Сьцісла:
- бяз флага абыдземся;
- штандар і харугва — баявы, ваярскі сьцяг;
- пратэса — сьцяг у рэлігійнай працэсіі;
- сьцяг — найбольш унівэрсальнае слова для асьвячонага сымбалізмам палотнішча на дрэўку. Дзяржаўны сьцяг, нацыянальны сьцяг.
Your browser doesn’t support HTML5
У 1991 годзе быў прыняты Закон Аб дзяржаўным сьцягу Рэспублікі Беларусь, крыху пазьней — Палажэньне Аб дзяржаўным сьцягу.
І нават дзяржаўны Стандарт “Сьцяг Дзяржаўны Рэспублікі Беларусь” № 911-91, які быў уступіў у сілу 1 красавіка 1992 году і рэглямэнтаваў прапорцыі, дакладны колер і тэхнічныя варункі вырабу сьцягоў:
Усюды слова сьцяг.
Скажаце: і што за дзіва?
Так, на дзіва, у афіцыйнай лексыкаграфіі пад грыфам Акадэміі навук дасюль асноўнае слова — флаг, якім перакладаюць такое самае расейскае слова. Паводле гэтых слоўнікаў, трэба казаць толькі “дзяржаўны флаг”. У дзяржаўных выдавецтвах сярод нешматлікіх беларускамоўных выданьняў пабачым, прыкладам, кнігу А.Басава ды І.Куркова "Флагi Беларусі ўчора і сёння" (пераклад з расейскай).
Тыя ж слоўнікі беларускае слова сьцяг перакладаюць на расейскую словам знамя. І хаця ў расейскай, у тым жа агульнавядомым слоўніку Ожагава, значэньні словаў флаг і знамя моцна падобныя, але государственный і национальный там можа быць толькі флаг. А боевое — толькі знамя.
Няўжо нашыя заканатворцы і проста творцы рабілі моўную памылку, кажучы пра нацыянальны і дзяржаўны сьцяг?
Пагоню не спыняе
Ня боль, ня кроў, ня страх.
І над крывіцкім краем
Як птах лунае сьцяг.
Наш бел-чырвона-белы,
Нябесны, вольны, смелы,
Наш бел-чырвона-белы,
Наш сьцяг, наш сьцяг, наш сьцяг...
Верш Уладзімера Някляева, музыка і сьпеў Зьмітра Вайцюшкевіча. Відавочна, тут слова сьцяг — у значэньні нацыянальнай сьвятыні.
А ў “Песьні зь Мінуўшчыны” Андруся Мельнікава для пазначэньня палотнішчаў на дрэўках — два словы:
Незалежнасьцi паходня
Ў нас i гонар, i сумленьне.
Пад харугвамi з Пагоняй,
Пад сьцягамi Адраджэньня.
Харугвы з Пагоняй, сьцягі Адраджэньня. Фактычна ўжытыя як сынонімы. Ці харугва розьніцца ад сьцягу?
Харужы мае быць са зброяй
Сучаснае расейскае значэньне слова хоругвь — царкоўнае палотнішча для шэсьця. Але для палотнішча на гарызантальнай пярэчцы, з выявамі сьвятых, беларуская народная мова ведае іншае слова — пратэса, пратэсьня, пратасея, часам таксама ў значэньні “хаўтурная харугва” (зафіксавана па ўсёй Беларусі, у тым ліку Ўсходняй — падкрэсьліваю гэта таму, што слова пратэса лацінізм, ад “працэсія”).
Пра харугвы кажа “Слова пра Ігараў паход”, напісанае, як мяркуюць прыхільнікі яго аўтэнтычнасьці, на старадаўнім северскім дыялекце (Чарнегаўшчына, Браншчына):
Чрьленъ стягъ, бѣла хорюговь, чрьлена чолка, сребрено стружїє — храброму Святьславличю!
Чырвоны сьцяг, белая харугаў (і далей чырвоная чолка — бунчук ды срэбранае стружжа — дзіда). Дарэчы, заўважма, якія колеры. А сьцяг і харугва тут, відавочна, сынонімы — гэта баявыя знакі.
І ў эпоху Вялікага Княства слова харугва мела некалькі значэньняў з галоўным — ‘баявы сьцяг’. Цытата з Статуту 1588 году — рыхтык як з ваярскага статуту:
...Харужы, гды будзе харýгаў дзяржаці, маець на сабе меці зброю...
Харужы — вайсковы сьцягоўнік (“сьцяганосец” па-цяперашняму афіцыйнаму) у старой Беларусі. Ці не такі харужы быў заснавальнікам роду Веры Харужай.
Другое значэньне слова харугва — ‘вайсковая адзінка’, роўная прыблізна кавалерыйскай роце (адпаведна і слова харужы набыло пазьней значэньне ‘камандзер харугвы’). Зрэшты, такую вайсковую адзінку называлі і сьцягам.
Штандар, штандар, Пагоня!
Пазьней у значэньні ‘баявы сьцяг’ пашырылася слова штандар. Менавіта словы “Штандар наш бел-чырвона-белы” гучаць у нацыянальным гімне “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”. Лягічна, бо напачатку гімн быў ваяцкім маршам.
Штандар з Пагоняй — таксама ваярскі — у песьні Сержука Сокалава-Воюша “Маналёг паўстанцкага каня”:
Цок, цок, цок, цок — вершнікі на конях.
Цок, цок, цок, цок — ты зважай, народ!
Цок, цок, цок, цок, і штандар з "Пагоняй"
Цок, цок, цок, цок, кліча ў паход!
Штандáр — даўні германізм, але мае лацінскі першакорань, ад ‘нацягваць, разгортваць’. У беларускай народнай мове слова штандáр мае таксама значэньне ‘апорны слуп будынку’ (паходзіць ад іншага германізму, але ў беларускай мове іх гучаньне супала). Цікава, што ў розных рэгіёнах Беларусі бытуе дзіцячая гульня ў штáндар, калі вядоўца высока падкідвае мячык, крычыць: Штандар, штандар! — і называе таго, хто павінен яго перахапіць.
Хто не пераняў — караецца ўмоўным расстрэлам (мячыкам). Такое сабе рэха пэрсанальнай адказнасьці штандаровага за сьцяг войска.
Сьцяг не здамо
Што ж да слова сьцяг, яно вельмі старажытнае, фіксуецца з ХІ ст. Яго лічаць пазычаным з скандынаўскага слова са значэньнем ‘дрэўка, шост’, але мо яно і спрадвечнаславянскае, бо ведаюць яго, скажам, харваты.
У гаворках слова сьцяг шматзначнае. Яно азначае таксама ‘абшар, пляц’ (сьцяг лугу), ‘рад, палоска’ (сьцяг дамоў). Гаравы сьцяг — тое, што па-расейску “горный хребет”. А яшчэ сьцяг — гэта мясная туша, успомнім слова сьцягно.
Але значэньне ‘нацыянальная сьвятыня’ прыцьміла ўсе іншыя дыялектныя значэньні слова сьцяг. Зьміцер Вайцюшкевіч, знакамітая “Беларуская песьня” Ўладзімера Караткевіча:
Ты — наш Край. Ты — чырвоная груша над дзедаўскім домам,
Лістападаўскіх зьнічак густых фасфарычная раць,
Ты — наш сьцяг, што нікому, нікому на сьвеце, нікому
Не дамо абсьмяяць, апаганіць, забыць ці мячом зваяваць.
Гарыць чырвоны флаг
Мае рацыю Ян Станкевіч, які перакладае наша слова сьцяг на расейскую абодвума словамі: і “знамя”, і “флаг”. Бо па-беларуску сказаць баявы сьцяг магчыма. Прыкладам, усе мы, былыя школьнікі, памятаем ваенную паэму Аркадзя Куляшова “Сьцяг брыгады”. Варта зноў паўтарыць, што сэмантычныя размежаваньні паміж беларускімі словамі часта не супадаюць з палямі значэньняў словаў расейскіх.
А вось культавых ці проста вядомых твораў пра флаг нешта я і не знайшоў. Акрамя спэцыфічнай байкі Кандрата Крапівы “Махальнік Іваноў”, дзе начальнік правярае стрэльбішча.
А тут раптоўна Шэф вярхом аднекуль — шасьць:
Цікава паглядзець, а як страляе часьць?
Ці вока вернае, ці цьвёрдая рука
Ў чырвонага стралка?
Зайгралі “пападзі”,
Гарыць чырвоны флаг.
Стралкі — на лінію.
Ляглі ўсе па упорах.
Вось выстраліў адзін,
Вось разам — пах-пах-пах!
I лезе ў нос, і дражніць востры пах
(Калісьці Шэф таксама нюхаў порах).
Слова флаг расейскі цар Пётра І занёс у Расею з Галяндыі. Слова flaga запазычылі і палякі — зь нямецкай мовы. Але маем рэдкі выпадак, калі ў народнай беларускай мове няма германізму, які маюць і польская, і расейская.
Расейская мова ведае слова стяг, але толькі ў паэтычных стылях. Ува ўкраінскай дзяржаўнае і нацыянальнае палотнішча завецца прапор, у літоўскай — vėliava. І, такім чынам, слова сьцяг у афіцыйным дзяржаўным значэньні — гэта нашая моўная адметнасьць ад усіх суседзяў.
А што з аднакаранёвымі да “флага” словамі? Для высокай рэйкі, на якой сьцяг уздымаюць, якая па-расейску (ізноў-такі зь нідэрляндзкае мовы) “флагшток”, укладальнікі Расейска-беларускага вайсковага слоўніка (1997), беларускамоўныя афіцэры падпалкоўнік Станіслаў Суднік і старэйшы лейтэнант Сяргей Чыслаў прапанавалі былі слова з народным коранем тронец — параўнай тронак рыдлёўкі ці лыжкі.
Падсумуем:
бяз флага абыдземся;
штандар і харугва — баявы, ваярскі сьцяг;
пратэса — сьцяг у рэлігійнай працэсіі;
сьцяг — найбольш унівэрсальнае слова для асьвячонага сымбалізмам палотнішча на дрэўку. Дзяржаўны сьцяг, нацыянальны сьцяг.