З надыходам раньняй і сухой вясны рэгіёны Беларусі ахінуліся дымам пажараў. Увесну, асабліва ў вёсках, беларусы традыцыйна паляць сухую траву, хоць эколягі і ўлады гэта забараняюць.
Першыя пажары на Гомельшчыне ўсчаліся яшчэ ў лютым. У сакавіку гэта ўжо стала своеасаблівай эпідэміяй, прычым па ўсёй Беларусі.
Ратавальнікі Міністэрства надзвычайных сытуацыяў зафіксавалі па ўсёй краіне каля 2 тысяч пажараў травы й кустоўя. На падпалах загінулі 9 чалавек, больш як дзясятак — траўмаваныя. Зьнішчана альбо пашкоджана 35 жылых дамоў і блізу сотні гаспадарчых пабудоваў.
У вёсцы Неглюбка Веткаўскага раёну 42-гадовы мужчына прыбіраў нападпітку сваю сядзібу, разьвеў вогнішча і прылёг адпачыць. Агонь перакінуўся на сухую траву і на прыбіральшчыка. Стары бацька выцягнуў сына з агню, але той ня выжыў — памёр у шпіталі ад моцных апёкаў.
Па зьвестках ратавальнікаў МНС, толькі 18 сакавіка пры падпалах сухой травы загінулі пэнсіянэры ў Маларыцкім, Івейскім, Талачынскім раёнах.
Прадстаўнік рэгіянальнай управы Міністэрства надзвычайных сытуацыяў кажа, што людзі старэйшага веку часьцей гінуць на такіх пажарах, бо ратавальнікаў не выклікаюць да апошняга, а стараюцца даць рады агню самі:
«Самі паляць і самі гінуць, асабліва бабулькі ва ўзросьце. У большасьці, калі ўжо разгараецца, у іх пачынаюцца сардэчныя прыступы і ўсё такое. Падаюць, а пасьля ў гэтай траве і абгараюць. Ад старасьці сэрца не вытрымлівае, калі бачаць, што дом запалаў, трацяць прытомнасьць, падаюць, абпальваюцца і гінуць».
Ад старасьці сэрца не вытрымлівае, калі бачаць, што дом запалаў, трацяць прытомнасьць, падаюць, абпальваюцца і гінуць
Падпаламі сухой расьліннасьці беларусы нярэдка імкнуцца зрабіць парадак на сваім лапіку зямлі. Многія перакананыя, што праз гэта яшчэ й атрымаюць на сваім палетку лепшы травастой альбо ўраджай.
Гомельскі эколяг Дзяніс тлумачыць:
«Насамрэч гэта прыводзіць да замаруджваньня разьвіцьця травастою, зьменьвае яго флярыстычны склад, зьбядняе расьлінныя асацыяцыі. Навакольнаму асяродзьдзю наносіцца непапраўная шкода — для насякомых і дробных жывёлін. Месцы аселасьці птушак вынішчаюцца, іх гнёзды».
Навукоўцы-біёлягі абвяргаюць і распаўсюджаную думку, што пасьля выпальваньня зямля лепей родзіць:
«Той попел, якія ўтвараецца пасьля згараньня сухой травы, не пераадолее шкоду, нанесеную тэмпэратурай мікраарганізмам, якія знаходзяцца ў глебе і прымаюць удзел у фэрмэнтатыўных працэсах. Гэта яе дыханьне. Як кроў нясе арганізму карысныя элемэнты, так глебе яе даюць мікраарганізмы. А мы іх — высокай тэмпэратурай, так бы мовіць, гарачым жалезам выпальваем».
Не дае карысьці выпальваньне ні поплаву, ні полю:
«Тэмпэратура, якая ўзьнікае пры падпалах, адмоўна адбіваецца на біялягічных паказьніках глебы, менавіта па наяўнасьці мікраарганізмаў. Зьмяншаецца яе ўрадлівасьць. Глеба — яна жывая, гэта не пустая зямля. У ёй багата разнастайных мікраарганізмаў, насякомых. У іх свая функцыя ў біялягічнай разнастайнасьці».
У агні гіне ўсё жывое, гараць хаты й пабудовы. Нярэдка гінуць і людзі. Тым ня менш кожнай вясной беларусы ўсё чыркаюць запалкамі і запальнічкамі і распальваюць агонь, які нішчыць прыроду, маёмасьць дый саміх падпальшчыкаў.