Сяргей Астравец прэзэнтуе кнігу «Саргасава мора»

26 кастрычніка аўтар Свабоды Сяргей Астравец прэзэнтуе ў Менску кнігу апавяданьняў і эсэ «Саргасава мора».

У імпрэзе, акрамя самога аўтара, возьмуць удзел літаратары Генрых Далідовіч, Леанід Дранько-Майсюк, Сяргей Дубавец, Анатоль Сідарэвіч, Міхась Скобла. Сьпявацьме Зьміцер Бартосік.

«Мая кніга — гэта гарадзкая проза з прысмакам Горадні. Апавяданьні і эсэ, якія ў яе ўвайшлі, я пісаў на працягу 15 гадоў гэтага стагодзьдзя. У кнізе 278 старонак. На іх — пачуцьці і думкі чалавека, які жыве ў горадзе, які часьцей за ўсё не называецца, але ўгадваецца. Чалавек ходзіць па горадзе, які, хоць і перабудаваны, але захоўвае свой гістарычны дух. Чалавек думае, згадвае гістарычных асобаў, якія жылі ў гэтым горадзе, зрабілі для яго нешта важнае. Ва ўнутраных маналёгах закранаюцца спрадвечныя беларускія пытаньні, сярод якіх гісторыя і сучаснасьць», — кажа Сяргей Астраўцоў.

«7 сантымэнтаў Сяргея Астраўца» — рэцэнзія на кнігу «Саргасава мора».

Сяргей Астравец нарадзіўся ў Менску. Выпускнік факультэту журналістыкі БДУ. Галоўны рэдактар альманаху «Новы замак». Аўтар кніг прозы, эсэ, зацемак, рэпартажаў. Жыве і працуе ў Горадні.

Прэзэнтацыя адбудзецца ў Літаратурным музэі Петруся Броўкі (вуліца Карла Маркса, 30). Пачатак а 18:00. Уваход вольны.