Звыш 2 кіляграмаў кожны асобнік, паўтысячы старонак, больш за тры сотні творцаў, наглядныя ўзоры тэхнічных дасягненьняў і абʼекты матэрыяльнай культуры. Беларускі саюз дызайнэраў прадставіў вынік пяцігадовай працы — ілюстраваны даведнік «Тутэйшы дызайн. Асобы. Рэчы».
У афіцыйным дазволе на друк калектыўная праца значыцца як «даведнік», але аўтары перакананыя: іх высілкі цягнуць на паўнавартасны мастацкі альбом. Найперш, у выданьні прадстаўленыя рэпрадукцыі работ вядомых архітэктараў, дызайнэраў, мастакоў, скульптараў, фатографаў, а таксама біяграфічныя зьвесткі пра аўтараў. Па-другое, частка амаль што кожнага развароту ў альфабэтным парадку аддадзеная «рэчам беларускім» — найбольш характэрным прадметам побыту, створаным у розныя часы на тэрыторыі Беларусі.
Слоўнік матэрыяльнай культуры
Складальнік каталёгу, старшыня Беларускага саюзу дызайнэраў Зьміцер Сурскі ва ўступным артыкуле піша, чым, на яго погляд, адметны і каштоўны дадзены праект.
Маштабнасьць. Гэта адна з найбольш ёмістых анталёгій беларускай рэчаіснасьці з праекцыяй на мінулае, складзеная з дасьціпных эсэ і арыгінальных ілюстрацый — як падмурак для будучага музэю дызайну.
Зьмест. Прадстаўленыя ўсе кірункі дызайну, якія ёсьць у Беларусі, у асобах аўтараў, якія імі займаюцца — ад спрактыкаваных майстроў да амбітных пачаткоўцаў. Упершыню ў беларускай гістарыяграфіі па-новаму ўзьнятая тэма матэрыяльнай спадчыны, зьвязаная з простымі рэчамі для звычайных патрэбаў тутэйшага люду. Тое рэчавае асяродзьдзе хоць і страціла першапачатковыя функцыі, але засталося носьбітам традыцыі, мэнтальнасьці і культурнай ідэнтычнасьці.
Форма. Якасны дызайн як паказьнік статуснасьці. Адлюстраваная рэальная карціна прафэсіі па-за дзяржаўнымі інтарэсамі, якая існуе самадастаткова і, насуперак усяму, выглядае даволі прывабна.
Як расказаў Зьміцер Сурскі ў інтэрвію Радыё Свабода, рэалізацыя праекту — прыклад удалага карпаратыўнага краўдфандынгу. Спачатку «скінуліся» будучыя героі альбома, а калі стала зразумела, што на годнае выданьне добрым накладам сродкаў усё адно ня хопіць, пачалі падключаць спонсараў. На дзіва, тыя адгукнуліся досыць актыўна:
«Альбом кампанаваўся цягам апошніх 4–5 гадоў. Як часта здараецца, найцяжэй аказалася усіх сабраць і сыстэматызаваць. Спачатку бачылася, што кантэнт будзе складацца толькі з аўтарскіх старонак. А калі ўжо пачалі ўсё раскладаць, заўважылі, што нашы героі адзін аднаму, скажам так, замінаюць. Пачалі думаць, чым іх разбавіць, якія зрабіць перабіўкі. Магчыма, нейкі тэкст, дакумэнты, фрагмэнты старых газэт ці нешта яшчэ. Але згадалі, што гадоў дзесяць таму падрыхтавалі заяўку на праект „Беларуская рэчаіснасьць“, зьвязаны якраз з рэчамі, дызайнам, матэрыяльнай культурай. Адпаведна, падумалі, чаму б не паспрабаваць спалучыць адно з адным? І вось такім чынам удзельнікі сталі лякаматывам для такой некамэрцыйнай справы, як слоўнік матэрыяльнай культуры».
Паралельна выкрышталізавалася і адукацыйная місія — распавесьці ў альфабэтным парадку пра рэчы, безь якіх у свой час нельга было ўявіць жыцьцё: ад абцугоў і «балвана» да рондаля і цэшкі. Сёньня сутнасьць і функцыянальнае прызначэньне некаторых зь іх даводзіцца тлумачыць праз слоўнік.
«Гэта своеасаблівы ілюстраваны слоўнік. Па-першае, адбіралі рэчы, якія нас зацікавілі — па форме, па функцыях, па якасьцях. Па-другое, ёсьць вельмі прыгожыя, непаўторныя іх беларускія назвы: даволі дзівосныя, рэдкія, нешта адкапалі ў Ластоўскага. У выніку выйшаў неблагі слоўнік, упершыню зроблены ў падобным фармаце. І гэта толькі пачатак, мяркуем працягваць і пашыраць. Кніга — не канцавая мэта, а візытоўка вялікага інтэрнэт-праекту, да якога могуць далучацца новыя „гульцы“, да якога мы самі будзем дадаваць нейкія рэчы. Бо ідэя прадэманстраваць нашу ідэнтычнасьць, зрабіць гэта на роднай мове дапамагла прыцягнуць генэральных спонсараў, якія пранікнуліся задумай. Ну чаго сам па сабе варты чарговы каталёг? Але калі я прапанаваў такі падыход людзям, якія не адзін год з намі працуюць і маюць давер, усё склалася ў патрэбны пазл».
Сымбіёз архаічнага і індустрыяльнага
Каму, як не дызайнэрам, дыктаваць моду ва ўсіх сфэрах жыцьця? Таму нічога дзіўнага, што альбом атрымаўся па-мастацку густоўны і збалянсаваны — з вытрыманай «экалягічнай» вокладкай і насычаным унутраным зьместам:
«Творцаў, удзельнікаў праекту — больш за 300. Не было ніякага абмежавальнага цэнзу, разглядалі ўсе цікавыя і годныя прапановы. Дый людзі самі адказныя, ведаюць, што сабой уяўляюць, ведаюць сабе цану. Перадусім сябры нашага саюзу, але таксама чальцы Саюзу мастакоў, дызайнэры-практыкі. Самыя розныя спэцыялісты, і, як я лічу, для „простых рэчаў“ фон вельмі ўдалы. Гэта з аднаго боку. Зь іншага боку, рэчы адцяняюць сучасную ідэнтычнасьць: некалі былі ўзоры такога кшталту, а сёньня пануюць новыя формы, якія ствараюць і маладыя аўтары, і старэйшыя творцы. Гэта тое, што, у сваю чаргу, павінна захавацца для наступных пакаленьняў. Беларусь ня толькі архаічная, але і індустрыяльная. Вось на такім спалучэньні ўсё збудавана».
Зьміцер Сурскі прызнаецца, што на самым пачатку абмеркаваньня ня ўсе ягоныя калегі з энтузіязмам адгукнуліся на ідэю інтэграваць традыцыі і сучаснасьць. Але канчатковы плён супольных намаганьняў павінен паказаць, што тыя засьцярогі былі лішнія:
«Некаторыя блізкія сябры былі нават абураныя: маўляў, ня трэба ўсё зьмешваць у адно, людзей трэба даваць асобна, рэчы — асобна. Зрабілі б каталёг для аўтараў, дый хапіла б. То бок хтосьці адназначна падтрымліваў, іншыя выказвалі сумнеў, што, можа, урэшце і будзе хораша, але ўсё роўна досыць рызыкоўна. Насамрэч гэта першы крок, мы не прэтэндуем на нейкую навуковасьць, як зрабілі — так і ёсьць. Магчыма, даволі субʼектыўна. Канчатковае рашэньне прымаў я, бо лічу, што маю дастаткова досьведу, усё ж агулам зроблена больш за 25 кніг, альманах „PRO Дызайн“, розныя каталёгі. У выніку прыняў валявое рашэньне, зрабіўшы так, як мне бачылася. Натуральна, пры падтрымцы бальшыні».
Нестандартную форму злучэньня старога і новага прапанаваў калега, якога, словамі спадара Сурскага, «не надоўга хапіла». Але ўжо першыя ягоныя скетчы пацьвердзілі, што такім чынам можна рухацца і далей. Пасьля эстафэту падхапіў вядомы крэатыўшчык Андрэй Дашкевіч, дзякуючы якому альбом увабраў у сябе функцыі слоўніка.
Пад вокладкай — вялізная колькасьць пазнавальных асобаў, якія даўно асацыююцца з палётам канцэптуальнай думкі: мэтар галіны, архітэктар Ігар Герасіменка, майстар мэдальернага мастацтва Леў Талбузін, плякатыст Уладзімер Цэсьлер, фэшн-дызайнэр Іван Айплатаў, распрацоўнік эксклюзіўнай мотатэхнікі Юры Шыф, манумэнтальны мастак Сяргей Грыневіч, этнадызайнэр Валянціна Лойка, канцэптуальны дызайнэр Уладзімер Голубеў, дызайнэр інтэрʼераў Аляксандра Баярына, сёстры-мастачкі Кацярына Сумарава і Дарʼя Сумарава-Копач, майстар пэрформансаў Алесь Пушкін і яшчэ тры сотні прадстаўнікоў беларускага дызайнэрскага мастацтва.