Расейскія СМІ: Беларусь узнавіла мытны кантроль на мяжы з Расеяй

Беларусь пасьля абвінавачваньняў з боку Расеі ў рээкспарце і рэзкіх заяваў Аляксандра Лукашэнкі на адрас Масквы вярнула на расейска-беларускую мяжу мытныя пасты, якія былі скасаваныя пры стварэньні Мытнага саюза.

Паводле расейскага інфармацыйнага рэсурсу РБК, мытнікі правяраюць ня толькі грузавыя, але і легкавыя аўтамабілі, што, паводле відавочцаў, прывяло да вялікіх затораў на мяжы.

Паводле заявы Фэдэральнай мытнай службы Расеі (ФМС), з расейскага боку мытнага кантролю не ажыцьцяўляецца. Пра гэта заявіла агенцтву ТАСС ТАСС прадстаўнік прэс-службы ФМС Алена Грак.

Раней паведамлялася, што беларускія ўлады пачалі татальную праверку грузавікоў, якія перасякаюць ў абодва кірункі расейска-беларускую мяжу. Мяркуючы па паведамленьнях на сайце Дзяржаўнага мытнага камітэту Беларусі, праверкам падвяргаюцца ня толькі грузавыя, але і легкавыя аўтамабілі. Так, беларускія мытнікі распавялі, што канфіскавалі незадэкляраваныя ювэлірныя вырабы ў грамадзяніна Казахстана, які рухаўся на Porshe Cayenne.

У сацыяльных сетках зьявіліся сьведчаньні відавочцаў, якія сьцьвярджаюць, што ў сувязі з праверкамі чэргі на пунктах пропуску з расейскага боку расьцягнуліся на некалькі кілямэтраў. Прадстаўнік беларускай мытні пацьвердзіў факт правядзеньня мытных праверак. Паводле яго слоў, праверка аднаго аўтамабіля займае да дзесяці хвілінаў.

Мытныя пасты на межах Расеі, Беларусі і Казахстану спынілі працу 1 ліпеня 2011 года ў сувязі са стварэньнем Мытнага саюзу. Пасьля таго як Расея ў жніўні 2014 ўвяла прадуктовыя антысанкцыі супраць краінаў ЭЗ, ЗША і некаторых іншых дзяржаў, Масква неаднаразова абвінавачвала Беларусь у рээкспарце забароненых прадуктаў, а таксама ў ілжывым транзыце іх у Казахстан, калі на справе увезеныя прадукты «раствараліся» на тэрыторыі Расеі.