Расейскі псыхоляг Казлоў адпушчаны з Кастрычніцкага РУУС Менску

Міхаіл Казлоў

Затрыманага па падазрэньні ў махлярстве расейскага псыхоляга Міхаіла Казлова адпусьцілі зь міліцыі. Пра гэта ён сам паведаміў на сваёй старонцы ў Instagram

«На апошнім трэнінгу „Пераадоленьне“ ў Менску здарыўся інцыдэнт, калі раўнівы муж уварваўся ў залю і сілком вывеў сваю жонку, яна плакала. На трэці дзень ён пачаў пагражаць нам праз тэлефон мясцовым КДБ, але я засьмяяўся яму ў твар і, мабыць, дарма. Праз 5 гадзін проста падчас трэнінгу ў залю ўварваўся чувак зь велізарнай сякерай, які пры гэтым жудасна гарлаў, а за ім і АМАП. Усіх паклалі на падлогу, а я з гонарам заявіў, што я грамадзянін Расеі і патрабую расейскага консула. І тут жа адчуў удар бота ў бок і яшчэ пару ўдараў дубінкай па галаве», — піша Казлоў.

Псыхоляга Міхаіла Казлова затрымалі 14 жніўня падчас трэнінгу па асобасным росьце «Абуджэньне» на вуліцы Варанянскага. Яго даставілі ў Кастрычніцкі РУУС Менску.

Там патлумачылі, што на тэлефон міліцыі «102» патэлефанавала жанчына, якая паведаміла, што падчас трэнінгу адносна яе былі ўчынены «абразьлівыя дзеяньні, якія прыніжаюць гонар і годнасьць». Плюс да ўсяго Казлоў «махлярскім шляхам завалодаў яе грашовымі сродкамі ў памеры 250 даляраў».

Казлова затрымлівалі ня толькі міліцыянты, а і супрацоўнікі службы наркакантролю — сярод іншага, расейца западозрылі ў гандлі людзьмі і па адным з артыкулаў, зьвязаных з наркотыкамі.

Чым скончыўся разбор — у міліцыі не паведамляюць.

Міхаіл Казлоў працаваў псыхолягам расейскага тэлеканалу ТНТ і рэаліці-шоў «Дом-2». Праводзіць трэнінгі па асабістым разьвіцьці, ня раз прыяжджаў зь імі ў Менск.