Сьцісла:
- Устойлівыя выразы калькаваць рызыкоўна. Па-расейску „В чём дело?“, а па-беларуску „У чым рэч?“.
- Рэч па-расейску ня толькі ‘вещь’, але і ‘дело’. Таму ясное дело — вядомая рэч; то ли дело — іншая рэч; в самом деле — насамрэч.
- 3 траўня 1791 году ўхвалена першая ў Эўропе Канстытуцыя сучаснага ўзору — „Урадавы закон“ Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў (Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага, асноўную частку якога складала Беларусь).
- Прыметнік паспаліты азначае ‘супольны, агульны’, рэч паспалітая — ‘супольная справа’, па-лацінску res publicа.
- Рэч Паспалітая — не сынонім Польшчы, а назва дзяржаўнага ладу.
Перакладаць даслоўна ўстойлівыя выразы — рызыкоўная рэч.
„У чым справа?“ — штучная, нежывая калька з расейскага „В чём дело?“. Жывое беларускае пытаньне — У чым рэч? (А нават Аб што ідзецца? — чуў я ад старых віленчукоў, носьбітаў „яшчэ той“ нашаніўскай традыцыі.)
Адкуль тут рэч? Гугальтрансьлейт мэханічна падкажа: рэч па-расейску вещь. Аднак значэньні двух словаў супадаюць толькі часткова. Беларуская рэч адпавядае менавіта расейскаму делу і ў іншых выразах:
ясное дело — вядомая рэч
то ли дело — іншая рэч
в самом деле — насамрэч
дело в том... — рэч у тым..., а таксама штука ў тым...
Францішак Аляхновіч апісвае ўласныя прыгоды „ў капцюрох ГПУ“, у чэкісцкай турме, дзе апынуўся, бо паверыў бальшавіком і прыехаў у савецкую Беларусь. Ён драматург і тонка адчувае адпаведнасьць рэплік сытуацыі. Чэкіст Гродзіс
…стаяў за сваім сталом, трымаючы рукі ў кішэнях.
— В чём дело?
— Таварыш!.. Нашто мяне арыштавалі? Дык-жа-ж ужо ўсё было высьветлена...
— Перш-наперш, — засычэў Гродзіс, — я для вас гражданін, не таварыш. Гусь свинье не товарищ. А па-другое, у чым рэч?.. Толькі каротка, бо я ня маю часу.
— За што мяне арыштавалі?
— Як за што? Ха-ха-ха! Вось дык пытаньне!
Кароткая эпоха „беларусізацыі“ заканчваецца, чэкіст гэта ведае. Пачынае па-расейску — В чём дело?— але яшчэ пакуль рэфлекторна рэагуе на беларускую мову вязьня, паўтарыўшы па-беларуску: У чым рэч?
Гісторыя словаў — дзіўная рэч!
У беларускай народнай мове, паводле Івана Насовіча, слова рэч мае два значэньні:
1) ‘Всякая вещь вообще’. Усі рэчы павыкідаў з клеці.
2) ‘Предмет, дело’. То іная рэч!
А старабеларускае слова рэч азначала багата што. У тым ліку ‘факт, зьяву, падзею рэчаіснасьці’: дзіўна рэч, парадак рэчы ‘хада падзеяў. У (самай) рэчы — цяпер чуем кальку-русізм „па сутнасьці“.
Яшчэ — ‘учынак, дзеяньне, справа’. Рэч крывавая ‘крымінальнае злачынства, за якое належала сьмяротная кара’. Быў і такі зразумелы выраз: пан Бутрым, цівун Віленскі, з п’яное рэчы іх зьбіў і зраніў (з крымінальнай кронікі 1510 году). Па-расейску, відаць, „по пьяни“.
У заходніх мовах падобна: How are things going? — даслоўна ‘як ідуць рэчы?’. Нашай рэчы дакладна адпавядае лацінскі назоўнік res.
Рэч Паспалітая — ня тое самае, што Польшча
230 гадоў як была ўхвалена першая ў Эўропе Канстытуцыя сучаснага ўзору — „Урадавы закон“ Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў (Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага, асноўную частку якога складала Беларусь). А што значыць Рэч Паспалітая?
Паспаліты — ад слова поспал (поспаль) ‘супольна, напалову’. У гаворках: Яны поспал дзержуць зямлю. Поспаль яны жывуць.
У старабеларускай мове паспаліты азначала ‘агульны (які стасуецца ўсіх)’. Паспалітае рушэньне — усеагульная мабілізацыя. Другое значэньне — ‘дзяржаўны, урадавы’: Ваявода паспаліты.
Трэцяе — ‘звычайны, просты’: Біўлія Руска, вылажана доктарам Францішкам Скарынаю з слаўнага града Полацка, Богу ка чці і людзям паспалітым к добраму навучэньню.
А выраз Рэч Паспалітая тоесны лацінскаму Res Publica: ‘агульная/супольная справа’. У старабеларускай мове ён азначаў:
1) дзяржаву; сойм як орган дзяржаўнага кіраваньня: Ані ад караля пана, ані ад рэчы паспалітае інстыґуючых на мяне не было (значыць, не падавалі ў суд);
2) народ, грамадзтва;
3) грамадзкую карысьць, дабрабыт.
Андрэй Мельнікаў. „Песьня зь мінуўшчыны“: Да мясцiн, дзе падтрымаюць / Нашы сябры-аднадумцы / З усёй Рэчы Паспалiтае
Леў Сапега пратакольна дзякуе Жыгімонту ІІІ за зацьверджаньне Статута ВКЛ:
...а іжбы ўжо ўсі суды ў слаўным Вялікім Княстве Літоўскім так былі адправованы, тагды я іменем усяе Рэчы Паспалітае Вашай Каралеўскай Міласьці, свайму міласьціваму пану, пакорне за так міласьцівую ласку дзякую.
Тут Рэч Паспалітая — гэта народ Вялікага Княства Літоўскага.
Такім чынам, Рэч Паспалітая — назва дзяржаўнага ладу, якая перайшла и на назвы дзьвюх дзяржаваў, гэтак уладкаваных, — Вялікага княства Літоўскага і Кароны Польскай, а таксама іхнага канфэдэрацыйнага аб’яднаньня. Не аддавайма гэтае назвы іншым. Гэта рэч і нашая.