Вячаслаў Ракіцкі. Як я стаў свабодным

Вячаслаў Ракіцкі

Радкі зь ненапісанай аўтабіяграфіі Вячаслава Ракіцкага, шматгадовага аўтара Свабоды, тэатральнага крытыка, пэдагога, рэдактара, які 13 кастрычніка адзначае 65-годзьдзе.

Нацыяналіст

Зьявіўся на сьвет 13 кастрычніка 1953 году ў заходнебеларускім мястэчку Празарокі на Глыбоччыне — даволі знаным, з багатай гісторыяй. Само месца нараджэньня ў істотнай ступені перадвызначыла ўвесь наступны творчы і жыцьцёвы шлях. Тамтэйшы фальварак Палівачы — радзіма сучаснага беларускага тэатру. Менавіта там Ігнат Буйніцкі стварыў першую прафэсійную тэатральную трупу, дзе на вечарынах сярод іншых танчыла і мая бабуля.

З бацькамі Антонам і Зосяй, бабуляй Марыяй і старэйшым братам Антонам

Ад самага дзяцінства я чуў ад бацькоў і сваіх аднавяскоўцаў, хоць і гаварылі гэта шэптам, пра злачынствы, якія ўчынялі камуністы пасьля прыходу ў 1939 годзе. Дзядуля і бабуля па мацярынскай лініі — так званыя «кулакі». Даволі заможныя сяляне, яны былі рэпрэсаваныя. Але калі бабуля пасьля сьмерці Сталіна вярнулася на радзіму з казахстанскай высылкі, дзедавы сьляды згубіліся ў Кіргізіі. І колькі мы з мамай ні спрабавалі іх адшукаць, гэта ня мела плёну. Усё, што засталося, гэта дакумэнт пра высылку, які адшукаў мой калега Сяргей Навумчык у віцебскіх архівах КДБ.

Васьміклясьнік Слава. 1 верасьня 1967 году

У першую ж дэпартацыю была сасланая ў Архангельскую вобласьць сястра мамы, а пазьней — і яе брат. Цётка Люба — за тое, што мела ільнафабрыку. Ужо там, у голадзе і холадзе, памёр яе адзіны сынок. А пасьля ўжо з арміяй Андэрса яна прайшла палову Эўропы, пажыла ў Лібане і ўрэшце асела ў Лёндане, дзе ў 100-гадовым узросьце і завяршылася яе жыцьцё. Дзядзька Косьця, настаўнік беларускай мовы, дэпартаваны за нацыяналізм, памёр па дарозе ў ссылку.

Так што мае антыкамуністычныя і нацыяналістычныя погляды былі сфармаваныя практычна ў дзяцінстве, хоць, натуральна, выявілася гэта пазьней: шмат давялося дадумваць, даадчуваць, бо ня ўсё гаварылася ўслых. Дарэчы, Радыё Свабода ўпершыню пачуў таксама ў Празароках, калі позна вечарам у бацькоўскім пакоі праз шум прарываліся, як тады казалі, «галасы з-за бугра». Тады і падумаць ня мог, што праз пэўны час і сам буду вяшчаць з таго «бугра».

У школьным узросьце мне ня раз даводзілася пачуць у сьпіну грэблівае — «кулацкі ўнук». А мама, настаўніца, натуральна, «кулацкая дачка», увогуле нацярпелася спаўна.

​Ну, а затым былі гады на факультэце журналістыкі БДУ, таксама няпростыя. З аднаго боку, я радасна набіраў веды, а зь іншага, пастаянна адчуваўся ідэалягічны ціск. Як бы там ні было, я адвучыўся, атрымаў чырвоны дыплём.

Пачатак вучобы на журфаку

Крытык

Яшчэ ў дзяцінстве я пісаў у газэты «Піянэр Беларусі», «Зорька». А яшчэ ўдзельнічаў у школьнай мастацкай самадзейнасьці. Вось і паўстала дылема: паступаць на акторскі ў Тэатральна-мастацкі інстытут — ці на журфак ва ўнівэрсытэт? У апошні момант, напалохаўшыся конкурсу ў тэатральным, выбраў журфак, хоць і тут конкурс аказаўся ня меншы.

Студэнт журфаку

На журфаку сустрэў Тацяну Дзьмітрыеўну Арлову, якая чытала спэцкурс па тэатральнай крытыцы. Я актыўна хадзіў у тэатры, і неяк на 4 курсе яна паклікала мяне на прэм’еру самастойнай працы менскіх актораў «Шкляны зьвярынец» паводле Тэнэсі Ўільямса. На банкеце Арлова пазнаёміла мяне з рэжысэрам Тэатру імя Массавету Паўлам Хомскім. Ён запытаў, ці чытаў я «Маладую гвардыю»? «Суцэльная прапаганда», — кінуў я. І ён, запрошаны ў менскі Тэатар юнага гледача паставіць паводле таго раману гераічны м’юзыкал, прапанаваў мне за ноч перачытаць твор і падумаць над вобразам маладагвардзейца Івана Земнухова. Гэта была шчасьлівая ноч: спаўнялася мая мара — стаць артыстам. А ў савецкай журналістыцы я ўжо пасьпеў расчаравацца.

Першы курс журфаку

На наступны дзень з дрыжыкамі ў каленях я ішоў у тэатар. На подступах сустрэў абаяльнага маладога чалавека, які таксама крыху баязьліва паглядаў на службовы ўваход. Мы пазнаёміліся, гэта быў Сяргей Журавель. Так пачалося наша вар’яцкае, шалёнае сяброўства. Пазьней Журавель стаў народным артыстам, а пару гадоў таму яго ня стала...

Вясельле сябра Сяргея Жураўля

Тэатар закруціў, мы гралі, гэты спэктакль і наступныя мелі посьпех, нас пазнавалі на вуліцах.

Спэктакль «Маладая гвардыя». Вячаслаў Ракіцкі (зьлева) у ролі Івана Земнухова

А тут надышло разьмеркаваньне з журфаку, я як уладальнік чырвонага дыплёма ішоў на ім другім. Дырэктарам тэатру быў Артур Вольскі, які дамогся заяўкі на мяне ў Міністэрстве культуры на пасаду загадчыка пэдагагічнай часткі. За мяне была ўся катэдра радыё і тэлебачаньня, я з падзякай згадваю пэдагогаў Людмілу Шылаву, Азу Плаўнік, Мікалая Дастанку, Яўгена Радкевіча. Але ж разьмяркоўвалі тады выпускнікоў журфаку па райкамах і абкамах, у падначаленыя ім СМІ. Старшыня экзамэнацыйнай камісіі спыніў разьмеркаваньне, пачаў тэлефанаваць старшыні Дзяржтэлерадыё і выбіў для мяне пасаду рэдактара ў літаратурна-драматычную рэдакцыю БТ. Я і ад яе адмовіўся, працягваў працаваць у тэатры.​

Падчас вучобы на журфаку БДУ

Крыху пазьней Артур Вольскі падключыў да майго лёсу загадчыка аддзелу культуры ЦК КПБ, драматурга Алеся Петрашкевіча, і я застаўся ў тэатры. Граў на сцэне і працаваў загадчыкам літаратурнай часткі. З галоўным рэжысэрам ТЮГу Рыгорам Баравіком мы стварылі цікавы рэпэртуар. Вось тады я ўжо сур’ёзна захапіўся драматургіяй і тэатральнай крытыкай. У нейкі час стала зразумела, што мой шлях — гэта тэатразнаўства.

Я пераходжу ў сэктар тэатру Інстытуту мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру Акадэміі навук. Паралельна паступаю ў асьпірантуру, пішу дысэртацыю «Эвалюцыя жанру народнай драмы ў беларускім тэатры». Дапрацоўваў яе ў Маскве і абараніў ва Ўсесаюзным навукова-дасьледчым інстытуце мастацтвазнаўства, дзе працавалі выбітныя гісторыкі і тэарэтыкі тэатру, якіх і лічу сваімі настаўнікамі ў прафэсіі, — Уладзімір Фралоў, Іна Вішнеўская, Аляксей Барташэвіч, Анатоль Сьмялянскі, Юры Дзьмітрыеў, Канстанцін Рудніцкі.

У гэты час я і адбыўся як тэатральны крытык. Мяне пачалі запрашаць на тэатральныя фэстывалі па ўсім СССР, я выступаў на абмеркаваньнях спэктакляў, канфэрэнцыях, шмат друкаваўся. Калі Беларусь вярнула сабе незалежнасьць, пачаў прадстаўляць маладую краіну за мяжой. У 1992 годзе быў запрошаны з дакладам у японскі Сапара, у Цэнтар вывучэньня славянскіх культураў Хакайдзкага ўнівэрсытэту.

Падчас сымпозіюму ў японскім Сапара

Пазьней, ужо будучы сябрам прэзыдыюму Саюзу тэатральных дзеячаў Беларусі, ініцыяваў стварэньне Беларускага цэнтру Міжнароднага інстытуту тэатру. Браў удзел у трох сымпозіюмах па старажытнагрэцкай драме на Кіпры.

За трыбунай міжнароднай тэатральнай канфэрэнцыі. Кіпр, 1994 год

Выступаў з дакладамі на фэстывалях у Нямеччыне, Славаччыне, Літве, Польшчы, на ўсясьветным кангрэсе тэатразнаўцаў у Маскве. Мяне, як той казаў, панесла. Я сябраваў з тэатрамі, акторамі, рэжысэрамі. Мы сварыліся і мірыліся. Такое шчасьце крытыка...

Кабінэт мастацкага кіраўніка Купалаўскага тэатру Валерыя Раеўскага (справа). Мікалай Матукоўскі, Вячаслаў Ракіцкі, Уладзімер Савіцкі

Я вельмі рады, што пісаў пра творчасьць такіх выбітных беларускіх рэжысэраў, як Юры Міроненка, Валеры Масьлюк, Барыс Луцэнка, Валеры Раеўскі, Валеры Мазынскі, Мікалай Пінігін, актораў Стафаніі Станюты, Ліліі Давідовіч, Аляксандры Клімавай, Расьціслава Янкоўскага, Генадзя Гарбука, Зьдзіслава Стомы, Віктара Манаева, Сяргея Жураўля і шмат пра каго яшчэ. Побач зь імі прайшло маё жыцьцё як тэатральнага крытыка і проста чалавека. Хіба гэта ня шчасьце?!

З актрысай Вольгай Клебановіч

Але было і няпроста. Сэктар тэатру ўзначальваў член-карэспандэнт Уладзімер Няфёд. З аднаго боку, ён напісаў гісторыю беларускага тэатру, а зь іншага, менавіта ён сфальшаваў яе. Пэўны час я хадзіў у ягоных шыхтах, але ня мог цярпець бясконца загады дуць зь ім у адну дуду. Я заўсёды меў свой погляд на мастацтва і ўрэшце перастаў хаваць яго.

Расплата не прымусіла сябе доўга чакаць. Ён быў кіраўніком маёй дысэртацыі і адправіў у Маскву далёка ня лепшую рэцэнзію на маю навуковую працу. Але там ведалі цану Няфёду, і адмоўны водгук рэтраграда нават дапамог мне. Ну, а апошняй кропляй стаў мой удзел у абароне пастаноўкі рэжысэрам Масьлюком спэктакля «Тутэйшыя» ў Магілёўскім драмтэатры. Улады катэгарычна не хацелі яго прымаць, але я, мае калегі Тамара Гаробчанка, Клара Кузьняцова, Анатоль Сабалеўскі зрабілі ўсё, каб ён быў. Зрэшты, спэктакль усё роўна забаранілі, а мяне Няфёд распарадзіўся выгнаць з Акадэміі. Але мне ў жыцьці заўсёды шанцавала зь людзьмі.

Тэлевізійнік

Часы тэлевізійнай працы

Тады я сябраваў з драматургам Аляксеем Дударавым. Ён затэлефанаваў тагачаснаму старшыні Дзяржтэлерадыё Генадзю Бураўкіну, той — загадчыцы рэдакцыі літаратурна-драматычных праграмаў тэлебачаньня Вользе Іпатавай. І ўжо празь дзень я сеў у крэсла загадчыка аддзелу літаратуры і мастацтва. Апынуўся там, куды адмовіўся ісьці паводле разьмеркаваньня. Але гэта ўжо было тэлебачаньне Бураўкіна!

Перадача «Тэатар і час», інтэрвію зь Ёнасам Вайткусам

Я ня толькі кіраваў аддзелам, а і меў свае аўтарскія цыклі: паўтарагадзіннае шоў «Тэатар і час», а таксама «Пасьля прэм’еры». Пры падтрымцы Бураўкіна мы мелі на мэце пакінуць для наступных пакаленьняў беларусаў творчасьць выбітных тэатральных дзеячаў, літаратараў, мастакоў.

«Пасьля прэм’еры» з Алесем Жуком

Мы запісвалі тэатральныя спэктаклі ў спадзяваньні, што яны застануцца нашчадкам. Але вось жах: пасьля нас прышлі на БТ барбары, якія не адлічбавалі, а размагніцілі ўсе стужкі. Усё, што мы запісалі, незваротна зьнікла. Калі памерла Стэфанія Станюта, не маглі адшукаць некалькі хвілінаў запісу зь ёй.

Праграма «Пасьля прэм’еры», гутарка з Аляксандрам Валодзіным

Таксама мы стваралі тэлетэатар. З тэатральна-мастацкага інстытуту прыходзілі маладыя рэжысэры, якія здымалі арыгінальныя тэлевізійныя спэктаклі. Тое, чаго цяпер зусім няма. Менавіта адтуль выйшлі Валеры Мацюшэўскі, Надзея Гаркунова, Андрэй Астравух. Безь перабольшаньня магу сказаць: гэта быў залаты век тэлебачаньня. Але ён скончыўся разам з сыходам Генадзя Бураўкіна, а сьледам і іншых знакавых асобаў. Сышлі і мы з Іпатавай.

На Беларускім тэлебачаньні, другая палова 1980-х

І толькі праз 20 гадоў я зноў вярнуўся на тэлебачаньне. У 2007-м мяне запрашаюць супрацоўнічаць зь незалежным тэлеканалам «Белсат», які базуецца ў Польшчы. Пачаў з праграмаў пра дакумэнтальнае кіно «Блізкая гісторыя. Іншы погляд». Паказваў стужкі творцаў Усходняй і Цэнтральнай Эўропы пра пераход ад камунізму да новай рэальнасьці.

А потым настаў 2010 год, Плошча. Напярэдадні ў Варшаве мяне пазнаёмілі з маладым рэжысэрам Андрэем Куцілам. Рэдактарам падалося, што можа атрымацца цікавы дуэт: мая дасьведчанасьць, вопыт у журналістыцы — і рэжысэрскія пошукі Андрэя. Плошча нас так узрушыла, што мы не маглі не сказаць і свайго слова пра тое, што там адбылося ў сьнежні 2010-га.

Зрабілі дакумэнтальны цыкль «Сьцяна» — маналогі-споведзі на белым фоне ўдзельнікаў Плошчы. Тым часам пачаліся крымінальныя справы і пасадкі. Так паўстала ідэя «Кратаў» — гэтым разам ужо на чорным фоне мы зьнялі аповеды людзей, якія прайшлі праз турэмныя зьдзекі. А ўжо да гадавіны Плошчы выйшаў наш поўнамэтражны фільм «Даволі! Да Волі...», які меў і міжнародны посьпех. Ён атрымаў галоўную ўзнагароду публікі на фэстывалі ў Харватыі, быў паказаны ў Шатляндыі, Славаччыне, ва Ўкраіне.

З Андрэем Куцілам падчас уручэньня галоўнай узнагароды на фэстывалі ў Польшчы

Тэму Плошчы мы працягнулі і ў фільмах-партрэтах пра дэмакратычных кандыдатаў у прэзыдэнты, якія на той час сядзелі ў турмах, — «Выбар Саньнікава» і «Дарога Статкевіча». А на падставе ліставаньня Зьмітра Дашкевіча і Насты Палажанкі зрабілі дакумэнтальны фільм «Каханьне па-беларуску». Стужка атрымала галоўную ўзнагароду на фэстывалі «Мастацтва факту» ў Польшчы.

Застаючыся з Андрэем сябрамі, цяпер мы займаемся кожны сваім. Я ўзяўся за ідэю, якая ідзе да завяршэньня — відэагісторыя камуністычнай і посткамуністычнай Беларусі. Пачаў з канца: зьняў 40 эпізодаў сэрыялу «Сьведкі». Гэта — гісторыя змаганьня за незалежнасьць ад першых падпольных нацыянальных арганізацый пачатку 1980-х да Плошчы-2010.

Апошнія тры гады здымаю «Даты праўды» — дакумэнтальны сэрыял, прысьвечаны 100-годзьдзю БНР, дзе адлюстроўваю найважнейшыя падзеі гісторыі Беларусі ХХ стагодзьдзя. Зроблена 20 сэрый, ідуць перамовы, каб працягнуць цыкль і ў наступным годзе. Мая задума, каб гэтыя два сэрыялы сталі своеасаблівым відэападручнікам па беларускай гісторыі апошняга стагодзьдзя. Мы мусім папулярызаваць беларускі погляд на нашу драматычную гісторыю, якую ў нас скралі чужынцы.

Рэдактар

Канец 1980-х. Беларуская інтэлігенцыя разумее, што трэба і можна нешта рабіць дзеля адраджэньня нацыянальнай культуры. У паветры луналі перамены. Менавіта тады выбітны пісьменьнік Іван Чыгрынаў, маючы ўваход у партыйныя кабінэты, вырашыў стварыць часопіс «Спадчына» на базе спэцыялізаванага выданьня «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі». Запрашае туды Вольгу Іпатаву, а сьледам за ёй — мяне. Мы ўжо ведалі, што з дня на дзень тэлебачаньне пакіне Генадзь Бураўкін, нас нічога не трымала.

Калектыў склаўся фантастычны: Вінцук Вячорка, Кастусь Тарасаў, Уладзімер Ляхоўскі, Алесь Анціпенка. Мы мелі на мэце вярнуць дзясяткі, сотні, а можа і тысячы рэпрэсаваных, зьнішчаных тэкстаў. Менш за ўсё друкавалі дасьледаваньні сучасных аўтараў, вярталі тое, што было раскідана па ўсім сьвеце. Мы друкавалі творы Францішка Аляхновіча, Вацлава Ластоўскага, Юркі Віцьбіча...

Мы адшуквалі страчаныя тэксты, дзе толькі маглі, нам іх прывозілі з эміграцыі. Часам узьнікалі спрэчкі. Напрыклад, друкаваць ці не кнігу Малецкага «Пад знакам Пагоні». Тарасаў лічыў людзей, якія ўдзельнічалі ў беларускім нацыянальным руху падчас апошняй вайны, калябарантамі. Мы зь Вячоркам трымаліся іншай думкі. Надрукавалі!

Ня ўсё было проста, даводзілася пераадольваць розныя перашкоды. Скажам, нас вельмі не любіла супрацоўніца Мінінфармацыі Лілія Ананіч, якая потым стала міністаркай. У яе нараджаліся дзясяткі ідэяў, як нас зьнішчыць. Яна пляла інтрыгі, хацела зьліць некалькі часопісаў у адзін. Мы не атрымлівалі фінансаваньня, працавалі фактычна бясплатна. Нам падкідалі «саўковых» людзей, якія вінавацілі нас у русафобіі, фальшаваньні гісторыі і г.д. Зрэшты, Іван Гаўрылавіч Чыгрынаў таксама хутка зразумеў, што мы зайшлі занадта далёка...

Калі хмары сабраліся настолькі чорныя, што здавалася — усё, канец, — уратаваў часопіс, па сутнасьці, у апошні дзень сваёй працы на пасадзе міністра інфармацыі і культуры Анатоль Бутэвіч. На ягонае распараджэньне я заняў месца ўжо звольненага Івана Чыгрынава. А выданьне, якое фармальна лічылася органам Фонду культуры, стала першым незалежным культурніцкім часопісам. Часопіс быў культавы, ягоны наклад даходзіў да 12 тысяч асобнікаў. Па сёньняшні дзень людзі з удзячнасьцю згадваюць нашу працу. Таму адным з галоўных здабыткаў свайго жыцьця я небеспадстаўна лічу менавіта рэдагаваньне «Спадчыны». Дзеля гэтага ў пэўнай ступені закінуў тэатральную крытыку, тэатар, каб стаць прапагандыстам гісторыі.

З былой старшынёй БАЖ Жаннай Літвіной

І яшчэ. На піку папулярнасьці часопіс пакідае Вольга Іпатава — яшчэ раней яна прыдумала газэту «Культура». Дамагаецца рэгістрацыі, пачынае выпускаць, і я, працуючы ў «Спадчыне», быў яшчэ яе намесьнікам у «Культуры». Газэта мела філязофскі напрамак, там працавалі Валянцін Акудовіч, Віталь Тарас, Юрась Барысевіч, Міхал Равуцкі. Было ўнікальнае выданьне, пакуль сама Іпатава не прывяла туды Людмілу Крушынскую. Тая разбурыла газэту, зрабіўшы яе прыдворнай.

Пэдагог

Людзі культуры, якія дбалі пра нацыянальнае адраджэньне, цудоўна разумелі: будучыня Беларусі немагчымая без адукаванай моладзі. У гэты час кінарэжысэр Уладзімер Колас з аднадумцамі арганізуюць Беларускі гуманітарны ліцэй. Пачынаюць зьбіраць выкладчыкаў, запрашаюць і мяне весьці курс гісторыі сусьветнай культуры. Нам за 40, але мы па-ранейшаму ахопленыя энтузіязмам. Алег Трусаў, Валянцін Голубеў, Лявон Баршчэўскі, Анатоль Сідарэвіч, шэраг іншых выбітных асобаў. Мы разумеем, што савецкая школа цалкам зжыла сябе, таму пачынаем распрацоўваць свае праграмы, і іх зацьвярджае Міністэрства адукацыі.

Першыя гады былі ўнікальныя, шалёны конкурс на паступленьне. Заняткі зь ліцэістамі давалі фантастычнае задавальненьне, гэта была спроба размаўляць на роўных з зусім маладымі людзьмі, нашымі дзецьмі. Сусьветны тэатар, сусьветнае кіно. Яны гэта глыталі! Некаторыя дыскусіі памятаю дагэтуль.

У гэты ж час я пачынаю выкладаць у Акадэміі мастацтваў. Тады, калі яе ўзначальвалі сапраўдныя патрыёты — рэктар Васіль Шаранговіч, прарэктар Андрэй Каляда. Прыходжу на катэдру, якую ачольвае Міхась Раманюк. Якое гэта было шчасьце працаваць з такімі людзьмі!

Паспрабавалі перакінуць павагу да нашай культуры, гісторыі на тэатральны факультэт — «градус нацыяналізму» быў там значна меншы, чым на мастацкім, дзе працавалі Ўладзімер Басалыга, Аляксей Марачкін, Уладзімер Вішнеўскі. Катэдра, а сьледам і рэктарат, ішлі нам насустрач. Да майго прыходу асобнымі прадметамі вывучаліся гісторыя рускага тэатру, беларускага і замежнага, але я дамогся зьліквідаваньня «Гісторыі рускага тэатру», увёўшы яе ў замежную, дадаўшы туды і гісторыю тэатру народаў СССР. СССР ужо ж не было...

У гэты час у авангардзе быў Унівэрсытэт культуры, рэктарам якога працавала Ядзьвіга Грыгаровіч. Яна прапанавала мне і Аляксею Дудараву набраць курс драматургаў — упершыню ў гісторыі Беларусі. Былі крыху шакаваныя яе ідэяй, вагаліся, але вырашылі паспрабаваць. Набралі 8 чалавек, пасьля першага курсу, як звычайна, палову адлічылі. Далей Дудараву стала ня вельмі цікава, ён кінуў, і наступныя 4 гады я вёў групу самастойна.

Усе прадметы, зноў жа, выкладаліся толькі па-беларуску. Грыгаровіч ва ўсім ішла насустрач, і калі я бачыў, што выкладчык нейкі прадметы звычайна вядзе па-расейску, я папярэджваў, што з гэтай катэдры ў мяне выкладчыкаў ня будзе... Драматургамі студэнты ня сталі, хтосьці стаў рэжысэрам-дакумэнталістам, хтосьці радыёжурналістам. У любым выпадку, мы выхавалі чацьвярых адукаваных і сьвядомых людзей.

​А яшчэ ў шчасьлівыя, як для мяне, 1990-я ўзьнікаюць першыя прыватныя навучальныя ўстановы. Калі Шырокаў адкрываў Інстытут сучасных ведаў, быў заплянаваны прадусарскі факультэт. Загадчыкам катэдры стаў народны артыст Беларусі, выбітны рэжысэр, мой блізкі сябра Ігар Дабралюбаў. Ён і паклікаў мяне выкладаць гісторыю тэатру. Там ужо былі больш разьняволеныя маладыя людзі: заплацілі — значыць, хочуць нешта атрымаць. Хоць трапляліся і бэйбусы, якім нічога не было цікава.

Я спрабаваў экспэрымэнтаваць. Даходзіла да таго, што студэнты прыводзілі сяброў і падчас лекцыі проста не было дзе ступіць. Прынамсі, ставіў задачу выхаваць прынцыпова свабодных людзей. Спадзяюся, мне гэта ўдалося.

Свабодавец

Пры мікрафоне Вячаслаў Ракіцкі

Свабоду я пачуў у самым раньнім дзяцінстве, і яе пазыўныя стаялі і стаяць у маіх вушах аж да сёньня. Пазьней, калі пачаў пераасэнсоўваць і сваё жыцьцё, і разуменьне сьвету, я зноў пачаў слухаць навіны «з-за бугра». Асабліва мяне ўсхваляваў голас Язэпа Барэйкі — ужо ня мог прапусьціць ніводнай ягонай перадачы. Ён стаў маім кумірам.

Магу сказаць шчыра: часьцяком, застаючыся сам-насам, фантазіяваў. Нібыта сяджу ля мікрафона і прамаўляю: «Гаворыць Радыё Свабода». Гэта была патаемная мара — хоць калі-небудзь сказаць у эфіры магічныя словы «Гаворыць Радыё Свабода». І адбылося. Я іх пазьней прамовіў сотні, тысячы разоў! Збылася яшчэ адна мара. Як мара працаваць у тэатры, на тэлебачаньні, як мара здымаць кіно. Я апынуўся на тым радыё, якое дапамагло ў зьнішчэньні маіх ворагаў-камуністаў, у разбурэньні пачварнай краіны СССР.

Так сталася, што ў канцы 1990-х, калі мы працавалі ў часопісе «Спадчына», нам зь Вінцуком Вячоркам прапанавалі паспрабаваць зрабіць на Свабодзе цыкль «Неабжытая спадчына». Фактычна гаворка вялася пра радыёвэрсію матэрыялаў, што выходзілі на нашых старонках. Гэта было ў 1997 годзе. Я 21 год на Свабодзе...

У праскай студыі навінаў

Потым Вінцук пайшоў у палітыку. А мне ў 2000 годзе дырэктар Беларускай службы Аляксандар Лукашук прапанаваў зрабіць уласную гістарычна-культуралягічную перадачу, якая б адкрывала Беларусь з самых нечаканых бакоў. Па сутнасьці, я прыходзіў на месца Язэпа Барэйкі. Падчас аднаго абмеркаваньня з Аляксандрам і нарадзілася назва — «Беларуская Атлянтыда». Перадача, якая мела фантастычна шчасьлівы лёс, бо ня ведаю, якая яшчэ праграма на Свабодзе праіснавала амаль 20 гадоў.

Вялікая ўдача, і я гэтым ганаруся, што здолеў сабраць самых яркіх беларускіх гісторыкаў, фальклярыстаў, этнографаў, філёзафаў, літаратуразнаўцаў, якія разам са мной шукалі «Беларускую Атлянтыду»: Тацяна Валодзіна, Валянцін Акудовіч, Сяргей Харэўскі, Пётра Васючэнка... Вынікам супольных пошукаў стаў і аднайменны двухтомнік, які хутка зрабіўся бібліяграфічнай рэдкасьцю (PDF-вэрсіі: том 1, том 2).​

Але ня толькі «Беларуская Атлянтыда». Была на радыё праграма «Ад панядзелка да панядзелка», я быў сярод першых, хто рабіў «Палітычныя геаграфіі». Калі ўзьнікла тэлебачаньне, мы з Ганнай Соўсь рабілі «Свабоду бяз гальштукаў», а потым і «Госьць на Свабодзе». Нарадзілася ідэя праекту «100 адрасоў Свабоды» — пазьней сотня перадачаў таксама вылілася ў кнігу.

А паралельна цягам некалькіх гадоў я працаваў у праскай студыі на навінах. Я праехаў вельмі многа краін, я бачыў самыя буйныя і яркія гарады — Токіё, Парыж, Лёндан, Нью-Ёрк, Бэрлін, Вену. Але ўсё роўна асаблівае месца займае Прага. Зь яе фантастычнай атмасфэрай, свабодай, душэўнасьцю, півам, урэшце. Седзячы штодня пры мікрафоне, пасьля працы я атрымліваў унікальны бонус — Прагу. Якую я любіў, у якой я жыў, прымаў сяброў...

* * *

Пражыў і перажыў я за свой век нямала. Сёе-тое зрабіў, што і пасьля мяне застанецца. Але галоўнае — насуперак усім абставінам я займаўся тым, чым хацеў, рабіў тое, што лічыў патрэбным, што насамрэч любіў. Я жыў і жыву зь непахіснай верай у каштоўнасьць нацыянальных культурных традыцыяў і лічу сябе дастаткова ўкаранёным у іх. Я перакананы ў выратавальнай місіі мастацтва. Люблю ў любой справе прафэсіяналізм, не ўспрымаю аматарства. Я ўражаны дасягненьнямі сусьветнай дэмакратыі, якія адбываюцца на маіх вачах. Як жа якасна мяняюцца грамадзтвы і сьветагляды людзей!

Я ведаю, што найвялікшая каштоўнасьць — свабода, і, як мне падаецца, і сам стаў свабодным чалавекам.

Запісаў Ігар Карней

Радыё Свабода шчыра віншуе свайго шматгадовага аўтара Вячаслава Ракіцкага з 65-годдзьем.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як прыбраць з гарадзкіх вуліцаў імёны ворагаў беларушчыны?