Грамадзянская ініцыятыва «Экспэрты ў абарону Курапатаў» абвясьціла адкрыты творчы конкурс «Курапаты — народны мэмарыял» пад дэвізам «Праз Курапаты — да пакаяньня».
Гэта конкурс творчых ідэй у галіне плястычнага мастацтва. Разглядаюцца архітэктурныя, скульптурныя, жывапісныя, графічныя працы, арт-аб’екты, інсталяцыі. Конкурс разьлічаны на самы шырокі склад удзельнікаў, ад прафэсійных архітэктараў, мастакоў і скульптараў — да студэнтаў, школьнікаў і малых дзяцей.
Арганізатары заяўляюць, што чакаюць ад грамадзтва ідэю, якая абагульніла б Народны мэмарыял у Курапатах — аб’яднала б усё, што там зроблена і што яшчэ ня зроблена. Да прыкладу, у мэмарыял яшчэ ня ўключаная «Дарога сьмерці», якой вазілі вязьняў на расстрэл. Адзін з чальцоў ініцыятывы Марат Гаравы падкрэсьліў:
«Мэта нашага конкурсу ў тым, каб падштурхнуць наш народ да грамадзкага пакаяньня. Мала веданьня і памяці пра Курапаты. Неабходна, каб людзі пераасэнсавалі сябе саміх, каб народ павініўся за той удзел у злачынствах, якія чыніла на нашай зямлі таталітарная сталінская сыстэма. Неабходна, каб людзі ператварыліся не ў натоўп, а ў нацыю, інакш у нас будзе адбывацца тое, што адбываецца ў Расеі».
Папярэднія вынікі конкурсу мяркуюць падвесьці на другой выставе пра Курапаты, якая плянуецца ў Менску ў кастрычніку-лістападзе 2016 году. Але конкурс працягнецца і ў наступным годзе, калі споўніцца 100 гадоў кастрычніцкаму перавароту. Паводле арганізатараў, у наступным годзе рамкі конкурсу будуць пашыраныя — да ўдзелу дапусьцяць музычныя і літаратурныя творы.
Ініцыятыву актывістаў «Экспэрты ў абарону Курапатаў» падтрымалі трынаццаць грамадзкіх арганізацыяў, сябры якіх увайшлі ў аргкамітэт конкурсу «Курапаты — Народны Мэмарыял».