Вакол рэзыдэнцыі прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна на Валдаі ўстанавілі ня менш за 7 аб’ектаў СПА.
Сярод ідэнтыфікаваных сыстэм СПА ля рэзыдэнцыі Ўладзіміра Пуціна — ЗРК «Панцыр-С1».
На зэнітны комплекс «Панцыр-С1», які відаць на спадарожнікавых здымках Google, на востраве Рабінавы за 3,7 кілямэтра ад валдайскай рэзыдэнцыі Пуціна 15 ліпеня зьвярнула ўвагу расейская служба Радыё Свабода.
🧵1/7 New Pantsir-S1 on a tower has been recently installed just 3.7 kilometers from Vladimir Putin%27s residence on Valdai Lake, according to updated Google Earth imagery dated May 6th, 2024. 57.979219, 33.302010 pic.twitter.com/RcEz4WU7Ki
— Mark Krutov (@kromark) July 15, 2024
Сыстэма супрацьпаветранай абароны стаіць на вежы, такія ж былі раней заўважаны ў Маскоўскай вобласьці. Журналісты таксама вывучылі спадарожнікавыя здымкі на сэрвісе Planet.com за мінулыя месяцы і прыйшлі да высновы, што ўстаноўка СПА ля рэзыдэнцыі Пуціна на Валдаі зьявілася ў сакавіку 2024 году.
Astra са спасылкай на чытача піша, што прыкладна за 3 кілямэтры ад гэтай жа рэзыдэнцыі стаяць яшчэ два падобныя да СПА абʼекты.
У студзені 2023 года «Агенцтва» паведаміла, што комплекс «Панцыр-С1» устанавілі ў вёсцы Яшчарава ў Наўгародзкай вобласьці, гэта за шэсьць кілямэтраў ад валдайскай рэзыдэнцыі Пуціна. Выданьне спасылалася на фота, якое даслаў мясцовы жыхар, а таксама словы жыхароў Яшчарава і суседніх вёсак.
Сыстэму СПА «Панцыр-С1» за дзесяць кілямэтраў ад рэзыдэнцыі Пуціна ў Нова-Агарове на спадарожнікавых здымках заўважыла раней выданьне «Сірэна». Кадры былі зьняты ў пачатку студзеня 2023 году. Яшчэ некалькі сыстэм СПА былі знойдзены прыкладна за два кілямэтры ад аэрадрома Астафʼева, які належыць Мінабароны Расеі, а таксама недалёка ад меркаванай рэзыдэнцыі Пуціна ля Краснай Паляны ў Краснадарскім краі. Да гэтага паведамлялася, што «Панцыр-С1» устанавілі на даху будынка Мінабароны Расеі.
У студзені тэлеграм-канал «ВЧК-ОГПУ» пісаў, што напады ўкраінскіх дронаў на Санкт-Пецярбург і Ленінградзкую вобласьць зьвязаныя зь перакідваньнем сыстэм СПА на «абарону стратэгічна важнага абʼекта на Валдаі».
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.