Прэзыдэнт Латвіі Раймандс Вэёніс падтрымаў пачатак перамоў па пагадненьні аб супрацоўніцтве паміж Эўразьвязам і Беларусьсю і «заклікаў да далейшай працы ў сфэры ўмацаваньня правоў чалавека і нормаў дэмакратыі ў суседняй краіне».
Пра гэта Раймандс Вэёніс заявіў на сустрэчы зь міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімерам Макеем 7 ліпеня ў Рызе, паведамляе прэс-служба латвійскага прэзыдэнта.
«Падчас сустрэчы Раймандс Вэёніс пацьвердзіў, што Латвія зацікаўлена ў працягу і разьвіцьці двухбаковага супрацоўніцтва зь Беларусьсю. У якасьці асабліва пэрспэктыўнага ён згадаў супрацоўніцтва ў галіне транспарту і транзыту», — паведамляе прэс-служба.
Абмяркоўваючы адносіны паміж Эўразьвязам і Беларусьсю Вэёніс «падкрэсьліў задавальненьне» адменай большасьці санкцыяў ЭЗ адносна афіцыйнага Менску. На яго думку гэта пацьвярджае станоўчае разьвіцьцё адносінаў ЭЗ і Беларусі.
Латвія, паводле Вэёніса, зацікаўлена ў падпісаньні дамоваў аб спрашчэньні візавага рэжыму і рэадмісіі, а таксама партнэрскіх пагадненьняў аб мабільнасьці паміж ЭЗ і Беларусьсю. Латвія падтрымлівае супрацоўніцтва Беларусі зь міжнароднымі фінансавымі інстытутамі і адкрыцьцё перамоваў аб уступленьні ў СГА.
Праграмай візыту Макея ў Рыгу 6-7 ліпеня прадугледжаны таксама перамовы зь міністрам замежных спраў Латвіі Эдгарсам Рынкевічсам, прэмʼер-міністрам Марысам Кучынскісам і іншымі афіцыйнымі асобамі.