Празь некалькі гадзін пасьля таго, як савецкія танкі ўвайшлі ў Чэхаславаччыну ў жніўні 1968 году, камуністычны дыктатар Румыніі Нікалае Чаўшэску асудзіў уварваньне перад шматтысячным натоўпам у цэнтры Бухарэста. Ён заявіў, што здушэньне «Праскай вясны» становіць «сур’ёзную небясьпеку для міру ў Эўропе і пэрспэктываў сусьветнага сацыялізму».
Выступ супраць Крамля разглядаўся як сьмелая дэманстрацыя незалежнасьці Румыніі. Гэта таксама было небясьпечна.
На працягу некалькіх тыдняў пасьля ўварваньня ў Чэхаславаччыну Чаўшэску пракручваў у галаве сцэнары таго, як можа разгарнуцца напад, калі ў Крамлі зьвернуць свой карны погляд на ягоную краіну.
Любое савецкае наземнае ўварваньне прыйшло б з поўначы, дзе мяжа СССР абгінала Румынію.
Чаўшэску вырашыў, што неабходна пракласьці дарогу проста праз горы Фэгэраш, якія аддзяляюць густанаселены поўдзень Румыніі ад сельскай Трансыльваніі. Такі маршрут, як падлічылі, дазволіў бы бранятанкавай дывізіі колькасьцю каля 2000 адзінак тэхнікі разгарнуцца на поўначы, у акружаным гарамі рэгіёне Трансыльваніі, на працягу 24 гадзін пасьля савецкага нападу. Так нарадзілася ідэя Трансфэгэраскай шашы.
Палкоўнік румынскай арміі ў адстаўцы Іён Брату пацьвердзіў Радыё Свабода, што «спускавым кручком» для будаўніцтва Трансфэгэраскай шашы стала ўварваньне ў Чэхаславаччыну. Цяпер Брату 76 гадоў, і ён добра памятае, як камандаваў аддзелам з 175 вайскоўцаў, якія працавалі ў гарах Фэгэраш 50 гадоў таму.
Будоўля была манумэнтальным заданьнем. Горы Фэгэраш — самы высокі хрыбет у Паўднёвых Карпатах Румыніі, чые вяршыні ўзносяцца больш як на 2500 мэтраў над нізінамі.
«Гэта было вельмі цяжка, — успамінае Брату. — Самым вялікім ворагам былі холад і рэзкія перамены надвор’я».
Акрамя фізычных цяжкасьцяў, была небясьпека ў выглядзе дзікіх жывёл, асабліва мядзьведзяў і ваўкоў, узгадвае ён.
Маладыя вайскоўцы вымушаныя былі падоўгу знаходзіцца ў альпійскай глушы, далёка ад блізкіх.
«Па нядзелях я бачыў, як жонкі ці сяброўкі хлопцаў прыяжджалі, каб наведаць іх. Яны абдымаліся, цалаваліся і плакалі разам», — кажа Брату.
Аднак аплата працы была прыстойная. «Усе, хто працаваў на Трансфэгэраскай шашы — ад салдат да генэралаў, ад тэхнікаў да дасьледчыкаў — атрымлівалі добрую кампэнсацыю», — кажа Брату.
Некаторыя рабочыя зараблялі ў пяць разоў больш за сярэдні заробак па Румыніі ў той час. Задача будоўлі дарогі ў асноўным клалася на плечы маладых вайскоўцаў, а шахтароў прыцягнулі прабіваць тунэлі ў гарах.
Колькасьць сьмерцяў на праекце за гады будаўніцтва Трансфэгэраскай шашы з 1970 па 1974 год застаецца пад пытаньнем. Паводле афіцыйных зьвестак, загінулі 40 рабочых, але некаторыя называюць нашмат большую лічбу.
Цяжкасьць і тэрміновасьць будаваньня шашы адлюстраваныя ў адной гісторыі, якую расказаў былы вайсковец: ён бачыў, як вялізны валун звалўся з гары і раздушыў бульдэзэр, «як муху». Пакуль той валун узарвалі выбухоўкай, бульдозэр так глыбока сышоў пад узровень дарогі, што рабочыя проста засыпалі яму разам з расплясканым у ёй бульдозэрам. Там ён застаецца і цяпер.
Калі Чаўшэску наведаў дарогу падчас яе будаўніцтва ў 1971 годзе, то загадаў мадэрнізаваць яе з гравейкі на двухпалосную асфальтаваную трасу, каб стымуляваць турызм у гарах.
«Такога кшталту рашэньні былі тыповыя для Чаўшэску, — сказала журналістка Лавінія Беця румынскай здымачнай групе ў 2015 годзе. — Падчас візытаў на працоўныя пляцоўкі ці гледзячы на мадэлі, створаныя дызайнэрамі для будучых праектаў, ён уносіў сур’ёзныя зьмены, і спэцыялістам заставалася шукаць спосабы рэалізаваць тое, што ён прапанаваў».
Дарогу афіцыйна адкрылі 20 верасьня 1974 году, хоць будоўля працягвалася яшчэ некалькі гадоў.
З прычыны позьняга таяньня сьнегу і поўнай адсутнасьці асьвятленьня ехаць па Трансфэгэраскай шашы можна толькі ў сьветлы час дня — з 06:00 да 22:00.
Трансфэгэраская шаша стала масавым турыстычным аб’ектам і адной са славутасьцяў Румыніі.
Пра вайскоўцаў і рабочых, якія будавалі дарогу, адзін вайсковы журналіст сказаў: «Яны працавалі і ахвяравалі сабой з сапраўднай перакананасьцю. Яны былі ў захапленьні ад гэтага праекту ня дзеля камунізму або Чаўшэску, а таму, што яны ўсьведамлялі значнасьць таго, часткай чаго яны былі».
Для Іёна Брату гэтыя знясільваючыя гады працы ў гарах, здаецца, засталіся дарагім успамінам. Будаўніцтва Трансфэгэраскай шашы было, паводле яго, «прыгодай, жыцьцёвым досьведам», а «маладосьць і энтузіязм пераадольваюць любыя цяжкасьці», дадае ён.