На канцэрт на #БНР100 запрасілі Саладуху. Яны гэта сур’ёзна?

Аляксандар Саладуха, архіўнае фота

Склад выступоўцаў менскага «Сьвята незалежнасьці», што пройдзе 25 сакавіка ля Опэрнага тэатру ад 14-й да 19-й гадзіны, пакуль толькі папярэдні. Некаторыя выканаўцы далі згоду, зь некаторымі ідуць перамовы, нехта яшчэ ня ўпэўнены, ці зможа выступіць, хоць хоча.

Як расказаў Свабодзе арганізатар музычнай часткі «Сьвята незалежнасьці» Ўладзімер Плавінскі, на сёньня статус запрашэньняў такі:

Лявон Вольскі «вельмі хоча быць», кажа Плавінскі, але ў яго на 25 сакавіка даўно быў заплянаваны канцэрт у польскім Беластоку на афіцыйным мерапрыемстве, які вельмі цяжка перанесьці. Аргкамітэт спадзяецца, што Вольскі будзе на менскім канцэрце, але магчыма нават, што Вольскаму давядзецца выступаць у адзін дзень у дзьвюх краінах. Ці выступіць Вольскі адзін, ці з электрычным складам «Крамбамбулі», ці з тым складам, зь якім граў сольныя альбомы, пакуль невядома.

Сяргей Міхалок (гурты Brutto і «Ляпіс-98») запрошаны на канцэрт, але 25 сакавіка мае даўно заплянаваны канцэрт у Мазыры. «Пакуль у арганізатараў не атрымалася зь ім дамовіцца», — кажа Плавінскі.

«Крама» пагадзілася на выступ. Ігар Варашкевіч на канцэрце 4 сакавіка ўпэўнена казаў, што выступіць на сьвяце.

Dzieciuki дакладна зьбіраюцца выступіць.

Neruo Dubel, напэўна, выступіць. «Вядуцца перамовы, ёсьць пытаньні, але, хутчэй за ўсё, таксама будзе», — тлумачыць Плавінскі.

Amaroka дакладна зьбіраецца выступіць, але ці поўным складам, ці малым з акустычнай праграмай, пакуль невядома. Гурт толькі нядаўна адрадзіўся пасьля «творчага перапынку», які доўжыўся зь сярэдзіны 2016 году.

J:Морс «імаверна будзе, але таксама яшчэ пад пытаньнем».

Пётра Клюеў з гурту «ЛСП» дакладна зьбіраецца выступіць.

Akute ужо мае заплянаваны канцэрт у Магілёве ўвечары 25 сакавіка, але, верагодна, пасьпее выступіць у той жа дзень у Менску на пачатку канцэрту.

Аляксандар Саладуха запрошаны, але пакуль невядома, ці зьбіраецца выступіць. «Хай гэта пакуль будзе жартам, а там паглядзім, як што, — разважае Плавінскі. — Калі зьвяжамся зь ім больш грунтоўна, будзе асобная навіна».

Абноўлена: Саладухі ня будзе. Ён спачатку заявіў БелаПАН, што ўдакладніць у міліцыі, ці санкцыянаванае мерапрыемства (а яно афіцыйна дазволенае). «Калі так, то можна працаваць», — казаў Саладуха. Ён удакладніў, што калі стане выступаць, то сьпяваць будзе па-расейску. Пазьней ён сказаў «Эўрарадыё», што «зьвязаўся зь людзьмі, якія сказалі, што ня трэба там быць». Кім былі гэтыя людзі, ён адмовіўся казаць.

«Запрасіць мы зможам і Ірыну Дарафееву, — сьмяецца Плавінскі. — Мы хочам ахапіць максымум насельніцтва, каб былі ня толькі „генэралы айчыннага року“, але і тыя, каго слухае моладзь, далёкая ад рок-музыкі. Каб было ўсім цікава, каб быў сапраўдны сьвяточны канцэрт, а не такая вузканакіраваная акцыя».

***

Мітынг-канцэрт у гонар сотай гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі быў санкцыянаваны гарадзкімі ўладамі, ён мае пачацца а 14-й гадзіне на плошчы Парыскай камуны (збор а 13-й). Паводле арганізатараў, гарадзкія ўлады дазволілі выкарыстоўваць бел-чырвона-белыя сьцягі.

На канцэрт і мітынг вядзецца народны збор грошай: на Talaka.by ужо сабралі 62% неабходнай сумы, таксама грошы зьбіраюць іншымі шляхамі. Арганізатары шукаюць спонсараў сярод камэрцыйных кампаніяў, першым такім спонсарам стала мэблевая фірма «Цесьляры» Зьмітра Дашкевіча.

Раней гарадзкія ўлады адхілілі заяўку, якая прадугледжвала сьвяточнае шэсьце ад плошчы Якуба Коласа. Перад тым, як пагадзіцца на новую заяўку з толькі канцэртам і бяз шэсьця, у аргкамітэце былі гарачыя дыскусіі. Частка чальцоў выступала за абавязковае традыцыйнае шэсьце. Арганізацыяй шэсьця цяпер будзе займацца частка аргкамітэту (у тым ліку Мікола Статкевіч), пакуль другая частка будзе ладзіць мітынг-канцэрт (кіраўніком гэтай часткі прызначылі Паўла Белавуса).

Усё пра гісторыю БНР і сьвяткаваньне 100-годзьдзя БНР на Радыё Свабода >>

Падарожжа ў БНР на Радыё Свабода >>