Супраць двух супрацоўнікаў менскай школы-інтэрнату Сьледчы камітэт распачаў крымінальныя справы «па фактах учыненьня злачынстваў супраць полавай недатыкальнасьці і полавай свабоды» адносна гадаванцаў установы. Што за дзеяньні гэта былі, у якім яны былі інтэрнаце і хто менавіта затрыманы, афіцыйна не паведамлялася.
Як сьцьвярджалі Tut.by і Onliner.by са спасылкамі на ўласныя крыніцы, гаворка ішла пра дапаможную школу-інтэрнат № 7. І, як піша Tut.by, затрымалі выхавальніка і рознарабочага, прычым другі быў выпускніком таго самага інтэрнату і даваў інтэрвію Tut.by у 2010 годзе.
У інтэрнаце выхоўваюцца больш як сто дзяцей з інтэлектуальнай недастатковасьцю і ў тым ліку множнымі псыхафізычнымі парушэньнямі.
Міліцыя тым часам таксама занялася «праверкай законнасьці выдаткаваньня спонсарскай дапамогі» ў менскім інтэрнаце № 7. Ці зьвязана гэта з затрыманьнямі, не паведамляецца. У камітэце адукацыі Менгарвыканкаму Tut.by адмовіліся казаць, ці адхілены ад працы дырэктар інтэрнату, але ў самой установе карэспандэнтам не далі зь ім сустрэцца: неназваная жанчына заявіла, што на час праверкі (якой — не сказала) яна выконвае абавязкі кіраўніка ўстановы.