Расейскую сымболіку прыбралі з аўтамабіля віцебскага АМАПу

Пра гэта Свабодзе паведаміў начальнік Упраўленьня ідэалягічнай працы і кадравага забесьпячэньня Віцебскага абласнога ўпраўленьня ўнутраных спраў палкоўнік Сяргей Пашко.

12 лютага на выезьдзе з Воршы пасьля «Маршу недармаедаў» супрацоўнікі Аршанскай ДАІ затрымалі аднаго зь лідэраў БХД Паўла Севярынца. Палітыка перасадзілі ў джып УАЗ з танаванымі вокнамі, які належыць Віцебскаму АМАПу.

Журналісты, якія прысутнічалі пры затрыманьні Севярынца, пасьпелі ня толькі заўважыць, але і сфатаграфаваць АМАПаўскі джып. На прыборнай панэлі была даволі вялікая мапа Расеі, расфарбаваная ў колеры сьцяга РФ, над ёй быў падвешаны асьвяжальнік паветра ў форме далоні з расейскім гербам і трыкалёрам. А да лабавога шкла быў прымацаваны сымбаль віцебскага АМАПу.

Чаму службовая машына беларускага АМАПу аздоблена сымболікай іншай дзяржавы? Начальнік упраўленьня ідэалягічнай працы і кадравага забесьпячэньня Віцебскага абласнога ўпраўленьня ўнутраных спраў палкоўнік Сяргей Пашко сказаў карэспандэнту, што не валодае сытуацыяй, ня чуў пра гэта, і папрасіў даслаць спасылку на ягоны электронны адрас. Азнаёміўшыся з публікацыямі, ён даў камэнтар Свабодзе:

Мной праведзена праца, каб тэрмінова праверылі ўсе машыны і прывялі ў належны стан. І каб ніякіх такіх упрыгожваньняў больш не было

— Натуральна, гэта з усіх бакоў недапушчальна. І апэратыўныя, і звычайныя нашы машыны маюць спэцыяльную стандартную афарбоўку звонку. Унутры не павінна быць ніякага навяснога абсталяваньня альбо, як у гэтым выпадку, асьвяжальнікаў паветра, падкладак, падставак пад тэлефоны. Нічога лішняга быць не павінна. Як мне далажылі, мапа — гэта падкладка пад тэлефоны, а далонь, што боўтаецца ўверсе, — гэта асьвяжальнік паветра.

Натуральна, усё прыбралі. І толькі што мной праведзена праца, каб тэрмінова праверылі ўсе машыны і прывялі ў належны стан. І каб ніякіх такіх упрыгожваньняў больш не было.

— І ўсё ж такі гэта сымболіка няхай і братняй, але чужой дзяржавы. Калі вашы байцы АМАП такія патрыёты, чаму яны сваю, беларускую сымболіку не трымаюць у аўтамабілі?

— Вось гэтыя рэчы, сувэніры прадаюцца ў нас на запраўках, у аўтамагазінах. Мы размаўлялі з гэтым супрацоўнікам, ён проста не надаў увагі гэтаму. Ніякага намеру, як пішуць у СМІ, распальваньня міжнацыянальнай варожасьці тут няма, пра гэта ня можа быць і гаворкі. Гэта ня правіла, гэта не сыстэма. Гэта выключэньне з правілаў, проста так атрымалася, не падумаў кіроўца УАЗа.

Мы правялі працу, каб такога не было. Дарэчы, мне і маім супрацоўнікам на вочы такое не траплялася. Будзем працаваць, каб наш дзяржаўны сьцяг, наш герб паўсюль быў, выхоўваем павагу да нашых сымбаляў.