Жыльлёвы комплекс на дзесяць чатырохпавярховых дамоў у пасёлку Ратамка, што за 15 хвілін язды ад Менску, пабудавалі летам. Некалькі месяцаў жыхарам не давалі дакумэнтаў на ўласнасьць кватэраў. Учора яны схадзілі на прыём у райвыканкам. Па словах уладаў, будоўля аказалася незаконнай, і ўжо ёсьць прадпісаньне пракуратуры, каб зьнесьці ўвесь жылы комплекс. Свабода разьбіраецца з сытуацыяй.
Выканкам: «Ніякіх камэнтароў»
Жыльлёвы комплекс у Ратамцы пабудавалі за паўтара года. Узімку 2015-га кампанія «Драйрона» пачала заключаць першыя дамовы, а на пачатку лета 2016-га людзі сталі рабіць тут рамонты. Некаторыя ўжо нават пераехалі.
«Мы тут жывем з 1 жніўня, — сказала Свабодзе Сьвятлана, жыхарка новага жыльлёвага комплексу. — Тут добры раён, малыя дамы. Раней кватэры былі таньнейшыя, чым у Менску. Забудоўшчык кажа, што амаль усе раскупленыя».
Дакумэнтаў на ўласнасьць яшчэ ніхто не атрымаў, бо забудоўшчык так і ня ўвёў дамы ў эксплюатацыю. З гэтай прычыны нядаўна тут адключылі газ. Людзі апынуліся без гарачай вады, бо цэнтральнае ацяпленьне не прадугледжана: батарэі і гарачая вада падаграюцца на газавых калёнках у кватэрах.
Каб высьветліць, чаму зацягваецца афармленьне дакумэнтаў на ўласнасьць, група жыхароў раёну трапіла ўчора на прыём да Ірыны Савіцкай — намесьніцы старшыні Менскага райвыканкаму.
Пасьля сустрэчы ў суполцы жыхароў вуліцы Рачной «Укантакце» зьявілася паведамленьне: «Выканкам вынес рашэньне аб зносе дамоў! Але! Вельмі шмат з таго, што казала Савіцкая, не сыходзіцца!»
Пацьвердзіць інфармацыю пра знос дома Ірына Савіцкая адмовілася. На пытаньне Свабоды, дзе атрымаць афіцыйны адказ, яна параіла зьвяртацца пісьмова.
«Ніякіх камэнтароў», — сказала Савіцкая.
Гэтаксама і ў аблвыканкаме на пытаньне пра знос у Ратамцы нічога не адказалі.
«Як можа быць, што пабудавалі дзесяць дамоў без дазволу?»
Свабода наведала праблемны раён у Ратамцы. Хоць дакумэнты на ўласнасьць кватэраў тут яшчэ ніхто не атрымаў, на стаянках каля дамоў прыпаркаваны з тузін аўтамабіляў. З розных дамоў чуваць гукі будаўнічых інструмэнтаў: людзі робяць рамонты.
«Я тут ужо месяц працую, — кажа Свабодзе 58-гадовы Вячаслаў. — Учора залез у інтэрнэт і прачытаў пра знос. У мяне валасы дуба сталі».
Ён лічыць, што ў забудоўшчыка з дакумэнтамі ўсё ў парадку. Маўляў, як інакш можна было атрымаць для забудовы такі ўчастак зямлі?
«Як можа быць, што пабудавалі дзесяць дамоў без дазволу? Там жа вал папераў патрэбны».
Вячаслаў мяркуе, што спрэчка з выканкамам вырашыцца на карысьць жыхароў.
«А калі сюды прыедзе бульдозэр, я зачынюся ў гэтай хаце, — кажа ён. — Няхай мяне тут закапаюць».
У «Драйроне» лічаць, што да зносу ня дойдзе. Больш за тое, кампанія ня мае інфармацыі пра нейкія парушэньні са свайго боку. Хоць у камэнтары «Онлайнэру» Савіцкая казала, што райвыканкам «накіраваў прэтэнзіі на адрас забудоўшчыка».
«Нам інфармацыі не даюць, — сказаў Свабодзе прадстаўнік „Драйроны“ Аляксей. — На заўтра нас запрасілі ў аблвыканкам. Мы цяпер у стадыі ўрэгуляваньня гэтых пытаньняў».
Таксама заўтра а 18-й гадзіне на Рачной вуліцы ў Ратамцы пройдзе сход жыхароў і прадстаўнікоў «Драйроны». Свабода будзе сачыць за разьвіцьцём падзеяў.