18 кастрычніка мае закончыцца працэс над Максімам Суботкіным, былым генэральным дырэктарам хакейнага клюбу «Дынама-Менск», якога абвінавачваюць у крадзяжы маёмасьці клюбу праз службовыя злоўжываньні і перавышэньне ўлады.
Усяго Суботкін абвінавачваецца паводле 3 артыкулаў Крымінальнага кодэксу, пад вартай ён знаходзіцца зь ліпеня 2015 году. Сваю віну ён прызнаў часткова і папрасіў суд не караць яго зьняволеньнем. Яшчэ да суду Максім Суботкін кампэнсаваў 2,9 мільярда рублёў нанесеных стратаў, але ня быў вызвалены ад крымінальнай адказнасьці, як сталася з другім вядомым мэнэджарам «Дынама» Ўладзімерам Беражковым, які таксама кампэнсаваў страты.
На працэс над Суботкіным Беражкоў быў выкліканы як сьведка, але адмовіўся даваць паказаньні супраць сябе, паколькі раней праходзіў па гэтай жа справе ў якасьці абвінавачванага. У судзе прачыталі паказаньні Беражкова, дадзеныя на сьледзтве.
«Я 18 гадоў працаваў на дзяржаву і прыносіў ёй карысьць. Гатовы быў і далей працаваць, але ў сувязі з затрыманьнем ня змог забясьпечыць выхад клюбу да канца году на 50-адсоткавую самаакупнасьць. Больш за тое, думаю, да 2017 году рэальна было выйсьці на тое, каб клюб цалкам забясьпечваў сваё існаваньне дзякуючы камэрцыйнай дзейнасьці. Адчуваю цяпер сябе як хакеіст, які закінуў пераможны гол, але затым атрымаў матч-штраф», -- сказаў Максім Суботкін ў апошнім слове і прасіў суд «не пазбаўляць маю сям'ю бацькі і мужа».
Пакуль Максім Суботкін быў у зьняволеньні, у яго нарадзілася дачка, якую ён яшчэ ні разу ня бачыў.
Пракурор ў судовых спрэчках заявіў, што віна Максіма Суботкіна была цалкам даказаная паводле ўсіх абвінавачваньняў і запрасіў для яго 6 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.