Бяры сотак колькі хочаш, сена прывязуць на самы двор бясплатна, тэхніку любую дадуць. Але гэтыя выгоды не трымаюць больш людзей у вёсцы. Мікалай Панасюк, былы паштальён зь вёскі ў Белавескай пушчы, узгадвае першыя камбайны, чэргі ў сто галоў і «віжэркі» — незанятыя лугі, дзе касілі сена.
Стараі відходят в одну сторону, а молодаі на город пошлі
У зімовыя сьвяты на трасе ад Жабінкі да Каменюкоў, турыстычнага цэнтру Белавескай пушчы, рух як у горадзе: на сядзібу да беларускага Дзеда Мароза без канца едуць машыны, найчасьцей з расейскімі нумарамі.
Свабода зазірнула ў вёску Ражкоўка, што стаіць наўзбоч ад маршруту да Дзеда Мароза. Сярод разваленых «хвэрмаў», якія парасьлі лясамі, дажываюць пушчанцы — мясцовыя людзі, якія размаўляюць на сваёй мове і не адносяць сябе ні да беларусаў, ні да ўкраінцаў.
Мікалай Панасюк — сярод найстарэйшых мужчын Ражкоўкі. Яму 79 год. Ён нарадзіўся за Польшчай, усё жыцьцё пражыў у Ражкоўцы, ці «Рожківцы», як тут кажуць.
«В марте будэ 80. Вжэ мніго, а кажэцца, і нэ жыв. Вжэ нэма кому вэльмі жыты, всі поодходілі. Колісь було сто дворів, а тэпэрэчка, мусіть, 30 хат, що жывуть люды. Стараі відходят в одну сторону, а молодаі на город пошлі».
У хаце ён жыве разам з жонкай. Але тая хворая, і Мікалай Кузьміч яе даглядае. Дзеці, кажа ён, ва ўсіх папераяжджалі ў Камянец, але найбольш — у Берасьце, дзе прасьцей знайсьці працу.
«Жонка вжэ з кіямі ходіть. Слабая вжэ. А діточкі в городе там жывуть».
Мікалай Кузьміч — былы паштальён. 38 год развозіў пошту па суседніх вёсках. Засьпеў яшчэ часы, калі паштовых скрыняў не было і карэспандэнцыю трэба было заносіць у кожную хату.
«38 літ робыв. Да. І зіма, і сніг, і мороз, і дождж, всё было на мнэ. Всэ перенасів. І тэпэрічка вжэ поштальёна во ото йідэ машына, і выходь до йійі, получай пэнсію. А раньшэ надо було нэсті до хаты всэ гэта».
Тэпэрічка комбайна і зажне, і змолотыть
Раней Ражкоўка была немалой вёскай, са сваёй фэрмай, кароўнікам і мэхдваром. Але цяпер мясцовыя жыхары езьдзяць на працу ў іншыя вёскі. Зрэшты, у асноўным тут жывуць пэнсіянэры, і езьдзіць нікуды не даводзіцца.
«Вжэ-то грашы дают, во пэнсію. Як грошы е, то всэ, і дрова прывезут — всэ достават. Жыты добра, алэ нэма колі жыты».
Раней, каб накасіць сена для каровы, сялянам трэба было шукаць «віжэркі» — незанятыя лугі. Цяпер жа з калгасу прывозяць сена наўпрост на двор.
«Кілька хочеш, тілька бэрі. В нас тэпэрічка вжэ, каб здужав, то добре робіты. Колхоз кортоплі грузе, і садіть, і вборуе, кропыть хіміей от жуків. Каб було здоровье, робів».
Ні соткі ніхто не бярэ, ні кароў не трымае. Мікалай Кузьміч быў апошні, хто адмовіўся ад каровы ў вёсцы — тры гады таму.
«Раньше в нас чэрга була, як мы называем, стадо. Було больш як сто голов. Але вжэ нэма кому дэржаты».
Панасюк кажа, што каб праца была ў вёсцы, тут жылі б людзі, бо працаваць на зямлі ўжо ня так цяжка, як 50 год таму, калі ўсё рабілі ўручную.
«Тэпэрічка комбайна і зажне, і змолотыть. Колісь дід тут такі був Прокіп, сто пять літ було яму. Як вжэ комбайны появыліся, і він війшав такі, кажа: «А-яй-яй, якая тэперь техніка. Каб тых людів подняв, побачылі, якая тэперь техніка, як робіть».
Белорусы больш цэкалі, а мы рускіі
Хоць Ражкоўка й далёка ад Каменюкоў, тут таксама выкупляюць старыя дамы, зь якіх робяць лецішчы ды аграсядзібы. Панасюк паказвае, ледзь не праз хату, што выкупілі гараджане ў вёсцы. Супраць гарадзкіх ён нічога ня мае, калі яны «обычныя, а не хвуліганы».
Больш ахвотна сталі тут набываць нерухомасьць пасьля таго, як каля Ражкоўкі прайшла новая 200-кілямэтровая траса, якая ідзе вакол усёй Белавескай пушчы. У 2011 годзе яе пабудавалі на асабісты загад Аляксандра Лукашэнкі. Яе тут так і называюць — «Лукашэнска траса».
Пры тым, што цывілізацыя ўсё бліжэй пранікае ў Ражкоўку, мясцовыя жыхары вызначаюць сваю адрознасьць ад астатняга сьвету. Мову сваю, больш падобную да ўкраінскай, яны дык увогуле называюць «рускай».
«Но то мы по-рускі мы всэ. Як попадэ. Як що іты, так мы і говорым тутака. Вжэ молодёж то, можэ, говорыт по-белорускі оны всэ, кажуть, каб свою мову нэ забувалі. А по-белорускі, там больш цэкалі і под польскі подходылі».
Гэтаксама ня лічаць яны сабе й беларусамі. Кажуць пра сябе, што яны такія, якія ёсьць — як бацькі.
«Полешукі то мусыть дэсь под Пружану, чы там шчэ... А тут такіі рускіі. На сэлах такіі, што пооставаліся. Якія батькі булі, такія і мы тутака остаемысь. А як яно чысліцца, нэ знаю».