Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў» заклікала беларускія ўлады «неадкладна вызваліць трох блогераў — Дзьмітрыя Алімкіна, Юрыя Паўлаўца і Сяргея Шыптэнку».
Пра гэта гаворыцца ў заяве праваабарончай арганізацыі.
Гэтыя беларускія журналісты супрацоўнічалі з расейскімі СМІ — агенцтвам REGNUM, а таксама сайтамі «Лента.ру» і «ЕАДэйли». Усе трое цяпер знаходзяцца пад вартай, ім пагражае ад 5 да 12 гадоў пазбаўленьня волі.
Паводле кіраўніка аддзелу Ўсходняй Эўропы і Цэнтральнай Азіі «Рэпартэраў бязь межаў» Ёгана Біра, публікацыі згаданых аўтараў «былі спрэчнымі, але гэта не апраўдвае іх затрыманьня».
«Паводле міжнародных стандартаў, заключэньне іх пад варту ня ёсьць ані неабходным, ані прапарцыйным. Мы просім беларускія ўлады вызваліць іх і забясьпечыць справядлівае судовае разьбіральніцтва з прыцягненьнем незалежных экспэртаў для ацэнкі зьместу публікацыяў», — заявіў Бір.
Дзьмітрый Алімкін, Юрый Паўлавец і Сяргей Шыптэнка абвінавачваюцца ў наўмысных дзеяньнях, накіраваных на ўзбуджэньне ў розных групаў насельніцтва Расеі і Беларусі нацыянальнай ды іншай сацыяльнай варожасьці, а таксама варожасьці паводле прыкметаў нацыянальнай, моўнай і іншай сацыяльнай прыналежнасьці, якія выявіліся ў падрыхтоўцы і разьмяшчэньні ў інтэрнэце артыкулаў (арт. 130 КК Беларусі).