Судзьдзя Баранавіцкага суду Аксана Копач прысудзіла грамадзкаму актывісту Рыгору Грыку 50 базавых велічынь штрафу (1050 рублёў). Яго зьвінавацілі ў парушэньні правілаў правядзеньня масавай акцыі паўторна цягам году (артыкул 23.34 ч.3 Адміністратыўнага кодэксу).
Акцыя, за якую пакаралі актывіста, адбылася 8 верасьня ў цэнтры Баранавічаў. Рыгор Грык, будучы даверанай асобай кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Міколы Чарнавуса (старэйшага), зладзіў пікет. Аднак пасьля выбараў на актывіста склалі пратакол за правядзеньне несанкцыянаванай масавай акцыі.
Рыгор Грык казаў тады Свабодзе, што зьдзіўлены пратаколам, бо ладзіў пікет згодна з выбарчым заканадаўствам — Мікола Чарнавус загадзя пра гэта паведамляў мясцовым уладам.
На сёньняшнім судзе над Грыкам прысутнічалі каля дзясятка баранавіцкіх грамадзкіх актывістаў, праваабаронцы.
Як распавёў Свабодзе баранавіцкі праваабаронца Сяргей Гоўша, вырак Рыгору Грыку вынесены ў яго адсутнасьць. Грыку не была ўручаная позва на суд, бо ён апошні час знаходзіўся ва Ўкраіне:
«Суд не павінен быў адбывацца сёньня наагул. Грыку не ўручылі позву. Але судзьдзя заявіла, што ён, маўляў, ужо перасёк мяжу. Ну і што з таго? Прыехаў ды, можа, зноў паехаў некуды. Але ж позва яму ня ўручана. Але судзьдзя заявіла, што Грыку даслалі СМСку з паведамленьнем. Мы ёй казалі, што СМСку ён ня мог атрымаць, бо ягоны мабільнік даўно ў ягонага сябра. А судзьдзя ўсё роўна пачала суд. Апытала Чарнавуса, даверанай асобай якога быў Грык. Чарнавус распавёў, што сапраўды падаваў уладам паведамленьне аб тым, што будзе ладзіць пікет, і Грык гэты пікет правёў», — кажа Сяргей Гоўша.
Судзьдзя апытала таксама сьведак-міліцыянтаў, якія здымалі пікет Рыгора Грыка на камэру, а таксама прадстаўніцу гарвыканкаму:
«Яна расказала, што бачыла, як Грык пікет праводзіў, стаяў з плякатамі. Яна сказала, што лічыць, што Грык праводзіў пікет не ў падтрымку кандыдата ў дэпутаты Мікалая Чарнавуса, а ладзіў сваю акцыю», — расказаў праваабаронца.
Сяргей Гоўша кажа, што судзьдзя адмовілася прыняць хадайніцтва Міколы Чарнавуса, які патрабаваў спыніць суд з прычыны адсутнасьці складу правапарушэньня.
Таксама судзьдзя Аксана Копач адмовілася заслухаць сьведку Аляксандра Вайцешыка — яшчэ адну давераную асобу Міколы Чарнавуса. У Вайцешыка апошнім часам захоўваўся мабільны тэлефон Рыгора Грыка.
Пасьля выраку Мікола Чарнавус разам з прысутнымі праваабаронцамі напісаў скаргу старшыні суду, заявіўшы, што суд над Рыгорам Грыкам не павінен быў адбывацца.