Менск, якога вы ня бачылі, альбо 7 аўтарскіх роварных экскурсіяў па сталіцы

Дзе найбольш ярка сьвецяць сталічныя зоры? Калі пачалася роварная гісторыя Менска? Дзе тусаваліся менскія гіпі? Каго жыхары горада ўзносілі на дахі? Пра аўтарскія экскурсіі на двух колах па сталіцы Яна Шыдлоўская паразмаўляла з заснавальнікам праекту «Менскі вэляшпацыр», фанатам і знаўцам Менска Раманам Абрамчуком.

1. 140 роварных гадоў Менску

Прэм’ера прысьвечанай ровару вандроўкі адбылася сёлета на Фэсьце экскурсаводаў і за адным махам адкрыла чацьвёрты сэзон гарадзкіх вэляпадарожжаў.

Аўтарскі маршрут Рамана Абрамчука стартуе ад першага вэлятрэку, што напрыканцы ХІХ стагодзьдзя адкрыў у Губэрнатарскім садзе граф Чапскі. І працягваецца ў ваколіцах чыгуначнага вакзала.

Менавіта з беларускай чыгункай зьвязана гісторыя сталічнага роварнага руху — першы раварыст Менска Міхал Дзявочка быў рассыльным управы Лібава-Роменскай чыгункі. Да таго, як у 1880 гады фірма Rover выпусьціла свой першы двухколавы транспарт, а Дзявочка стаў прызёрам міжнародных вэлягонак, рассыльны развозіў гарадзкую карэспандэнцыю на папулярным цяпер у дзяцей вэлябегу.

На скрыжаваньні вуліц Леніна і праспэкта Незалежнасьці раварысты таксама робяць прыпынак — на былых вуліцах Захар’еўскай і Губэрнатарскай знаходзіліся крамы і майстэрні, што прадавалі і рамантавалі ровары пераважна ангельскай і нямецкай вытворчасьці. Менчуку новы від транспарту каштаваў два-тры месяцы працы.

Дарэчы, у 1914 годзе ў Менску налічвалася больш за 500 ровараў на 100 тысяч чалавек. Галоўным і апошнім пунктам роварна-гістарычнага падарожжа стаў завод «Мотавела», дзе ў 1946 годзе пачалі выпускаць першыя беларускія ровары ў Менску — сталіцу апярэдзіла Горадня, дзе ровары па нямецкай тэхналёгіі вырабляліся ўжо ў 1890-я гады.

Раман Абрамчук

2. Неба над Менскам: вандроўка па зорах і сузор’ях

Вэляэкскурсія па зорах распачынаецца бяз чвэрці 23. З павелічэньнем або памяншэньнем сьветлавога дня час старту зорнага падарожжа можа зьмяняцца. Галоўнай вэлясьцежкай экскурсанты едуць на мінімальна асьветленую ўскраіну Менска — у раёны Чыжоўкі і Серабранкі, каб на адкрытым паўднёвым небе адшукаць сэзонныя сузор’і.

На летнім небе добра бачны Арыён, якога беларусы празаічна называлі Граблямі, сузор’і Льва, Блізьнятаў, Дзевы і Авена, Касіяпеі, ярка сьвеціць Сірыюс, весела каціцца Воз з мядзьведзямі ды бяжыць у далячыць Птушыная дарога. Зорны экскурсавод, асыстэнт катэдры фізыкі і аэракасьмічных тэхналёгій БДУ Зоя Кянько распавядзе пра арабскія і беларускія назвы нябесных цел, гісторыі іх утварэньня.

Вандроўку па зорным небе называюць самай непрадказальнай у сваёй залежнасьці ад надвор’я. Таму ў дзень вэляэкскурсіі варта ўдакладніць, ці не схаваліся экскурсійныя аб’екты за сталічнымі хмарамі.


3. Менскія гіпаны: вэлягісторыя сталічнага біг-біту і рок-н-ролу

Гэта адна з самых працяглых гарадзкіх вэляэкскурсій па Менску, што адбываецца толькі адзін раз у сэзон. За тры гадзіны экскурсанты наведваюць самыя знакамітыя тусовачныя месцы прыхільнікаў біг-біту і рок-н-ролу — сквэр Грыцаўца, прыступкі кавярні «Бярозка», Зялёны пад’езд. Частку праспэкта ад Дома афіцэраў да плошчы Незалежнасьці менскія гіпі называлі «Брадвэем».

Па галоўным месцы для шпацыраў экскурсанты наўмысна ідуць пешкі пад песьні «Бітлз», каб адчуць на сабе позіркі мінакоў, як іх адчувалі ў 60-70-я гады сталічныя гіпі.

Наведвальнікі экскурсіі даведваюцца пра гарачыя месцы менскіх фарцоўшчыкаў, што апраналі сталіцу ў джынсы, бачаць радыё-глушылку КДБ, адкрытую сцэну, дзе ўпершыню зайграла «Мроя», месца стадыёна «Працоўныя рэзэрвы», дзе адбываўся футбольны матч паміж гіпі і мэталістамі. Неаддымны бонус жывой і кудлатай вэляэкскурсіі — узбагачэньне слоўнікавага запасу калярытным гіпанскім слэнгам.

4. Менскія паўбагі: манумэнтальная скульптура сталічных дахаў

Да гэтай вэляэкскурсіі трэба як сьлед падрыхтавацца. У прыватнасьці, распрацаваць шыйныя пазванкі, бо грунтоўна дасьледаваныя экскурсійныя аб’екты маршруту знаходзяцца на сталічных дахах.

Пад увагай экскурсавода пераважна сталінская архітэктура, дарэвалюцыйныя і сучасныя будынкі — забудова вуліц Захарава і Бядулі, Сувораўская вучэльня, Опэрны тэатар, Дом са шпілем на Чырвонай, 4, інтэрнат БНТУ на праспэкце Незалежнасьці, Нацыянальны мастацкі музэй, ГУМ, прывакзальная плошча, будынак Міністэрства ўнутраных спраў.

Архітэктары 40-50-х мінулага стагодзьдзя гадоў атрымалі загад пазбавіцца царскай сымболікі і тэрмінова аздобіць горад ідэалягічна. Той, хто замаўляў, чэрпаў ідэі ў вобразе італьянскіх ідэальных гарадоў, дзе аздоба дамоў натхняла на велічныя ўчынкі.

Так у Менску зьявіліся гіганцкія і грунтоўныя скульптуры, што сваім выглядам і памерам павінны былі натхняць на сацыялістычныя подзьвігі. Жыхары гораду ўзносілі на дахі тых, хто быў для іх эталёнам.

У дарэвалюцыйныя часы скульптурам была ўласьціва інтэлектуальная вытанчанасьць багоў, ідэалы сталінскай эпохі ўзьнесьлі на дахі салдатаў, інжынэраў, рабочых, студэнтаў. Для таго, каб уважліва разглядзець кожную дэталь на скульптуры і зразумець яе сэнс, экскурсавод прапануе слухачам бінокаль.

Менавіта таму, экскурсію важна скончыць да наступленьня цемры. Аўтарскі праект Рамана Абрамчука адбываецца 1-2 разы ў сэзон і мае высокакультуралягічны характар.

5. Менск экумэнічны: богашукальніцкая вэляпрыгода

Менск экумэнічны мае статус вэляэкскурсіі эксклюзіўнай, авантурнай і непрадказальнай, бо яна пабудавана на сустрэчах са служкамі храмаў розных канфэсій.

Ужо чатыры разы раварысты выпраўляліся на пошукі Бога, і кожны раз наведвалі іншыя аб’екты. Такім чынам, чарговая экскурсія адбываецца як працяг папярэдняй.

Пачынаючы з традыцыйных каталіцкіх, праваслаўных і ўніяцкіх храмаў, паступова экскурсанты знаёміліся з больш рэдкімі ў Менску канфэсіямі і іх прадстаўнікамі — юдэямі, мусульманамі, крышнаітамі, будыстамі.

Пакуль ролю экскурсавода выконваюць служкі храмаў, аўтар задумкі вырашае арганізацыйныя моманты — дамаўляецца на наступную сустрэчу, пракладае маршрут да сьвятыні, уладжвае пытаньні дрэс-коду, бо патрабаваньні да адзеньня ў кожнай рэлігіі свае.

Цікавасьць і авантура богашукальніцкай вэляпрыгоды ў тым, што ўдзельнікі ня толькі даведваюцца пра тую ці іншую рэлігію з першай крыніцы, але могуць паўдзельнічаць у касьцельнай імшы ці мэдытацыі ў крышнаіцкім храме альбо пачытаць мантры ў будыйскім цэнтры.

6. Менск графа Чапскага

Пасаду гарадзкога галавы Менска граф Караль Гутэн-Чапскі займаў на мяжы ХІХ-ХХ стагодзьдзяў. Намаганьнямі закаханага ў свой горад чыноўніка і бізнэсмэна Менск зазьзяў электрычнымі агнямі, пачаў рух першы грамадзкі транспарт, у Губэрнатарскім садзе адкрыўся вэлятрэк з вэляпракатам і спартовыя залі.

Маршрут роварнай экскурсіі, прысьвечанай асобе графа Чапскага, ахоплівае безьліч дамоў, вуліц, паркаў і прадпрыемстваў, зьвязаных з імем славутага менчука. Турысты ўбачаць першы гарадзкі тэатар, пабудаваны пры Чапскім, будынак першай менскай бібліятэкі, касьцёл св. Роха, праедуць вуліцай Бэрнардынскай, дзе грымела па бруку менская конка.

Найчасьцей імя графа асацыюецца з вытворчасьцю піва. Сёньня захаваўся і дзейнічае бровар, які належаў Чапскаму напрыканцы ХІХ стагодзьдзя. Цяпер гістарычны будынак займае піўзавод «Аліварыя», у асартымэнце якога піва, названае ў гонар першага ўладальніка бровара.

Экскурсавод Раман Абрамчук паказвае Менск графа Чапскага за дзьве з паловай гадзіны 1-3 разы ў сэзон. Кілямэтраж вэляэкскурсіі спыніўся на адзнацы 12.

7. Менск габрэйскі

З моманту, калі ў Менску загучала першая малітва на ідыш, прайшло амаль пяць стагодзьдзяў. Яшчэ ў пачатку мінулага стагодзьдзя горад быў цэнтрам габрэйскага бізнэсу. Габрэйскія дамы, крамы, прадпрыемствы, сынагогі складалі значную частку сталічнага вобраза.

Каб адшукаць рэшту габрэйскага Менска, у творчай майстэрні вэляэкскурсій сабралі маршрут з 11 кілямэтраў, дзьвюх з паловай гадзін часу і дзясяткаў мясьцін і будынкаў. Аўтарская вандроўка гісторыка і экскурсавода Тацяны Гайдук вядзе праз Ракаўскае прадмесьце — спачатку найбольш вядомы габрэйскі квартал, пасьля — месца пакутлівай сьмерці і адчайнай барацьбы за жыцьцё.

Раварысты ўбачыць будынкі былых сынагогаў і хедэраў, габрэйскіх крамаў і прадпрыемстваў, наведаюць старыя габрэйскія могілкі, мэмарыял «Яма», праедуць праз памятныя знакі, прысьвечаныя Галакосту.

Падчас шматлікіх прыпынкаў экскурсавод раскажа пра выбітных габрэяў — менчукоў альбо рэзыдэнтаў іншых краін з менскімі каранямі.