Ці будуць у Беларусі далейшыя рэфэрэндумы?

Абмяркоўваюць Валер Карбалевіч, Алег Грузьдзіловіч, Ян Максімюк.

«Трайны ўдар» для трох аналітыкаў — Валера Карбалевіча, Алега Грузьдзіловіча, Яна Максімюка.

Максімюк: Калегі, 17 сакавіка 1991 году адбыўся першы ў гісторыі СССР рэфэрэндум. Ён жа быў і апошнім. Пытаньне на рэфэрэндуме было такое:

«Ці лічыце вы неабходным захаваньне Саюзу Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік як абноўленай фэдэрацыі раўнапраўных сувэрэнных рэспублік, у якой будуць у поўнай меры гарантавацца правы і свабоды чалавека любой нацыянальнасьці?»

Станоўчы адказ на гэтае пытаньне ў Беларусі далі 82,7 адсоткаў тых, хто ўзяў удзел у галасаваньні. «Так» у Расеі сказалі 71%, ва Ўкраіне – 70%. У сярэднім па СССР – 76%.

Зь пятнаццаці рэспублік СССР шэсьць (Арменія, Грузія, Латвія, Літва, Малдова, Эстонія) увогуле адмовіліся яго праводзіць.

Ян Максімюк

Але вось праз няпоўныя восем месяцаў кіраўнікі трох рэспублік, жыхары якія выразна падтрымалі захаваньне СССР, падпісалі ў Белавескай пушчы дакумэнт аб роспуску гэтай самай дзяржавы. І нічога, народ ня выступіў супраць таго, што СССР перастаў існаваць як суб’ект міжнароднага права. Інакш кажучы, паперына падпісаная некалькімі людзьмі аказалася намнога больш лёсавызначальнай, чым бюлетэні больш чым 110 мільёнаў чалавек, якія ў рэфэрэндуме выказаліся за захаваньне Савецкага Саюзу.

Я не хачу тут аналізаваць палітычную сытуацыю ў 1991 годзе і шукаць прычыны, чаму людзі ўвесну хацелі захаваць СССР, а зімою не зьвярнулі большай увагі, што той саюз прапаў. У сувязі з 25 ўгодкамі гэтага рэфэрэндуму, які ні пра што ня вырашыў, я хацеў бы падзяліцца рэфлексій пра беларускія рэфэрэндумы – 1995, 1996 і 2004 гадоў. Ці былі яны насамрэч вырашальнымі і пераломнымі для палітычнага лёсу Рэспублікі Беларусь, ці проста фармальна зацьвярджалі пэўнае палітычнае і сьветапогляднае status quo, якое існавала ў галовах беларускіх выбаршчыкаў?

Пераважае, відаць, погляд, што гэты рэфэрэндум быў вырашальным для палітычнага лёсу краіны. Вось што пішацца ў беларускай Вікіпэдыі, якая нейкім чынам абагульвае погляды на тую палітычную падзею. Цытую: «Рэфэрэндум быў адным з найважнейшых і вырашальных у гісторыі краіны, паколькі вызначыў, акрамя сымболікі, дзяржаўны статус расейскай мовы і стратэгічны кірунак на інтэграцыю з Расеяй».

Потым быў рэфэрэндум 1996 году, дзе сярод 7 пытаньняў найважнейшым было пытаньне пра падтрымку зьменаў у Канстытуцыі, якія значна пашыралі паўнамоцтвы прэзыдэнта. Паводле меркаваньня апанэнтаў улады і міжнароднай супольнасьці, рэфэрэндум быў праведзены з істотнымі парушэньнямі заканадаўства. Але зноў жа, як і папярэдні рэфэрэндум, гэты ня выклікаў заўважнага народнага супраціву.

І на астатак прыгадаем рэфэрэндум 2004 году аб магчымасьці для Аляксандра Лукашэнкі балятавацца на пасаду прэзыдэнта неабмежаваную колькасьць разоў. Адказ «так» на пытаньне рэфэрэндуму адначасова азначаў згоду на ўвядзеньне адпаведнай папраўкі ў Канстытуцыю адносна выбару прэзыдэнта.

Ну і што? Апазыцыя пратэставала, міжнарожная супольнасьць выказвала сваё засьцярогі, але народ глынуў гэтае новаўвядзеньне, як і тыя, якія зацьвярджаліся папярэднімі плебісцытамі. Улада была ўпэўненая ў выніку гэтага рэфэрэндуму, ніякага промаху тут не магло быць.

Дык вось, калегі, зыходзячы з, так бы мовіць, беларускага досьведу рэфэрэндумаў, мне хацелася у вас запытацца: Наколькі, на ваш погляд, палітычны лёс сучаснай Беларусі вырашыла воля аднаго чалавека, фармальна прыпячатаная рэфэрэндумамі, а наколькі гэтая воля сапраўды супадала з народнымі спадзяваньнямі і чаканьнямі і была імі абумоўленая?

Алег Грузьдзіловіч

Грузьдзіловіч: Першыя два рэфэрэндумы, канешне, для народу былі кшталту першага рэфэрэндуму пры СССР, то бок нешта на паперы ўжо вырашылі, прыйдзем пагаласуем, ад нас нічога не залежыць. І так аўтаматычна людзі прагаласавалі, не асабліва задумваючыся. Асабліва калі ўзяць тыя пытаньні пра зьмены ў Канстытуцыі, увогуле большасьць людзей проста не разумела, што гэта азначае і да чаго прывядзе. Вось ужо трэці рэфэрэндум быў больш асэнсаваны. Але ён тады быў і больш сфальшаваны. Народ праглынуў, вялікіх забурэньняў не было, і нават малых. Народ ужо разумеў, што нічога ўжо не зробіш, шанец згублены і настрояў ужо такіх не было. Але гэты рэферэндум быў рэальным пытаньнем для людзей. Усё астатняе была дэкарацыя, нейкія пытаньні выкарыстоўваліся як лякаматыў для прасоўваньня іншых пытаньняў, як напрыклад пра сьмяротную кару, хоць гаворка ішла зусім пра іншае – пра ўмацаваньне ўлады Аляксандра Лукашэнкі.

Першы рэферэндум пры саюзе нічога не азначаў, ён ішоў аўтаматычна, бо людзі яшчэ ня мелі практыкі ўдзелу ў палітчыных кампаніях, і выбары ў савецкі час, і рэфэрэндум – гэта ўсё было фармальна. Я спадзяюся, што праз нейкі час рэфэрэндумы ў Беларусі ўсё ж набудуць ролю сапраўднай размовы з народам і вырашэньня балючых праблем. Пакуль улада гэтага не дэманструе, нават зараз балючае пытаньне пра пенсійны ўзрост чаму б не выставіць на рэферэндум? Швэйцарцы так напрыклад вырашаюць, што рабіць з грашыма, якія назапасіліся, як быць з міжнароднымі злачынцамі – то бок такія бягучыя, не кардынальныя пытаньні. А нашыя ўлады пакуль гэтага не робяць, зразумела чаму – таму што інстытут рэфэрэндуму для ўлады – гэта толькі інструмэнт умацаваньня яе. Але сама наяўнасьць рэфэрэндумаў час ад часу закладае ў сьвядомасьць беларусаў ідэю, што з народам варта раіцца, можа, гэта будзе палітычнай практыкай. І калі дэмакраты прыйдуць да ўлады, то менавіта праз рэфэрэндумы можна будзе вырашаць важныя пытаньні, менавіта праз рэфэрэндумы.

Максімюк: Валер, а па-вашаму – наколькі эфэктыўна і апраўдана можа быць кіраваньне дзяржавай пры дапамозе рэфэрэндумаў у Беларусі? Ці ўсё ж гэта будзе бутафорскае мерапрыемства, якое толькі зацьвярджае тое, што раней вырашыла ўлада?

Карбалевіч: Я дастаткова скептычна стаўлюся да рэфэрэндумаў як механізму кіраваньня грамадзтвам, дзяржавай. Гэта даволі супярэчлівы мэханізм дэмакратычнага волевыяўленьня народу. Нават у дэмакратычных краінах яго выкарыстаньне – справа спрэчная. Напрыклад, ня толькі ў Беларусі Лукашэнка выносіў на рэфэрэндум Канстытуцыю. Некалькі гадоў таму у Польшчы праходзіў рэфэрэндум па Канстытуцыі. Лічу, што выносіць на ўсенароднае галасаваньне такі складаны дакумэнт, як асноўны закон краіны – няправільна. Ня толькі таму, што далёкі ад палітыкі і канстытуцыйнага права абывацель ня ў стане разабрацца са зьместам Канстытуцыі, нават прачытаць яе. Але і для дасьведчаных людзей узьнікаюць дылемы. Напрыклад, што рабіць выбаршчыку, калі адзін разьдзел Канстытуцыі ён падтрымлівае, а другі не? Галасаваць жа можна толькі «так» ці «не» за ўвесь дакумэнт.

Валер Карбалевіч

А ў недэмакратычным грамадзтве рэфэрэндумы звычайна носяць маніпуляцыйны характар. І той рэфэрэндум 1991 году ў СССР – яскравы прыклад. Тут у адным пытаньні закладзена было некалькі пытаньняў. Пытаньне гучала так: «Ці лічыце Вы неабходным захаваньне Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік як абноўленай фэдэрацыі раўнапраўных сувэрэнных рэспублік, у якой будуць у поўнай меры гарантавацца правы і свабоды чалавека любой нацыянальнасьці?». Грамадзяніну прапавалі выказацца наконт захаваньня СССР у выглядзе адноўленай фэдэрацыі. А як павінен галасаваць чалавек, які выступаў за захаваньне статус-кво без усялякага абнаўленьня? Ці калі чалавек выступае за захаваньне СССР у выглядзе канфэдэрацыі?

Дарэчы, рэфэрэндум не ўратаваў СССР. Бо аб’ектыўныя гістарычныя працэсы немагчыма спыніць нават з дапамогай народнага галасаваньня. Недэмакратычныя рэжыму часта выкарыстоўваюць рэфэрэндумы для умацаваньня сваёй улады. Напрыклад, Гітлер правёў шэсьць рэфэрэндумаў. Таму і Лукашэнка напачатку свайго кіраўніцтва праводзіў рэфэрэндумы для ўмацаваньня сваёй неабмежаванай улады. Але больш не праводзіць. Бо няма патрэбы, бо ён і так мае абсалютную ўладу.