У судзе Віцебскага раёну 19 красавіка была разгледжаная справа васьмі жыхароў Віцебску, якіх абвінавацілі ў незаконным сходзе ў прыватнай кватэры, піша віцебская «Вясна».
Усе восем чалавек прызналі вінаватымі ў «парушэньні парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў» (ч.1 арт. 23.34 КаАП РБ). Аднаго аштрафавалі на 20 базавых велічыняў (490 рублёў), семярым толькі вынесьлі папярэджаньні, бо яны прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасьці ўпершыню.
Паводле «Вясны», падсудныя сабраліся на прыватнай тэрыторыі, каб проста «пагутарыць пра жыцьцё і космас ды папіць гарбаты», але ў кватэру зайшлі пяць «чалавек у цывільным», якія прад’явілі пасьведчаньні супрацоўнікаў Кастрычніцкага РАУС і даставілі васьмярых у РАУС для складаньня пратаколу.
Паводле сьведкі-міліцыянта Сяргея Вяраксы, яму прыйшло ананімнае паведамленьне ад жыхара дома аб тым, што ў кватэры рэгулярна зьбіраюцца людзі, якія «вызнаюць нейкую філязофію» — «Сынтэз Фа», і нібыта знайшоў на адным з сайтаў імёны тых, хто прысутнічаў на сходзе.
Затрыманыя адмаўлялі сваю прыналежнасьць да арганізацыі, а на сустрэчы ў кватэры «пасьпелі толькі абмеркаваць перамогу Домрачавай на этапе Кубку сьвету ды дакумэнтальны фільм, у якім Пуцін абяцаў паляцець на Марс». У 2016 годзе яны спрабавалі зарэгістраваць у Віцебску арганізацыю «Мэтагаляктычны цэнтар Віцебск», але ў рэгістрацыі ім адмовілі.
«Калі вы рэгістраваліся і вам адмовілі, дык навошта тады зьбірацца піць гарбату? Такая мая лёгіка», — зазначыў на судзе сьведка-міліцыянт Вяракса.
Беларускія законы не забараняюць наўпрост ні зьбірацца са знаёмымі на прыватнай тэрыторыі для такіх сустрэчаў, ні піць гарбату, ні абмяркоўваць жыцьцё, космас, Дар’ю Домрачаву або Ўладзіміра Пуціна на Марсе.
Але ў законе «Аб масавых мерапрыемствах» азначэньне «сходу» такое: «супольная прысутнасьць грамадзянаў у загадзя вызначаным месцы пад адкрытым небам або ў памяшканьні ў вызначаны час, якія сабраліся для калектыўнага абмеркаваньня і вырашэньня пытаньняў, што закранаюць іх інтарэсы». І на «супольную прысутнасьць» трэба падаваць заяву ў мясцовы выканаўчы або распарадчы орган, на тэрыторыі якога плянуецца сустрэча, не пазьней як за 15 дзён да яе.