І бяжыць Русалка ў жыце...

Русалку прыбіраюць.

Кожнае лета апошнія два дзесяцігодзьдзі ў вёсцы Вялікі Бор Хойніцкага раёну ладзяць старадаўні летні абрад — Русальле. Сёлета гэта адбылося 7 чэрвеня.

Русальны тыдзень у Вялікім Бары пачынаецца адразу пасьля Сёмухі. Вяскоўцы тут здавён верылі, што ў гэтыя дні Русалка — такая мітычная істота з тварам прыгажуні, доўгімі валасамі і рыбіным хвастом — выходзіць з вады ці з бору на прастор.

Яна, гуляючы, апыляе жыта ў полі, па гародах ходзіць. Гаспадыням у гэты тыдзень забараняецца працаваць на зямлі, бо Русалка можа разгневацца, град наслаць, гарод спляжыць, жыта скалашмаціць, а дзецям-неслухам — смаляную цыцку даць.

Таму ў наступную нядзелю пасьля Сёмухі жыхары надзяюць вышыванкі, плятуць вянкі зь зёлак (абранай дзяўчыне — Русалцы — таксама) і сьпеўнай працэсіяй вядуць тую Русалку за вёску, каб адпусьціць яе ў жыта, а заадно й абарваць на бягу зялёнае русалчына ўбраньне ды пакласьці яго дома на гародзе — дзеля добрага ўраджаю.

«Правяду, правяду Русалачку да бору,
А сама, малада, пайду ў камору».

Традыцыя праводзін Русалкі існавала ў Вялікім Бары спакон веку. Перапынялася яна ненадоўга толькі ў гады замшэлай камуністычнай ідэалёгіі.

Your browser doesn’t support HTML5

І бяжыць Русалка ў жыце...

Адрадзілі абрад нанава каля чвэрці стагодзьдзя таму тутэйшыя жыхары з ініцыятывы Жаны і Анатоля Харошкаў, якія тады былі ачолілі мясцовы дом культуры. Анатоль Іванавіч стаў дырэктарам, а Жана Ўладзіміраўна — мастацкім кіраўніком. Яны сабралі мясцовых кабет, знаўцаў народных русальных песьняў — Галіну Харошку, Марыю Навуменку, Софію Бондар, Ганну Сачанку, Валянціну Шубянок — і павялі Русалачку ў жыта, што мяжуе з высокім борам.

Шасьцідзесяцічатырохгадовую Галіну Харошку, адну з самых галасістых вялікаборскіх жанчын, да народнага абраду прызвычаілі бабуля з маці.

Галіна Харошка

Спадарыня Галіна згадвае:

«Русалкі — яны ж ходзяць па вёсцы, жыта калашмацяць, дзяцей топяць у сажалках, коням грывы заплятаюць. Баяліся мы іх з-за таго, што, як казалі нашы бабулі, Русалка можа нават даць смаловую цыцку. І калі мы прагонім яе ў жыта, то на цэлы год ад яе пазбавімся. Раней жа як было: возьмеш маці за спадніцу, дый бяжыш. Яны праводзяць Русалку, і мы ўсе за імі, бо так хочацца прайсьці за Русалкай, такі інтарэс разьбіраў. А жанкі нашы — як жа яны хораша сьпявалі!»

Русалку выбіраюць з маладых вясковых дзяўчат. Убіраюць яе ў нацыянальныя строі, плятуць вянок, абчапляюць зёлкамі.

Вялікі вянок

Васьміклясьніца Насьця Зелянчук пагадзілася на адказную ролю ў вялікаборскім абрадзе. Але калі яе пачалі аздабляць зёлкамі, засумнявалася: а ці ўцячэ па жыце ад дзятвы, якая на бягу заўзята скубе зялёнае ўбраньне, каб потым занесьці дадому на капусную ці гурковую граду дзеля добрага ўраджаю?

Русалка з ахоўнікамі

«Спачатку не баялася, а вось цяпер страшнавата», — прызнаецца Насьця.

За Русалкай ідуць двое ахоўнікаў. Гэта таксама школьнікі — Антон Жаўняк і Кірыл Прыходзька. У руках у іх ладныя сьцябліны крапівы, каб адганяць ад Русалкі падчас шэсьця па вуліцы ахвотнікаў заўчасна скубануць яе зялёнае ўбраньне.

Праводзіны

На Русальле завітала мэтадыст абласнога дому народнай творчасьці Людміла Мельнікава. Яна апавядае пра асаблівасьці велікаборскай традыцыі:

Людміла Мельнікава

«Такі абрад у жывой традыцыі — адзіны ў Беларусі. І важна, што захаваліся ўсе рытуальныя яго часткі, а галоўнае — захавалася песьня. І не адна. „Правяду Русалачку да бору...“ — песьня, яна як маркер аўтэнтычнасьці.

Трэба дадаць, што провады ці ваджэньне Русалкі ў нас бытавалі ў актыўнай форме і сто, і дзьвесьце гадоў таму ў Брагінскім, Лоеўскім раёне. Ёсьць уяўленьні пра русалак у Кармянскім, Веткаўскім раёне. Гомельшчына багатая на русалак. Але менавіта тут, у Вялікім Боры, жыхары адрадзілі праводзіны Русалкі».

Летась Жана і Анатоль Харошкі разам з унучкай і Галінай Харошкай прэзэнтавалі адроджаны велікаборскі абрад у Міністэрстве культуры. Па выніках прэзэнтацыі абрад прызнаны нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасьцю Беларусі. Але ў Вялікім Бары мясцовыя ўлады чамусьці пасьпяшаліся адправіць мужа і жонку Харошкаў з пасадаў культработнікаў на заслужаны адпачынак, спасылаючыся на іхні пэнсійны ўзрост. І замянілі іх на людзей, далёкіх ад культуры, а тым больш ад мясцовых народных традыцыяў.

Галіна Харошка з дачкой Надзеяй

Аднак Жана Харошка, як і ўсе іншыя вялікаборскія жанкі, што адрадзілі Русальле, на такі «клопат» пра культуру сьцьвярджаюць: «Пакуль жывыя, будзе жыць і Русальле».

Жана Харошка з русалкай і ахоўнікамі

Ліля Краўчанка, пляменьніца народнага пісьменьніка Беларусі Івана Мележа, які родам з гэтых мясьцін, мяркуе, што захавальнікаў такой цудоўнай абрадавай спадчыны варта ня толькі шанаваць, але й паспрыяць таму, каб яны навучылі моладзь, перадалі ёй напоўніцу ўсе нюансы шыкоўнага народнага сьвята:

Лілія Краўчанка

«Я лічу, што, па-першае, патрэбная ўвага да тых людзей сталага ўзросту, якія на сёньняшні дзень берагуць гэтую абрадавую спадчыну. Браць і пераймаць іхні досьвед, асаблівасьці ды нюансы гэтага абраду — з тым, каб перадаць у ягонай аснове маладому пакаленьню. І каб маладыя разумелі, што гэта ня толькі дзеля самой па сабе прыгажосьці, слоўка чырвонага падчас справаздачаў, а дзеля захаваньня нашай нацыянальнай спадчыны ў рэгіёне і ў краіне ўвогуле».

Карагод вакол вогнішча

Дзьве вясковыя кабеты сталага веку, спадарыня Ліда і Таіса, з кіёчкамі прыклыпалі да поля, дзе адпускалі Русалку ў жыта. Яны разважаюць гэтак:

«Спрадвеку праводзілі — маткі нашы, бабулі. І мы цяпер праводзім. А традыцыя няхай жыве і дзеля таго, каб дожджык праходзіў, бо ў нас зараз вельмі суха. Нашы старыя заўсёды Русалку праводзілі — і мы праводзім. Трэба, каб ад старэйшых гэта да моладзі пераходзіла».

Асьвячэньне вялікага вянка

Барацьба за зёлкі

Бабуля Таіса разважліва дадае: «Увесь час варта праводзіць, каб перадавалася з пакаленьня ў пакаленьне».

...Пад дружныя вясковыя сьпевы галасістых жанок хіліцца да небакраю крыху астылае сонца. Чырвоны дыск яго, падаецца, ужо чапляе вершаліны недалёкага бору, запальваючы на небакраі густыя барвы. Палымнее і сакральны агонь на ўскрайку поля. Зь вянкамі і воклічамі скача праз полымя вясковая дзятва — трэба думаць, з далёкай мінуўшчыны ў нашу будучыню.

Асьвячэньне вянкоў

Скокі праз вогнішча