Правапіс таксама расстралялі

Ноч расстраляных паэтаў. 29 кастрычніка 1937 году

У дні памяці ахвяраў масавага камуністычнага тэрору ўспомнім і беларускіх мовазнаўцаў.

У 1926 годзе адбылася найважнейшая для беларускае мовы ў міжванную пару (а можа і ўва ўсім ХХ стагодзьдзі) публічная падзея. У Менску з 14 па 21 лістапада 1926 г. прайшла Акадэмічная канфэрэнцыя па рэформе беларускага правапісу і азбукі.

Інстытут беларускае культуры (зь якога фармальна выводзіцца Акадэмія навук) сабраў найлепшых беларускіх навукоўцаў па абодва бакі мяжы, якая дзяліла наш народ, а таксама з замежжа. Адкрытая вострая дыскусія, рашэньні, інстытуцыянальныя пастановы Канфэрэнцыі надалі магутны імпульс разьвіцьцю і кадыфікацыі беларускае літаратурнае мовы на аснове пераемнасьці з традыцыяй Тарашкевіча. У многіх не засталося сумневу ў тым, што нават пад бальшавіцкай уладай беларускай мове наканаваная выдатная будучыня. Некаторыя навукоўцы на хвалі спадзеваў пераехалі ў БССР.

Працы Акадэмічнае канфэрэнцыі 1926 г. З кнігазбору аўтара

Чаму ж той імпульс згас?

Гісторык мовазнаўства тае эпохі Сяргей Запрудзкі піша:

…Звальненьні з пасад, траўля і пазбаўленьне працы яшчэ не былі для беларускіх мовазнаўцаў на пераломе 1920–1930-х гг. самымі неспрыяльнымі выклікамі. У 1930 г. адбыўся сапраўдны крах беларускай лінгвістыкі.

І пералічвае толькі знакавыя імёны лінгвістаў, лексыкографаў, арыштаваных толькі ў 1930-м: Янка Бялькевіч, Уладзіслаў Чаржынскі, Мікола Касьпяровіч, Максім Гарэцкі, Міхайла Грамыка, Вацлаў Ластоўскі, Язэп Лёсік, Сьцяпан Некрашэвіч, Браніслаў Эпімах-Шыпіла, Пятро Бузук

З пачатку 1930-х Акадэмічная канфэрэнцыя называлася ўжо не інакш, як

...адкрытай дэманстрацыяй нацыянал-дэмакратычных контррэвалюцыйных сіл — як тых, што знаходзіліся ў БССР, так і тых, якія ў тыя часы былі па-за межамі Савецкай Беларусі і прыехалі на канфэрэнцыю з эміграцыі — Ластоўскі, Езавітаў, Жылка, Галавінскі і іншыя.

(„«Навука» на службе нацдэмаўскай контррэволюцыі“. — Т. 1, ч. 2. — Менск, 1931).

Каб зусім наглядна паказаць, куды падзеўся імпульс Канфэрэнцыі, прасочым далейшыя лёсы чальцоў яе прэзыдыюму (іхныя пасады названыя на момант падзеі).

Усевалад Ігнатоўскі

Прафэсар, старшыня Інстытуту беларускае культуры. (Пазьней прэзыдэнт БАН, дырэктар Інстытуту гісторыі.)​

26.12.1930 зьняты з пасады. Допыты ў ГПУ. 4.2.1931 знойдзены застрэленым у сваім доме. У 1937 НКВД расстраляў абодвух сыноў Ігнатоўскага Юр’я і Валянціна, у 1938 кінутая ў лягер жонка Марыя.

Аркадзь Смоліч

Намесьнік старшыні Інстытуту беларускае культуры.​

26.06.1930 арыштаваны. 10.4.1931 сасланы на 5 гадоў у Пермскую, потым у Цюменскую вобл. 17.06.1937 арыштаваны. Асуджаны „тройкай“ НКВД на сьмерць, 17.6.1938 расстраляны.

Аляксандар Цьвікевіч

Навуковы сакратар Інстытуту беларускае культуры.​

14.7.1930 арыштаваны. 10.4.1931 сасланы на 5 гадоў у Перм. У 1935 ссылку падоўжылі на 2 гады. Арыштаваны у Сарапуле (Удмуртыя). 30.12.1937 расстраляны ў Менску.

Сьцяпан Некрашэвіч

Старшыня Аддзелу мовы і літаратуры Інстытуту беларускае культуры. (Пазьней віцэ-прэзыдэнт БАН, дырэктар Інстытуту мовазнаўства. Лексыкограф, гісторык мовы.)​

21.07.1930 арыштаваны. 10.4.1931 пастановай ОГПУ сасланы ў Сарапул (Удмуртыя) спачатку на 5, потым яшчэ на 2 гады. У лістападзе 1937 арыштаваны, 19.12.1937 ва- еннай калегіяй Вярхоўнага суду БССР засуджаны на сьмерць, 20.12.1937 расстраляны ў Менску.

Язэп Лёсік

Правадзейны член аддзелу мовы і літаратуры Інстытуту беларускае культуры.​

У ліпені 1930 арыштаваны. Пастановай ОГПУ ад 10.4.1931 сасланы на 5 гадоў у Саратаўскую вобласьць. У чэрвені 1938 арыштаваны, 31.3.1940 асобай нарадай НКВД засуджаны на 5 гадоў канцлягеру, 1.4.1940 памёр у турме (паводле афіцыйнай вэрсіі).

Антон Бáліцкі

Народны камісар асьветы, старшыня сэкцыі беларускае мовы і літаратуры Інстытуту беларускае культуры.​

3.9.1930 арыштаваны. Пастановай калегіі ОГПУ ад 18.3.1931 атрымаў 10 гадоў канцлягеру. 30.10.1937 ваеннай калегіяй Вярхоўнага суду БССР засуджаны на сьмерць, 31.10.1937 расстраляны ў Менску.

Усе шэсьць чалавек, што надавалі Канфэрэнцыі дзяржаўны й акадэмічны статус, загінулі: чацьвёра расстраляныя, адзін знойдзены застрэленым, адзін „памёр у турме“.

У Канфэрэнцыі з правам вырашальнага голасу ўдзельнічалі 69 чалавек, было і шмат гасьцей. У камісію па рэформе правапісу, адну з профільных для Канфэрэнцыі, запісаліся 30 чалавек: як акадэмічныя навукоўцы, так і практыкі — мэтадысты, пэдагогі, рэдактары, выдаўцы, кампэтэнтныя ў правапісных праблемах. Тут не гаворым пра чальцоў камісіі Макса Фасмэра, Паўла Растаргуева, Канстанціна Німчынава і Аляксандра Сержпутоўскага, якія прыехалі з-за мяжы БССР і пасьля Канфэрэнцыі працягвалі працаваць за мяжой. Вось лёсы беларускіх удзельнікаў уласна правапіснага форуму.

  • Алесь Акулік, дырэктар Аршанскага пэдагагічнага тэхнікуму

26.12.1933 „тройка“ ГПУ ў справе „Беларускага нацыянальнага цэнтру“ засудзіла А. Акуліка на лягернае зьняволеньне. Далейшы лёс невядомы.

  • Анатоль Багдановіч, дацэнт Беларускага ўнівэрсытэту, сакратар Правапіснай камісіі Інстытуту беларускае культуры

Брат рэпрэсаванага Генадзя Багдановіча. У 1930 звольнены з працы ва ўнівэрсытэце. Пад пагрозай арышту ў 1934 пакідае Беларусь. Памёр у Херсоне 2.8.1969.

  • Генадзь Багдановіч, дацэнт Віцебскага вэтэрынарнага інстытуту

15.7.1930 арыштаваны ГПУ. Калегія ОГПУ 10.4.1931 засудзіла да 5 гадоў ссылкі ў Кіраўскай вобл. 25.7.1937 арыштаваны, 15.1.1938 загінуў у зьняволеньні. Абставіны сьмерці невядомыя.

  • Мікола Байкоў, навуковы сакратар Слоўнікавай камісіі Інстытуту беларускай культуры

19.7.1930 арыштаваны ГПУ, вызвалены 2.9.1930, на акадэмічную працу вярнуцца не дазволілі. Падчас вайны знаходзіўся ў Менску. Паводле некаторых зьвестак, арыштаваны савецкай вайсковай контравыведкай „Смерш“ у Бэрліне. Магчыма, адзін з апошніх філёлягаў, зьнішчаных у „амэрыканцы“ — менскай турме НКВД — пасьля 1946.

  • Пятро Бузук, прафэсар Беларускага ўнівэрсытэту, загадчык Дыялекталягічнай камісіі Інстытуту беларускае культуры

6.8.1930 арыштаваны ГПУ, выпушчаны, захварэў на псыханэўрастэнічны разлад. 9.2.1934 зноў арыштаваны. 3.4.1934 засуджаны „тройкай“ НКВД на 3 гады ў ссылкі ў Волагду. Арыштаваны 15.7.1937. НКВД засудзіў яго на сьмерць, 7.12.1938 расстраляны ў Волагдзе.

  • Янка Бялькевіч, дырэктар Амсьціслаўскага пэдагагічнага тэхнікуму, лексыкограф. Пазьней навуковы супрацоўнік Інстытуту беларускае культуры, Інстытуту мовазнаўства БАН.

17.2.1930 арыштаваны ГПУ. Паводле пастановы калегіі ОГПУ СССР ад 10.4.1931 сасланы на 5 гадоў у Яшкар-Алу, працаваў на лесапавале. 18.10.1960 памёр на Данбасе, так і не атрымаўшы дазволу вярнуцца. Рэабілітаваны за месяц да сьмерці.

  • Язэп Воўк-Левановіч, дацэнт катэдры гісторыі беларускае мовы БДУ

У верасьні 1930 вымушаны зьехаць у Саратаў, дзе 17.09.1937 арыштаваны. Зьняволены ў канцлягеры на Поўначы, 19.08.1943 памёр у ГУЛАГу.

  • Васіль Гарбацэвіч, настаўнік Магілёўскага пэдагагічнага тэхнікуму. Пісьменьнік

У 1933-1957 настаўнічаў у Дукоры (зь перапынкам у вайну), памёр у 1985.

  • Стэфан Гэльтман, рэктар Беларускага камуністычнага ўнівэрсытэту, рэдактар, гісторык, выдавец.

Арыштаваны ў Маскве ў ноч на 5.4.1937. Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суду СССР 20.9.1937 засуджаны на расстрэл.

  • Кастусь Езавітаў, рэдактар газэты „Голас Беларуса“, старшыня Беларускага навуковага таварыства ў Латвіі

Жыў у Латвіі. 26.4.1945 арыштаваны савецкай вайсковай контравыведкай „Смерш“. 23.5.1946 памёр у турэмным шпіталі ў Менску.

Быў арыштаваны за беларускую дзейнасьць рознымі ўладамі 5 разоў.

  • Тодар (Хведар) Імшэньнік, дырэктар Рагачэўскага пэдагагічнага тэхнікуму

15.7.1930 арыштаваны, 10.4.1931 пастановай калегіі ОГПУ сасланы на 5 гадоў ва Ўфу. Далейшы лёс невядомы.

  • Якуб Колас, Народны паэт Беларусі

У 1925 ГПУ ўчыніла яму ператрус, а потым і допыт. У 1930-я абвінавачаны ў „нацыянал-дэмакратызьме“. Сваякі рэпрэсаваныя. У 1937 ізноў допыты, 6.2.1938 ператрус. У апошні момант было вырашана не арыштоўваць Коласа.

  • Янка Купала, Народны паэт Беларусі

Пасьля хатняга арышту і канфіскацыі рукапісаў у 1921 нападкі зноў пачаліся ў 1930. Маці і сястру „раскулачылі“ і прызначылі ім высылку. Пасьля допытаў ГПУ Купала 27.11.1930 зрабіў няўдалую спробу самагубства. 28.06.1942 загінуў у нявысьветленых акалічнасьцях у Маскве.

  • Вацлаў Ластоўскі, рэдактар часопісу „Крывіч“ (Коўна). З 1927 у БССР, у БАН.

20.11.1929 звольнены з пасады неадменнага сакратара Інстытуту беларускае культуры, 21.07.1930 арыштаваны ГПУ, 06.12.1930 пазбаўлены званьня акадэміка. Пастановай ОГПУ СССР 10.04.1931 сасланы на 5 гадоў у Саратаў. 20.08.1937 арыштаваны, Вярхоўным судом СССР засуджаны на сьмерць, 23.1.1938 расстраляны ў Саратаве.

  • Антон Лёсік, настаўнік Менскага пэдагагічнага тэхнікуму, мовазнаўца, мэтадыст

Брат рэпрэсаванага Язэпа Лёсіка. У 1933 звольнены з тэхнiкуму з забаронай выкладаць. У 1940-я гг. яго абвясьцілі „ворагам савецкай улады“. Пасьля вайны жыў пад наглядам НКВД. Памёр у Мікалаеўшчыне 31 сакавiка 1950 г.

  • Язэп Лёсік, правадзейны член Інстытуту беларускае культуры (аддзел мовы і літаратуры)

У ліпені 1930 арыштаваны. Пастановай ОГПУ ад 10.4.1931 сасланы на 5 гадоў у Саратаўскую вобласьць. У чэрвені 1938 арыштаваны, 31.3.1940 асобай нарадай НКВД засуджаны на 5 гадоў канцлягеру, 1.4.1940 памёр у турме (паводле афіцыйнай вэрсіі).

Быў арыштаваны за беларускую дзейнасьць рознымі ўладамі 5 разоў.

  • Янка (Іван) Лобач, настаўнік Барысаўскага пэдагагічнага тэхнікуму

Раней быў эсэрам-максымалістам. У 1934 г. яго імя было ў выдадзеным у Маскве даведніку пра палітычных катаржанаў царскага часу. Звычайна бальшавікі не даравалі такім людзям. Далейшы лёс уведаць пакуль не ўдалося.

  • Васіль Мачульскі, сакратар літаратурнай камісіі Інстытуту беларускае культуры

21.02.1933 звольнены з Інстытуту літаратуры і мастацтва БАН як „клясава-варожы элемэнт“. У 1934 зьехаў у Маскву, там выкладаў у ВНУ, памёр у 1973.

  • Сяргей Мялешка, настаўнік Полацкага пэдагагічнага тэхнікуму

Арыштаваны ГПУ ў 1930. Пастановай калегіі ОГПУ ад 10.4.1931 сасланы ў Астрахань. Арыштаваны 17.7.1938. „Тройкай“ НКВД 5.10.1938 засуджаны на расстрэл.

  • Сьцяпан Некрашэвіч, старшыня аддзелу мовы і літаратуры Інстытуту беларускай культуры. Пазьней акадэмік, віцэ-прэзыдэнт БелАН, дырэктар Інстытуту мовазнаўства, лексыкограф, гісторык мовы

21.07.1930 арыштаваны. 10.4.1931 пастановай ОГПУ сасланы ў Сарапул (Удмуртыя) спачатку на 5, потым яшчэ на 2 гады. У лістападзе 1937 арыштаваны, 19.12.1937 ва- еннай калегіяй Вярхоўнага суду БССР засуджаны на сьмерць, 20.12.1937 расстраляны ў Менску.

  • Зьміцер Сабалеўскі, настаўнік Чырвонабярэскага агратэхнікуму

Раней быў сябрам Беларускага абласнога камітэту ў Петраградзе, удзельнік Усерасейскай дэмакратычнай нарады і Ўсебеларускага зьезду 1917. Звычайна бальшавікі не даравалі такім людзям. Далейшы лёс уведаць пакуль не ўдалося.

  • Янка (Іван) Самковіч, настаўнік Менскага рабфаку, мэтадыст, аўтар школьных падручнікаў

У 1930 сасланы, яго кнігі забароненыя. 13.07.1938 памёр у турэмным шпіталі ў Кражы Самарскай вобласьці.

  • Ісак Сербаў, навуковы супрацоўнік Інстытуту беларускай культуры, загадчык катэдры этнаграфіі БДУ

Памёр у Тамбове 21.01.1943.

  • Язэп Троська, рэдактар часопісу „Асьвета“

18.7.1930 арыштаваны, 10.4.1931 засуджаны калегіяй ОГПУ да 5 гадоў пазбаўленьня волі. Этапаваны ў Валагодзкую вобл. Далейшы лёс невядомы.

  • Уладзіслаў Чаржынскі, дацэнт Беларускага камуністычнага ўнівэрсытэту. Супрацоўнік часопісу „Полымя“, працаваў у Інстытуце беларускае культуры і БАН

28.6.1930 арыштаваны, 10.4.1931 засуджаны калегіяй ОГПУ СССР, на 5 гадоў сасланы ў Казань, дзе пасьля застаўся. Памёр у 1974.

  • Браніслаў Эпімах-Шыпіла, правадзейны член Інстытуту беларускае культуры, пазьней старшыня камісіі ІБК па складаньні слоўніка жывой беларускай мовы. Мова- і літаратуразнаўца, выдавец

Найстарэйшы арыштаваны ГПУ беларускі літаратар: 18.07.1930 яму быў 71 год. Пасьля зьняволеньня да 12.09.1930 і ператрусаў вымушаны пакінуць Беларусь. Памёр 06.06.1934 у Ленінградзе.

* * *

З 26 чалавек арыштаваныя 18. Зь іх расстраляныя ці даведзеныя да сьмерці 15. Зьехалі на чужыну або засталіся там пасьля зьняволеньня 6, бяз арышту дажылі ў Беларусі да сьмерці трое, невядомы лёс дваіх.

Падобныя лічбы можна падаць і наконт сяброў кожнае іншае камісіі Акадэмічнае канфэрэнцыі, і наконт удзельнікаў Канфэрэнцыі ў цэлым, і наконт супрацоўнікаў пазьнейшага Інстытуту мовазнаўства БАН. І ўспомніць сьмерць Браніслава Тарашкевіча ад рук НКВДыстаў 29 лістапада 1938 году.

Вокладка легендарнага першага выданьня „Беларускае граматыкі для школ“ Браніслава Тарашкевіча. Вільня, 1918. З выставы „Страчаныя абліччы“ Дзяржаўнага літаратурнага музэю Янкі Купалы

Кажуць, што цяперашні стан нашае мовы наагул, яе афіцыйныя правапіс, граматыка й слоўнікавы склад у прыватнасьці — вынік нейкіх аб’ектыўных працэсаў. Вышэйпададзеная статыстыка ілюструе тыя аб’ектыўныя працэсы.

* * *

Беларускія мовазнаўцы крывёю заслужылі права на памятны крыж у Курапатах. А ў кожным акадэмічным інстытуце, ува ўнівэрсытэтах маюць быць мэмарыяльныя знакі з імёнамі зьнішчаных савецкім рэжымам вучоных. Людзей ня вернем. Але прынамсі іхныя думкі, ідэі, спадзевы не павінны прапасьці.

Літаратура

Працы Акадэмічнае Конфэрэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі (14-21 лістапада 1926 г.) / пад рэд. С. Некрашэвіча і Ў. Ігнатоўскага; Інстытут Беларускае Культуры, Аддзел мовы і літаратуры. — У Менску, 1927.

Станкевіч, Станіслаў. Русіфікацыя беларускае мовы ў БССР і супраціў русіфікацыйнаму працэсу. (Рэпрынт з тэксту 1962 г.) — Мн.: Навука і тэхніка, 1994.

Беларуская мова: Энцыклапедыя / Пад рэд. А. Міхневіча. — Мн.: БелЭН, 1994.

Германовіч, Іван. Беларускія мовазнаўцы: у 2-х т. — Мн.: БДУ, 2006—2008.

Запрудскі, Сяргей. Беларускае мовазнаўства і развіццё беларускай літаратурнай мовы: 1920–1930-я гады. — Мн.: БДУ, 2013.

Маракоў, Леанід. Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794–1991. Энцыклапедычны даведнік: у 3-х т. — Т. 1, 2. — Мн., 2003. — Т. 3. Кн. 1. — Мн., 2004. — Т. 3. Кн. 2. — Мн., 2005.

P. S. Буду ўдзячны, калі нехта мае і паведаміць зьвесткі пра згаданых тут людзей, чый лёс мне не ўдалося на гэты момант высьветліць.