Ці прыме Расея прапанову ЗША аб спыненьні агню з Украінай? Аналіз Свабоды

Міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў і прэзыдэнт Уладзімір Пуцін

Міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў і прэзыдэнт Уладзімір Пуцін

Расейскія афіцыйныя асобы ня раз заяўлялі, што Масква хоча ўсеабдымнага мірнага пагадненьня, а не перамір’я ў вайне супраць Украіны.

Ці азначае гэта, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін адхіліць прапанову ЗША аб 30-дзённым спыненьні агню, на якую пагадзілася Ўкраіна падчас перамоваў у Саудаўскай Арабіі? Неканечне.

Карэспандэнт Свабоды Стыў Гутэрман прааналізаваў, як можа адрэагаваць Расея і чаму.

Упершыню з таго часу, як прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп увайшоў у свой другі прэзыдэнцкі тэрмін 20 студзеня 2025 году і пачаў намаганьні спыніць вайну Расеі супраць Украіны, Масква, а ня Кіеў, апынулася пад большым ціскам Злучаных Штатаў, якія вымагаюць ад яе паказаць імкненьне да міру.

Амэрыканскія службоўцы накіраваліся ў Маскву 12 сакавіка, як сказаў Трамп, пасьля таго, як Украіна пагадзілася з плянам ЗША неадкладна спыніць агонь на 30 дзён з магчымасьцю падаўжэньня на сустрэчы ў Саудаўскай Арабіі днём раней. Ці прыме Расея гэтую прапанову?

Катэгарычнае «нет» з боку Расеі тут магчыма, але яно далёка не перадвызначана.

«Хоць абазнаныя людзі перакананыя, што Расея адхіліць прапанову аб спыненьні агню, я б не сьпяшаўся цалкам гэта выключаць, — напісаў дасьледнік Расеі аналітык Сэм Грын у сваім блогу. — У залежнасьці ад таго, як Масква бачыць траекторыю эўрапейскай палітыкі, яна можа прыйсьці да высновы, што спыненьне агню ў яе інтарэсах».

Вось тры магчымасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ПіК Свабоды». Якія ў Лукашэнкі варыянты, калі Пуцін адмовіцца ад міру

Адкрытая адмова

Калі дзеяньні Расеі будуць адпавядаць яе публічным заявам, адмова — найбольш імаверны сцэнар у доўгатэрміновым пляне. Пуцін і іншыя расейскія афіцыйныя асобы ня раз заяўлялі, што Масква хоча не спыненьня агню, а ўсеабдымнага мірнага пагадненьня, якое ліквідуе тое, што яна называе «карэннымі прычынамі» вайны.

Пуцін распачаў поўнамаштабнае ўварваньне ў лютым 2022 году з мэтай падпарадкаваць Украіну, і гэтыя заўвагі сьведчаць, што Расея можа быць не гатовая спыніць баявыя дзеяньні, пакуль ня будзе заключаная ўгода, якая адпавядала б патрабаваньням Крамля, — прадугледжвала б, сярод іншага, украінскі нэўтралітэт, скарачэньне ўкраінскага войска і зьмену ўраду ў Кіеве ці, прынамсі, дакладную пэрспэктыву адыходу прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага.

Што кажуць расейцы на прапанову аб перамір’і ў вайне Расеі супраць Украіны:

Your browser doesn’t support HTML5

Russians React With Caution To Cease-Fire Proposal With Ukraine

Расея таксама хоча пагадненьня, якое выходзіць за межы Ўкраіны, аб зьмяншэньні вагі NATO ўва Ўсходняй Эўропе і наданьні Маскве большага ўплыву на рашэньні ў галіне бясьпекі, якія закранаюць увесь кантынэнт, — а гэтыя мэты далёка па-за межамі часовага перамір’я.

І з улікам таго, што расейскія войскі павольна, але пасьлядоўна заваёўваюць пазыцыі ўва ўсходняй Украіне, а сілы Кіева ў Курскай вобласьці Расеі адступаюць, Пуцін можа бачыць мала прычын спыніць агонь зараз.

Канстанцін Касачоў, старшыня камітэту замежных справаў верхняй палаты расейскага парлямэнту, груба намякнуў на гэта 12 сакавіка, заявіўшы, што Вашынгтон павінен разумець, што «рэальныя пагадненьні ўсё яшчэ пішуцца... на перадавой».

Акрамя таго, катэгарычная адмова спадабалася б расейскім блогерам, якія выступаюць за вайну, ня кажучы ўжо пра ястрабаў у атачэньні Пуціна, якія, хутчэй за ўсё, успрымаюць згоду спыніць агонь як саступку Крамля.

Безумоўнае прыняцьце

Гэтыя фактары паказваюць, што безумоўнае прыняцьце Расеяй прапановы аб спыненьні агню вельмі малаімавернае.

Яшчэ фактар: калі Расея і разглядае магчымасьць часовага перамір’я, то Крэмль можа захацець паставіць на ўгодзе сваю пячатку.

«Усякія дамоўленасьці... будуць на нашых умовах, а не на амэрыканскіх», — напісаў Касачоў у Telegram.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі заявілі, што вярнулі пад кантроль Суджу ў Курскай вобласьці. У Кіеве не камэнтуюць

«Так, але...»

Нягледзячы на тое, што безумоўнае прыняцьце здаецца немагчымым, Расея «можа прыйсьці да высновы, што спыненьне агню ў яе інтарэсах», напісаў у сваім блогу Грын, прафэсар Каралеўскага інстытуту Расеі і дырэктар аддзелу дэмакратычнай устойлівасьці ў Цэнтры аналізу эўрапейскай палітыкі.

Ён выказаў здагадку, што Пуцін можа заглынуць нажыўку, калі ўгледзіць тут спосаб наблізіцца да сваіх мэтаў.

«Найвышэйшая мэта Масквы — панаваньне над Украінай. Пры браку магчымасьці дасягнуць гэтага на полі бою, Расея можа цешыцца — часова ці іншым чынам — усталяваўшы кантроль праз пагрозу новай агрэсіі», — напісаў ён.

«Спыненьне агню можа даць Расеі тую ступень кантролю над Украінай, да якой яна імкнецца, калі ўмовы пагадненьня рэальна ня стрымліваюць яе новай агрэсіі».

Пагалоскі пра разгортваньне эўрапейскіх сілаў ва Ўкраіне могуць стаць часткай разьлікаў Масквы, напісаў Грын:

«Калі Масква думае, што Эўропа сур’ёзна ставіцца да прысутнасьці сваіх войскаў на зямлі Ўкраіны, яна можа пайсьці на спыненьне агню, перш чым Эўропа зможа арганізавацца, — і затым зрабіць адсутнасьць войскаў умовай захаваньня рэжыму спыненьня агню».

Марк Галеоці, экспэрт у пытаньнях Расеі і ганаровы прафэсар Школы славянскіх і ўсходнеэўрапейскіх дасьледаваньняў UCL у Лёндане, выказаў здагадку, што Пуцін стаіць перад цяжкім выбарам.

«Ястрабы ўжо сьцьвярджаюць, што гэта будзе азначаць змарнаваньне цяперашняй дынамікі Расеі на полі бою, — напісаў ён у The Spectator. — У той жа час адмовіцца азначала б упусьціць выдатную магчымасьць, якую Трамп ім даў, каб замацаваць свае здабыткі, маючы ў сваіх руках пятую частку Украіны, і хаця б часткова нармалізаваць адносіны з ЗША».

Пуцін можа палічыць, што згода на спыненьне агню можа дапамагчы паменшыць заходнія санкцыі супраць Расеі, піша Галеоці, а таксама ён можа турбавацца, што адмова, наадварот, прымусіць Трампа заняць значна больш жорсткую пазыцыю стасоўна Масквы.

12 сакавіка Трамп заявіў, што Злучаныя Штаты могуць увесьці дадатковыя санкцыі супраць Расеі, калі яна будзе непакорлівай, але дадаў: «Спадзяюся, гэта нам не спатрэбіцца».

Тым ня менш, як і іншыя аналітыкі, Галеоці прадказаў, што Масква будзе ставіць умовы для ўсякага пагадненьня аб спыненьні агню, — напрыклад, выхад Украіны з Курскай вобласьці Расеі, дзе сілы Кіева ўтрымлівалі тэрыторыю пасьля нечаканага ўварваньня ў жніўні летась, якое зьбянтэжыла Пуціна.

«Магчыма, Пуцін паспрабуе дабіцца немагчымага, пагадзіўшыся на спыненьне агню пры ўмове, што сілы Ўкраіны на Курскім выступе, якія ўжо выціскаюць, цалкам пакінуць тэрыторыю Расеі», — напісаў ён.

Былы дарадца Крамля Сяргей Маркаў заявіў, што яшчэ адной магчымай умовай можа стаць прыпыненьне заходняй вайсковай дапамогі Кіеву на час спыненьня агню.

«Адказам Расеі на прапанову аб спыненьні агню можа быць ня „не“, а „так, але“, — напісаў Маркаў у Telegram.— Гэта значыць пагадзіцца з прапановай аб 30-дзённым перамірʼі пры ўмове, што ўвесь гэты пэрыяд будзе дзейнічаць эмбарга на пастаўкі зброі ва Ўкраіну».

Што кажуць украінцы на прапанову аб перамір’і ў вайне Расеі супраць Украіны:

Your browser doesn’t support HTML5

‘Meaningless Without Russia’: Ukrainians React To Proposed Cease-Fire Deal

12 сакавіка Трамп зноў выказаў надзею на хуткі прагрэс у заканчэньні вайны, сказаўшы: «Мы ня хочам марнаваць час, людзі гінуць».

Але канчатковы адказ Расеі на прапанову аб спыненьні агню можа прыйсьці ня так хутка, як хацелася б Злучаным Штатам і Ўкраіне.

«Пуцін, падобна, паспрабуе зацягнуць тэрміны пагадненьня аб якім-хаця спыненьні баявых дзеяньняў ва Ўкраіне, каб пераканацца, што Маскве будуць забясьпечаныя максымальна спрыяльныя ўмовы», — паведаміла 12 сакавіка Bloomberg News з спасылкай на некалькіх чалавек, якія ведаюць сытуацыю.

«Крэмль ня выявіў прыкметаў зацікаўленасьці ў спыненьні агню, папраўдзе ёсьць поўна прыкметаў таго, што гэта ня так», — напісаў Грын на X.

«Хоць усё гэта можа быць бахвальствам, яны, хутчэй за ўсё, паспрабуюць прымусіць Вашынгтон выкручвацца што да хуткасьці і контураў угоды».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін наведаў Курскую вобласць упершыню з пачатку апэрацыі ўкраінскіх войскаў у гэтым рэгіёне і ўпершыню ў камуфляжы