Расея робіць абарончыя захады ў адказ на ўзмацненьне НАТО каля межаў саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі, заявіў расейскі міністар абароны Сяргей Шайгу.
«На заходніх межах саюзнай дзяржавы ЗША і іншыя сябры НАТО актыўна нарошчваюць свой наступальны патэнцыял, адкрываючы новыя базы і разьвіваючы вайсковую інфраструктуру. Не спыняюцца спробы навязваць сваю волю іншым краінам з дапамогай эканамічнага і палітычнага дыктату, а таксама вайсковай сілы. Вядзецца адкрытая інфармацыйная вайна», — цытуе Інтэрфакс Шайгу, які выступіў у Менску на пасяджэньні сумеснай калегіі міністэрстваў абароны Расеі і Беларусі.
Паводле расейскага міністра, «гэтыя дзеяньні падрываюць стратэгічную стабільнасьць і вымушаюць Расею прымаць у адказ меры абарончага характару, у тым ліку на заходнім стратэгічным напрамку».
Сяргей Шайгу таксама заявіў, што на сумесных стратэгічных вучэньнях «Захад-2017» у верасьні наступнага году будзе ўлічана сытуацыя паблізу ад межаў саюзнай дзяржавы, зьвязаная з узмацненьнем актыўнасьці НАТО.
«Міжнародныя мэханізмы, закліканыя вырашаць крызісныя сытуацыі, прабуксоўваюць, а ачагі напружанасьці ўшчыльную наблізіліся да нашых межаў. З улікам існуючых міжпалітычных рэаліяў вялікая ўвага аддаецца пагадненьню аб сумеснай ахове зьнешняй мяжы саюзнай дзяржавы ў паветранай прасторы і стварэньні адзінай рэгіянальнай сыстэмы супрацьпаветранай абароны Беларусі і Расеі», — сказаў Шайгу.
Міністар абароны Беларусі Андрэй Раўкоў заявіў пра «поўнае паразуменьне, супадзеньне пазыцыяў і адзінства думак па ўсіх пытаньнях, якія абмяркоўваліся» з расейскім бокам.
Вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін у інтэрвію карэспандэнту Свабоды сказаў, што меры ў адказ, пра якія кажа Шайгу, ужо вядомыя.
«Расея рыхтуе так званы асымэтрычны адказ. Яна бярэ пад прыцэл тыя рэгіёны, базы, палігоны, на якіх будуць сканцэнтраваныя кантынгенты НАТО. Паколькі ў Беларусі з Расеяй адзіная абаронная прастора, мы саюзьнікі, Лукашэнка будзе вымушаны зрабіць нейкія захады. Я думаю, яны таксама будуць асымэтрычныя. Нездарма ён прысьпешваў ВПК з пастаноўкай на ўзбраеньне рэактыўных сыстэмаў „Палянэз“. Ён казаў, што яны павінны выклікаць страх у агрэсара і спыняць яго, каб ён не замахваўся на нашу тэрыторыю. Дальнасьць гэтых сыстэм — 200 км, і ўжо вядуцца распрацоўкі боепрыпасаў дальнасьцю 300 км. Гэта дазволіць з тэрыторыі Беларусі ўзяць пад прыцэл практычна ўсе месцы магчымага раскватараваньня ў краінах Балтыі кантынгентаў НАТО. І, як казаў расейскі амбасадар Сурыкаў, верагодна, што Расея паставіць Беларусі зэнітна-ракетныя комплексы С-400. Яны накрываюць усю тэрыторыю Балтыі і большую частку прылеглых раёнаў Польшчы. А ракеты могуць паражаць цэлі на адлегласьці каля 300 км, што дазволіць кантраляваць прастору нават над аэрадромамі краін Балтыі.
Я думаю, што перакідаць нейкія дадатковыя сілы да межаў Латвіі, Літвы і Польшчы Лукашэнка наўрад ці будзе. То бок ракетны адказ дазволіць яму яўна не дэманстраваць варожасьць да краін НАТО. І ў той жа час далажыць Расеі, што мы таксама рыхтуемся, адказ асымэтрычны ў нас гатовы. Таму будзе павялічана вытворчасьць рэактыўных сыстэм залпавага агню. І будзе ўкамплектавана, магчыма, не адна, а дзьве брыгады, што дазволіць падрыхтаваць 30–40 установак. Кожная зь іх мае 8 ракет, якія накрываюць 8 цэляў. Таму можна ўявіць, што любая групоўка, якая будзе на прылеглай тэрыторыі, будзе гарантавана зьнішчана ў выпадку вайны».
«Магчыма, на вучэньнях разыграюць сцэнар прэвэнтыўнага ўдару па групоўках НАТО»
Паводле Алесіна, Расея будзе імкнуцца ўцягнуць Беларусь у якія-небудзь манэўры на мяжы зь Літвой, Латвіяй і Польшчай. А Лукашэнка будзе імкнуцца ўсяляк дэманстраваць зьнешняе міралюбства на адрас Захаду.
А што меў на ўвазе Шайгу, калі казаў, што сытуацыя паблізу межаў саюзнай дзяржавы будзе ўлічана на сумесных стратэгічных вучэньнях «Захад-2017»?
«Гэта азначае, што ў легенду вучэньняў будзе ўнесена гэтая сытуацыя. То бок унясуць зьяўленьне дадатковых кантынгентаў НАТО на мяжы саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі. Я думаю, што наўпрост ня будуць канцэнтраваць войскі, каб градус варожасьці не падымаць. Але, магчыма, недзе далей, не на тэрыторыях, якія мяжуюць з краінамі Балтыі і Польшчы, разыграюць гэты сцэнар. Сцэнар прэвэнтыўнага ўдару па тых групоўках, якія НАТО да 2017 году павінна сканцэнтраваць у краінах Балтыі і Польшчы».