25 лютага расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін і прэм’ер-міністар Дзьмітры Мядзьведзеў адначасова адсутнічалі на тэрыторыі Расеі, таму што былі ў Менску. Гэта не стасуецца з расейскім заканадаўствам.
Паводле расейскага заканадаўства, у выпадку адсутнасьці на тэрыторыі Расеі прэзыдэнта яго абавязкі часова выконвае прэм’ер-міністар, паведамляе РИА Новости.
«Яны ўсе знаходзіліся, Пуцін і Мядзьведзеў знаходзіліся на тэрыторыі саюзнай дзяржавы», — пракамэнтаваў гэтую сытуацыю прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітры Пяскоў.
25 лютага ў Менску адбылося пасяджэньне Вышэйшага дзяржсавету «саюзнай дзяржавы».
Адкрываючы сустрэчу ў пашыраным складзе, Аляксандар Лукашэнка, зьвяртаючыся да Пуціна, агаварыўся і пераблытаў яго з кіраўніком расейскага ўраду. Лукашэнка назваў Пуціна Дзьмітрыем Анатольевічам.