд, тады шанцы на перамогу былі вельмі рэальныя. У такіх сытуацыях рэй вядзе той, хто мае дух — і гэта не залежыць ад колькасьці зорак на пагонах.
Я тады як малодшы афіцэр быў прывучаны да субардынацыі, але мы былі гатовыя да рашучых дзеяньняў. Аднак мы чакалі каманды, ведаючы, што ёсьць генэрал Захаранка, палкоўнік Барадач. Мы разумелі, што трэба чакаць каманды і ісьці ў агульным рэчышчы. Але каманды мы не дачакаліся, і адбылося тое, што адбылося.
Некалькі палкоў чакалі толькі тэлеграмы ад Вярхоўнага Савету і гатовыя былі выступіць на яго абарону
— Калі перайсьці ад гісторыі да сучасных гарачых падзеяў, то я ведаю, што вы былі ў якасьці валянтэра ў Данбасе, у ваенных дзеяньнях удзелу не прымалі. Які ваш погляд на ўдзел беларусаў у гэтым канфлікце? Ці яны арганізаваныя ў нейкія адмысловыя беларускія структуры?
— Беларусы паўсюль застаюцца беларусамі. Я чуў пра спробы сабраць іх у асобны батальён. Але большасьць паасобку служыць у розных злучэньнях і не гарыць жаданьнем далучыць сябе да нейкага чыста беларускага аддзелу.
Аналізуючы сытуацыю, я скажу, што бок ДНР прадстаўлены беларусамі ў значна большай ступені. І там служаць людзі, значна больш падрыхтаваныя і прафэсійныя з гледзішча ваенных якасьцяў, досьведу. З украінскага боку ў асноўным ваююць шчырыя ідэалісты, які маюць разуменьне, што, баронячы Ўкраіну ад Расеі, — яны бароняць Беларусь ад Расеі.
У гэтым іхнія вялікія адрозьненьні. З таго, расейскага боку ў асноўным ваююць абсалютна не рэалізаваныя ў жыцьці людзі, якія ўсё страцілі і ня маюць чаго губляць. Яны пераважна і застаюцца там. А з украінскага боку — маладыя ідэалістычныя людзі, якія спадзяваліся выканаць задачу і вярнуцца на Радзіму, у Беларусь. Але апошнія падзеі цалкам перакрэсьліваюць такую магчымасьць.
— Тады акурат пра гэтыя «апошнія падзеі». Беларускія праваахоўныя органы затрымалі Станіслава Ганчарова, жыхара Віцебску, байца добраахвотніцкага ўкраінскага батальёну «Азоў», які ваяваў у Данбасе. Як высьветлілася, Ганчароў мае выразныя нацысцкія погляды — пра гэта сьведчыць і зьмест ягонай старонкі ў сацыяльнай сетцы, і татуіроўкі на ягоным целе. Ці вы што ведаеце пра гэтага чалавека? Наколькі гэты тыповы выпадак?
— Я багата чуў пра гэтага хлопца, сярод азоўцаў ён карыстаўся павагай. Але трэба разумець спэцыфіку гэтага злучэньня — яно было адразу створана зь людзей менавіта такой арыентацыі. Нават украінскія патрыёты ішлі туды з разуменьнем, што там «нацыкі зьбіраюцца». Але — чым фашыст горшы за камуніста, ці праваслаўнага, ці мусульманіна, якія гатовыя забіваць за сваю ідэю? Нічым. Чым адрозьніваюцца міліцыянты, якія зьбіваюць нявінных людзей у Беларусі, ад такога фашыста?
— Як бы вы ацанілі стаўленьне беларускай дзяржавы да добраахвотнікаў, якія ваююць з абодвух бакоў? Некаторыя апошнія працэсы ствараюць уражаньне, што стаўленьне тут не аднолькавае. Ці бачыце вы тут нейкую тэндэнцыю?
— Тэндэнцыя відавочная — прэсуюць беларускамоўных. Я б працягнуў гэтую думку — атакуюць і футбольных фанатаў, зачышчаюць менавіта беларускацэнтрычных і не кранаюць іншы бок.
Сытуацыя вельмі складаная. Расея падрыхтаваная да пэўных дзеяньняў у Беларусі значна глыбей, мае пэўныя сцэнары. Адзінае, што невядома — які сцэнар і калі будзе падключаны.