Галоўны санітарны ўрач Беларусі забараніў продаж на тэрыторыі Беларусі некаторых гатункаў расейскіх макаронных вырабаў і кавы. Адначасова на паліцах беларускіх крамаў зьяўляецца ўсё больш расейскіх прадуктаў харчаваньня, таньнейшых за беларускія аналягі. Адмыслоўцы заяўляюць, што гэтая тэндэнцыя зьвязаная з фінансавым крызісам у Расеі і будзе доўжыцца і надалей.
Мяса, пяльмені, цукар вытворчасьці Расейскай Фэдэрацыі — сярод іншых прадуктаў харчаваньня з Расеі на паліцах беларускіх крамаў сталі масава зьяўляцца некалькі тыдняў таму. Пры гэтым расейскія тавары, раней не характэрныя для беларускага гандлю, таньнейшыя за беларускія на сотні, тысячы і нават дзесяткі тысяч рублёў. Найчасьцей гэта можна пабачыць у сталічных гіпэрмаркетах і іншых буйных крамах. Хоць супрацоўнікі адной з крамаў сеткі «Эўраопт» пры гэтым сьцьвярджаюць, што асаблівых зьменаў у гандлі не адбываецца:
Карэспандэнтка: «Якія прадукты харчаваньня з Расеі вы атрымліваеце звычайна?»
Прадавачка: «Розныя, перадусім — замарожаныя. Гэта агародніна, некаторыя гатункі рыбы, пяльмені, мясныя паўфабрыкаты — усё гэта ў малой колькасьці».
Карэспандэнтка: «Бачу таксама, што ёсьць расейскі цукар і ён таньнейшы, чым беларускі».
Прадавачка: «Так, на дзьвесьце рублёў таньнейшы і яго два віды. Беларускага ж нашмат больш.»
Што думаюць пра расейскія прадукты харчаваньня, таньнейшыя за беларускія, спажыўцы гэтых тавараў, цікаўлюся ў пакупнікоў менскай крамы «Эўраопт»:
Карэспандэнтка: «Бачу, на паліцы стаіць цукар: расейскі — 9. 750 беларускіх рублёў, беларускі — 9.950; які выбераце?»
Пакупніца: «Усё ж беларускі. Ён больш салодкі — шчыра вам скажу. Я звычайна выбіраю скідальскі. Брала жабінкаўскі, і ён вельмі адрозьніваецца. Ну і я хачу падтрымліваць айчыннага вытворцу».
Беларускі цукар больш салодкі — шчыра вам скажу
Карэспандэнтка: «А чаму так здараецца, на Вашую думку, што расейскі тавар таньнейшы за беларускі?»
Пакупніца: «Пэўна, гэта нашыя гандлёвыя надбаўкі, пра якія ўжо неаднойчы гаварылася, калі кошты завышаныя на 40-50%. Вось гэтыя гандлёвыя арганізацыі самі прыдумляюць сабе надбаўкі і завышаюць іх».
Пакупніца: «Я асабіста выбіраю той тавар, які таньнейшы. Чаму так здараецца, што расейскі тавар таньнейшы — ня ведаю, але я выбіраю тое, што таньней».
Пакупнік: «Я як мужчына рэдка дапільноўваю кошты тавараў і вытворцаў. Але лічу, што ў нас якасныя тавары, не зважаючы нават на тую шуміху, якая нядаўна была. Чаму расейскія прадукты таньнейшыя — не магу сказаць. Павінны нашы таньнейшымі быць — пэўна, штосьці ў нас ня так».
Палітык і эканаміст Леў Марголін мяркуе, што больш танныя расейскія прадукты харчаваньня на паліцах беларускіх крамаў ёсьць вынікам падзеньня курсу рубля ў Расеі. І бліжэйшым часам гэтая тэндэнцыя захаваецца, кажа спадар Марголін:
«Гэта вельмі звыклая зьява, бо нікога не зьдзіўляла і тое, што беларускія тавары можна было набыць у Расеі па ніжэйшых коштах, чым дома. Усё залежыць ад рынкавай эканомікі і стану ўнутраных коштаў той дзяржавы, якая вырабляе гэтыя тавары.
Цяпер, калі расейскі рубель стаў таньнейшы адносна даляра, эўра і нават беларускага рубля больш, чым на 40%, то зразумела, што расейскія прадукты і тавары ў пераліку на іншую валюту сталі на 40% таньнейшыя. І таму іх выгадна да нас завозіць. Людзі гэта зразумелі і паехалі па машыны, лядоўні і тэлевізары. Гэта зразумелі і бізнэсоўцы, якія бачаць, што можна завозіць сюды і прадаваць прадукты харчаваньня.
І калі тавары першай групы — прамысловыя тавары — неўзабаве пачнуць у Расеі даражэць (кажуць, што ўжо цяпер кошты на гэтыя тавары выстаўляюць ва ўмоўных адзінках, на якія расейцы даўно ўжо забыліся), то прадукты харчаваньня яшчэ доўга будуць заставацца на ранейшым узроўні кошту — больш таннымі, чым у Беларусі. І чым больш будзе падаць расейскі рубель, тым большай будзе гэтая розьніца паміж коштамі. Таму, я думаю, мы яшчэ пабачым у нашых крамах шмат розных прадуктаў расейскай вытворчасьці, — прызвычайвайцеся».