Грамадзкі актывіст з Баранавічаў Рыгор Грык пакараны штрафам у 40 базавых велічыняў (8,4 мільёна рублёў) за ўдзел у акцыі прадпрымальнікаў у Менску 28 лютага.
Судзьдзя Баранавіцкага суду Вольга Копач за 6 хвілін вынесла абвінаваўчае рашэньне.
На папярэднім пасяджэньні 22 сакавіка суд пастанавіў выклікаць сьведак-міліцыянтаў, якія складалі рапарты аб удзеле Рыгора Грыка ў несанкцыянаванай акцыі. Аднак на пачатку сёньняшняга паседжаньня судзьдзя заявіла, што сьведкі ня могуць прысутнічаць «па сямейных абставінах».
Судзьдзя зачытала рапарты супрацоўнікаў міліцыі зь Менску, у якіх гаварылася, што Рыгор Грык удзельнічаў у несанкцыянаванай акцыі і «выкрыкваў лёзунгі».
Грык сказаў у судзе, што ніякіх лёзунгаў не крычаў і ў ніякай «забароненай акцыі» ня ўдзельнічаў.
Судзьдзя, не выходзячы з кабінэту, зачытала рашэньне.
Рыгор Грык удзельнічаў у шмат якіх акцыях апазыцыі як у Баранавічах, так і ў Менску. Журналісты называюць Грыка «актывістам у канцлягернай робе» за тое, што на акцыі ён прыходзіць у вопратцы, стылізаванай пад робу вязьня канцлягера. Пасьля акцыяў Грыку на баранавіцкіх прадпрыемствах адмаўляюць у працаўладкаваньні, таму доўгі час ён беспрацоўны.