Саветызмы ў беларускай мове больш заўважныя, калі яны яўна ідэалягізаваныя. Але сярод іх поўна і проста канцылярызмаў, неканечне ідэалягічных, якія можна і трэба замяняць словамі жывымі, натуральнымі. Часьцей за ўсё такія канцылярызмы маюць расейскія карані. Напрыклад, знамянальны, старшынствуючы, працаўладкаваньне. Пра гэтыя словы прынагодна.
Асабліва ж непаўторнае слова мерапрыемства. Бачу аб’яву:
Купальле — выдатная праява беларускага крэатыўнага духу, і вартыя пашаны ўсе, хто адрадзіў ды адраджае купальскія традыцыі, купальскую эстэтыку для новых пакаленьняў беларусаў.
Але пры слове мерапрыемства, як ты яго ні напішы, у сьвядомасьці паўстаюць не рамантычныя вобразы агню, дзяўчат зь вянкамі й хлапцоў — шукальнікаў Папараць-кветкі, а стол і за ім цётка зь ведамасьцю. А цяпер дык яшчэ і амонаўцы вакол.
Добра, што ў той аб’яве дробнымі літарамі расшыфроўваецца зьмест падзеі:
Вогнішча, варожбы, купальскія вянкі, карагоды, „Крупнік“, танцы… Чароўныя дзеі ў чароўны час!
Дзеі, дзея — вельмі дарэчная назва, яе варта ўжываць ня толькі ў тэатральнай тэрміналёгіі. Купальская дзея, прыкладам. Але не „мерапрыемства“.
Слова ў беларускай мове не было да 1920-х гадоў. Прычым заходнебеларуская традыцыя ня ведала яго, зьявілася яно ў БССР для апісаньня рэаліяў камунізму. Савецкі дасьледнік лексыкі беларускай савецкай мовы Арцём Баханькоў сьведчыць, што гэта калька (прасьцей кажучы, копія па кавалках) расейскага слова мероприятие.
І расейскія мовазнаўцы ня любяць мероприятия
Але і ўва ўсходніх суседзяў слова мероприятие цяпер мае неадназначную рэпутацыю.
У расейскай мове эпохі Даля гэтае слова было толькі пра дзеяньне: Мѣропрія́тіе ‘дѣйствіе того, кто принимаетъ какія-либо мѣры...’, напрыклад, „законодательное мероприятие“, „экономические и агрономические мероприятия“. І ўсё.
А вось ужо за бальшавіцкай уладай мероприятие стала абазначаць таксама ўсякі арганізаваны сход, а таксама і сьпеўкі, і канцэрт, і выставу, і тэатральную пастаноўку, якія ўжо ня мелі самастойнай каштоўнасьці, а дазваляліся толькі калі былі часткаю „принятия мер идеологического воздействия“.
У выніку слова набыло безразьмерную сэмантыку. Аўтарытэтны знаўца нормаў расейскае мовы Дзітмар Разэнталь прыводзіў яго як прыклад моўнага штампа:
К речевым штампам относят также универсальные слова, которые используются... в неопределенных значениях: вопрос, мероприятие, ряд, проводить, разворачивать, отдельный, определенный.
Але менавіта ў штампаваным савецкім значэньні слова мероприятие было скалькаванае ў БССР. І то не адразу прыжылося. Янка Купала, ужо ідэалягічна правільны, у змрочным 1935-м вымушаны быў пісаць разьвясёлыя прыпеўкі пра калгас, але слова мерапрыемства, нават каб гэтага патрабавалі камісары ад літаратуры, ня здолеў бы ўставіць у рытм, і ў вершыку засталася ідэалягічна няпэўная вечарынка:
Вечарынка у калгасе,
У „Чырвоным аратаю“, —
Прыйшлі Сьцёпкі, Пецькі, Васі,
Прыйшлі Зосі, Стасі, Касі,
I гармонік грае, грае…
Потым ужо ў калгасах былі толькі мерапрыемствы.
І ўсё адно найбольш адэкватна гэты штамп гучыць на мове арыгіналу. Што і засьведчыла незабыўная гераіня альбому НРМ “Дом культуры” Фэліцыя Францаўна, дырэктарка гэтага самага дому культуры ў эпічных Ёцавічах:
Фэліцыя Францаўна голасам Ганны Вольскай рашуча заяўляе: „Будзем правадзіць мерапрыяціе“. Папраўдзе — канцэрт.
За словам мерапрыемства можа хавацца сьвята, урачыстасьць, канцэрт, фэст, вечарына, зборка, вандроўка — па-беларуску называйма кожную падзею яе адметным імем.
Мера і захад
Расейскі выраз принять меры, ад якога і пайшло мероприятие, скалькаваны з францускага. А які будзе яму беларускі адпаведнік?
Слова мера, меры ў нас яшчэ з ВКЛаўскіх і даўнейшых часоў абазначае найперш вымярэньне.
А слова захады мае некалькі значэньняў, у тым ліку падзейнае. У Івана Насовіча захóды азначаюць ‘хлопоты, суета’. Гасьцей люблю, да заходаў кала іх не люблю. У літаратурнай мове ХХ ст. захады (заходы) — ‘меры, хлопоты’ (паводле клясычнага слоўніка Міколы Байкова і Сьцяпана Некрашэвіча). Teatr biełaruski stanowicca užo, dziakujučy zachodam i rupnaści dziadźki Ihnata Bujnickaho, na ćwiordyje padwaliny... — пісаў Вацлаў Ластоўскі ў „Нашай Ніве“ 1910 году.
Па-беларуску лепш сказаць прымаць захады, браць захады для нечага. Беларускае слова захад адпавядае расейскаму „мероприятию”, „мере“ ў значэньні пэўнага кроку для дасягненьня мэты. „…Прафесар Аляксей Дайнека: «Нам гэты захад [незабыўны 30%-ны збор пры куплі валюты. — В.В.] у найбліжэйшай будучыні, думаю, не спатрэбіцца, паколькі сваю функцыю выканаў“, — вельмі дарэчы ўжывае слова захад газэта „Звязда“.
Сьвяточнасьць і праздность
А Купальле — вядома ж, сьвята. На Купальле не праводзяць мерапрыемства, а сьвяткуюць, купаляць. Цікавы кантраст матывацыі назвы. Беларускае слова з коранем сьвят-. Расейскае праздник — аднакаранёвае з царкоўнаславянізмам праздный, г. зн. ‘парожні, пусты’.
Беларускае разуменне сьвята па-свойму ілюструе купальская песьня:
Сягоньня ў нас Купала!
То-то-то! (рэфрэн паўтараецца)
Ня дзеўка агонь клала,
Сам Бог агонь раскладаў,
Ўсіх сьвятых да сябе зваў.
Звала Купала Ільлю:
— Ты прыйдзі ка мне, Ільля,
Ты прыдзі на Купальля!
— Няма часу, Купала:
Гэтай ночкай мне ня спаць —
Трэба жыта пільнаваць,
Каб зьмяя не ламала,
Карэньняў не капала…
(Песьня выконваецца пад шалёны карагод. Яна была папулярная ў Беларускай Майстроўні). Сьвятасьць і сьвяточнасьць у нашых продкаў дзівосным чынам спалучала дахрысьціянскую Купалу і чараду хрысьціянскіх сьвятых на чале з Ільлём.
Янка Купала б не пярэчыў
Часам у агульным значэньні грамадзка-сьвяточнай падзеі ўжываюць слова імпрэза. Яно з паходжаньня лацінскае, у старабеларускай мове азначала задуму, нейкае пачынаньне; імпрэзаю была, скажам, помста некаму. Сучаснае значэньне слова імпрэза як ‘арганізаваная, як правіла, культурная ці спартовая падзея; забава; прыём’ узятае з польскае мовы.
Затое апошнім часам добра пашыраецца іншы лацінізм: ёмістае слова фэст. Пэдагагічны фэст, Крылаты фэст — сьвята цывільнай авіяцыі, дарэчы, у тым самым Музэі народнай архітэктуры і побыту, нават Брэст джып фэст. І, вядома, Дударскі фэст:
Стары Ольса, мэлёдыя з Полацкага сшытку
Перш фэст азначаў сьвята царкоўнае ці касьцёльнае ў гонар адпаведнага сьвятога, але ў народным ужытку слова перайшло на ўсякае сьвята з кірмашамі й пагулянкамі.
Дарэчы, у гэтую пару сонцавароту і традыцыйна адзначаецца Купальле, і нарадзіўся — 135 гадоў таму — Янка Купала, які таму і ўзяў сабе такі псэўданім.
Творча, прыгожа, дакладна з моўнага гледзішча назвалі ўжо традыцыйнае сьвята: Купалаў фэст. Чарговы пройдзе 9 ліпеня ў Радашкавічах з нагоды двух юбілеяў. 570-годзьдзя парафіі Святой Тройцы і 135-годзьдзя Янкі Купалы, а ён там быў ахрышчаны. Арганізатары Купалавага фэсту — парафія і Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы. Зьвернем увагу, што ў назьве ўжыты прыналежны прыметнік: Купала — чый? Купалаў, форма, незаслужана забытая праз савецкую моўную рэглямэнтацыю.
А Купалаў фэст — дарэчная назва. Ані Купалу, ані нам ня трэба мерапрыемстваў.
Падсумуйма.
Рас. мероприятие ў значэньні ‘крок для дасягненьня мэты’ — бел. захад.
Рас. мероприятие ў значэньні ‘арганізаваная публічная падзея’ перадаецца беларускімі назвамі канкрэтных відаў падзеяў: сьвята, урачыстасьць, канцэрт, фэст, вечарына, зборка, вандроўка, ды хоць бы і карпаратыў.
Напрыклад, рас. торжественное мероприятие адпавядае беларускай урачыстасьці.