38-гадовая настаўніца Тарэса Бітэль так натхнілася лёсам ксяндза Ўладзіслава Чарняўскага, што стварыла ў ягоны гонар музэй. На ўласныя грошы і з дапамогаю добрых людзей.
У Вішневе Валожынскага раёну жыве цяпер пад паўтысячы чалавек. Тут нарадзіўся і прэзыдэнт Ізраілю Шымон Пэрэс, пражыў свае апошнія гады асьветнік Сымон Будны. А ў мясцовым касьцёле яшчэ ў савецкія часы паўстагодьдзя служыў сьвятаром легендарны ксёндз Уладзіслаў Чарняўскі.
Савецкія вернікі ананімна скардзіліся на сьвятара, што моліцца па-беларуску
Тарэса Бітэль — 38-гадовая настаўніца хіміі й біялёгіі. Кажа, што беларуская мова для яе — «натуральная, як стары вясковы касьцёл», пры якім яна вырасла. Але прызнаецца, што калі вучылася ў пэдагагічным унівэрсытэце ў Менску ды пачынала выкладаць хімію й білёгію, то часова «сышла» ў расейскамоўную галіну. Сваю «беларусізацыю наноў», а таксама заснаваньне вясковага «цэнтру культуры» зьвязвае зь імем мясцовага сьвятара Ўладзіслава Чарняўскага:
«Набліжалася 100-годзьдзе ксяндза Ўладзіслава Чарняўскага, і мы вырашылі стварыць музэй».
Ксёндз Уладзіслаў Чарняўскі — адзін зь перакладнікаў Бібліі на беларускую мову — амаль 50 гадоў праслужыў у касьцёле ў Вішневе. Ён ці ня першы ў савецкай Беларусі пачаў праводзіць службы па-беларуску.
«Ён усё жыцьцё праслужыў людзям і надалей апякуецца вішнеўцамі. Гэта празь ягоную апеку ўсё атрымалася», — упэўненая Тарэса, на якой трымаецца ўвесь музэй. Яна складальніца і захавальніца фондаў, а таксама экскурсавод.
«Гэта быў ня толькі асьветнік, але вельмі добры чалавек», — кажа яна пра Чарняўскага. — Памятаю, у суседняй вёсцы пажылы ўжо чалавек узгадваў, як яны дзецьмі чакалі ксяндза Ўладзіслава пры дарозе, калі ён пасьля службы ехаў у лес у грыбы. Бо ксёндз заўсёды частаваў дзяцей цукеркамі. Маё ж пакаленьне, людзі малодшага ўзросту бязьмерна ўдзячныя сьвятару за беларускую мову ў касьцёле».
А супраціўляліся беларусізацыі ня толькі ўлады, але нават свае, мясцовыя людзі. Тарэса дастае з музэйнай экспазыцыі ананімны ліст ад парафіянаў, якія патрабуюць ад сьвятара спыніць маліцца па-беларуску.
«Альбо, да прыкладу, праходзіць ксёндз праз натоўп, дык нехта хоць плячом нібыта выпадкова штурхне. Мне цяжка нават уявіць, як айцец Уладзіслаў гэта ўсё вытрымаў, — распавядае яна. — Тое пакаленьне даўно сышло. А мы адчуваем сябе ў касьцёле як у сваім доме — мы можам свабодна ўдзельнічаць у малітве, бо яна на роднай мове. І за гэта айцу Ўладзіславу нізкі паклон».
Ствараць музэй было няпроста. «Былі выпадкі, калі здавалася што ўсё, тупік, — дзеліцца Тарэса. — І нібыта ніадкуль зьяўляліся людзі, якія дапамагалі вырашаць праблемы. Знаходзіліся адмыслоўцы, якія перакладалі дакумэнты і найбагацейшую спадчыну айца Ўладзіслава з лацінскай, літоўскай, італьянскай моваў».
Экспанаты і начыньне музэю зьбірала па каліву. Частку мэблі падарыла мэблевая фабрыка з Валожыну, бо дырэктар «хадзіў у нядзельную школу да ксяндза Ўладзіслава». Мясцовы Дом культуры здаў у арэнду памяшканьне пад музэй і бібліятэку. А вось рамантавалі яго местачкоўцы ўжо ўласнымі сіламі. І зараз Тарэса сплочвае арэнду ўласнымі сродкамі.
«А бывалі і проста містычныя выпадкі, — кажа яна. — Аднойчы ў музэі не было сьвятла, а карціна з нашым касьцёлам стаяла на падваконьні і закрывала вакно. Нічога не заставалася, як зьняць яе і паставіць у куток, каб у пакоі стала сьвятлей. У тую ж ноч мне прысьнілася, што мы прыйшлі ў музэй з ксяндзом Уладзіславам. Я і пытаюся: „Ойчанька Ўладзіслаў, як вам тут? Мы вельмі стараліся...“ А ён патрос пальцам і кажа: „Усё ў вас добра, толькі касьцёл не на сваім месцы“. Раніцай пайшла і вярнула „касьцёл“ на „сваё“ месца».
«Вядома, вёскі зараз паміраюць, але ж ня будзем траціць надзею»
Уся прыватная бібліятэка Тарэсы Бітэль пакуль зьмяшчаецца на некалькіх паліцах — агулам каля чатырох сотняў асобнікаў. Усе яны на беларускай мове і маюць аўтографы аўтараў.
«Вось гэтую сваю кнігу з асабістым подпісам у бібліятэку перадала Ірына Багдановіч. Гэтую — Данута Бічэль з Горадні. На гэтай паліцы кнігі, перададзеныя Хрысьцінай Лялько, яны выйшлі ў выдавецтве „Pro Christo“», — распавядае Тарэса.
Само заснаваньне бібліятэкі таксама зьвязана зь імем ксяндза Ўладзіслава. У музэйнай калекцыі ёсьць выданьне твораў Паўлюка Труса 1934 году з асабістай пячаткай ксяндза Ўладзіслава Чарняўскага, кнігі беларускай лацінкай зь бібліятэкі а. Адама Станкевіча, літаратурны часопіс «Калосьсе» 1923 году.
«Маючы такі скарб, нельга было ўтрымацца, каб не прадоўжыць справу ксяндза Ўладзіслава і не папоўніць ягоную бібліятэку», — тлумачыць Тарэса.
«А вось гэта, — Тарэса Бітэль з усьмешкай паказвае некалькі асобнікаў кніг, — кнігі зь „Бібліятэкі Свабоды“. Маем некалькі асобнікаў і чакаем абяцанага „Верабейку гаварушчага“ ад Зьмітра Бартосіка».
Тарэса Бітэль спадзяецца неўзабаве выдаць кнігу пра ксяндза Ўладзіслава, дзе будуць ягоныя рукапісы, фатаздымкі, гісторыя няпростага жыцьця і актыўнай дзейнасьці.
«Касьцёлы ў вёсках заўсёды былі цэнтрамі культуры, і мне хацелася б аднавіць гэтую традыцыю, як і ксёндз Уладзіслаў аднаўляў родную мову, — кажа Тарэса. — Мне ўяўляецца, што духоўную і асьветніцкую місію маглі б мець і музэй, і бібліятэка, і дом сьвятара зь нядзельнай школай для дзяцей. Спадзяюся, што аднойчы гэта стане культурным цэнтрам у нашым Вішневе. Вядома, вёскі зараз паміраюць, але ж ня будзем траціць надзею».