Берасьцейскага вэтэрана-«аўганца» Аляксандра Сахарука, які ўзьняў 9 траўня бел-чырвона-белы сьцяг у часе шэсьця, адпусьцілі з ізалятара часовага ўтрыманьня.
Як сказаў Свабодзе Аляксандар Сахарук, ён не выключае, што будзе пакараны:
«Справа яшчэ не завершаная, мяне проста адпусьцілі. Яшчэ будзе праверка, справа будзе разьвівацца. Сказалі, што ня факт, што будуць судзіць, але будуць нешта правяраць. Таму і ня выключана, што я ня буду пакараны.
Я казаў таварышам міліцыянтам, што сьцяг я купіў законна, дэманстрацыя была законная, і я ўзьняў сьцяг законна. Быў у канцы калёны — прапусьціў усіх, каб не ствараць перашкодаў асноўнай афіцыйнай калёне, і ў канцы крыху прайшоў са сьцягам. Таму лічу, што закону не парушаў. Але ў нас затрымліваюць за ўсё ўжо...
Міліцыянты — служакі. Але яны не разумеюць, чаму я гэта зрабіў. Некаторыя задавалі гэтае пытаньне. Я ім казаў, што пад бел-чырвона-белым сьцягам не было кантрактаў, не было дэкрэтаў, мы былі свабоднымі. Але яны гэтага ня могуць зразумець, бо яны служакі. Яны служаць уладзе, а народ у іх на другім пляне, калі не на апошнім...» — кажа Аляксандар.
Вэтэран вайны ў Аўганістане кажа, што ў 1996 годзе на рэфэрэндуме ён галасаваў супраць бел-чырвона-белага сьцяга, аднак шмат гадоў таму яго стаўленьне зьмянілася:
«Больш за 10 гадоў я ўжо не надзяваў сваю баявую ўзнагароду — мэдаль „За адвагу“. За гэты час адбылося шмат зьменаў у горшы бок для простых людзей. І я выйшаў паказаць, што гэтыя дэкрэты, якімі нас абклала ўлада, іх трэба адмяняць. Пад бел-чырвона-белым сьцягам гэтых дэкрэтаў не было. І верыцца, што надалей, калі будзе гэты сьцяг у нас у краіне, іх таксама ня будзе. Таму я вырашыў выйсьці зь бел-чырвона-белым сьцягам. І яшчэ адзін момант — у 1996 годзе я галасаваў (на рэфэрэндуме. — РС) за адмену бел-чырвона-белага сьцяга, каб быў зялёна-чырвоны. Цяпер сваім учынкам я адклікаю свой подпіс. Мой сьцяг — бел-чырвона-белы».
Аляксандар Сахарук кажа, што яму прыкра, што дзяржава мала ўвагі ўдзяляе вэтэранам-«аўганцам», і найперш бачыць падтрымку для праўладных афіцэрскіх арганізацыяў:
«Ні ў якія вэтэранскія арганізацыі я не ўваходжу, асабліва гэтыя афіцэрскія. Мне было б бліжэй, каб была створаная арганізацыя сярод салдат тэрміновай службы, якая б адстойвала інтарэсы працоўных. А гэтыя ўсе афіцэры маюць пэнсіі, даплаты за Аўганістан. Яны пляскаюць у ладкі ўладзе, што ў іх усё добра, плюс пры працы, пры пасадах. Што маю я? Я ня маю нічога практычна. І працы няма, усё зачыняецца».
Маглі б пасадзіць на суткі, і, магчыма, яшчэ пасадзяць, але я не баюся. Я і ў горшых сытуацыях быў і выжыў
Спадар Аляксандар кажа, што не баіцца рэпрэсіяў і гатовы нават да зьняволеньня:
«Салдаты нашы ўсе запалоханыя, у тым ліку і „аўганцы“. Няма з кім і ў выведку пайсьці. Грамадзтва вельмі запалоханае. Я проста стаміўся баяцца. Колькі можна? Маглі б пасадзіць на суткі, і, магчыма, яшчэ пасадзяць, але я не баюся. Я і ў горшых сытуацыях быў і выжыў. Ня буду баяцца».
Аляксандар Сахарук служыў тэрміновую службу ў Аўганістане ў 1980-х гадах. Даслужыўся да сяржанта, камандаваў аддзяленьнем інжынэрнай выведкі. Мае баявую ўзнагароду — мэдаль «За адвагу» — за пасьпяховае выкананьне апэрацыі ў 1984 годзе ў Аўганістане.
9 траўня Аляксандар Сахарук быў затрыманы ў Берасьці, калі ў часе афіцыйнага шэсьця ў гонар Дня Перамогі ўзьняў бел-чырвона-белы сьцяг. Больш за суткі ён правёў у ізалятары часовага ўтрыманьня.