Тэлеканал Russia Today «недазарэгістраваўся» ў ЗША «замежным агентам» — ня ведае, хто яго фінансуе

Ілюстрацыйнае фота

Фінансаваны з расейскага бюджэту тэлеканал RT (вядомы таксама як Russia Today) ня стаў рэгістравацца ў ЗША «замежным агентам» насуперак ранейшаму абяцаньню.

Замест яго ў такой якасьці была зарэгістраваная (PDF) кампанія T&R Productions LLC, якая падпарадкоўваецца расейскай аўтаномнай некамэрцыйнай арганізацыі «ТВ-новости» (кампанія-заснавальнік RT, даччыная кампанія «РИА Новости»), што за 2017 год атрымала з расейскага бюджэту 19 млрд расейскіх рублёў (каля 326 млн даляраў) зь Міхаілам Саладоўнікавым на чале.

У анкеце пазначана, што «ТВ-новости» фінансуецца замежным урадам ці палітычнай партыяй. Але адказаў «так» ці «не» няма на пытаньні аб тым, ці займаецца замежны ўрад рэгуляваньнем, кіраваньнем, кантролем, субсыдаваньнем кампаніі і ці валодае ёй. Таксама не пазначана, ад каго менавіта ідзе фінансаваньне. Як піша «Медуза», RT тлумачыць гэта тым, што ня ведае, хто рэгулюе, кіруе, кантралюе, валодае ці спансуе «ТВ-новости». Пры гэтым гадавы бюджэт T&R Productions LLC пазначаны роўным 670 тысячам даляраў, а выдаткі кампаніі толькі за жнівень і верасень склалі (PDF) 6,6 млн даляраў.

***

Раней у Савеце Фэдэрацыі Расеі абмяркоўвалася пытаньне аб блякаваньні на тэрыторыі Расеі замежных СМІ, у прыватнасьці, Радыё Свабода і «Голасу Амэрыкі» — «за парушэньне імі расейскага заканадаўства». Ініцыятары такога абмеркаваньня лічаць, што Раскамнагляд павінен быць упаўнаважаны «блякаваць такія СМІ» на тэрыторыі Расеі.

Праблемы ў RT паўсталі на фоне расьсьледаваньня меркаванага ўмяшаньня Расеі ў амэрыканскія прэзыдэнцкія выбары 2016 году. У першай палове верасьня галоўны рэдактар RT Маргарыта Сіманьян паведаміла аб тым, што Міністэрства юстыцыі ЗША накіравала кампаніі RT America, якая абслугоўвае расейскі тэлеканал, ліст з патрабаваньнем зарэгістравацца згодна з законам ад 1938 году, які скіраваны супраць распаўсюджваньня нацысцкай прапаганды на тэрыторыі краіны.