Што такое „прысябрыць“? Адказваюць жыхары сацыяльных сетак

Your browser doesn’t support HTML5

Што значыць „прысябрыць“ некага? На відэа паслухаем жыхароў сацыяльных сетак, якія выйшлі з тых сетак на вуліцу. А „лайкі“ па-беларуску — гэта добра ці кепска?

— Такое слова прысябрыць — што яно можа азначаць?
— Ня чулі ніколі. Ня чулі.
— На беларусском такого слова именно я ещё не слышала.

Але як толькі патлумачыш, што гэта пра сеткі — праблемы разуменьня няма:

— Я прысябрыла Машу ў сетках. Што гэта значыць?
— Скорее всего, добавила в друзья...

Прысябрыцца, прысябравацца — даўнія народныя беларускія словы. Прысябравацца ‘падсесьці побач’ запісана ў беларускіх гаворках Віленшчыны:

Што ты тут да мяне прысябраваўся так блізка, адсунься ж! — кажа хлопцу дзяўчына.

Прысябрыцца ў значэньні ‘падсуседзіцца’ ў М. Байкова і С. Некрашэвіча (у Беларуска-расейскім слоўніку 1926 году). А Іван Насовіч у XIX стагодзьдзі запісаў дзеяслоў прысéбрыцца ў вельмі асьцярожным значэньні: ‘прыстаць збоку да нейкай справы, ня маючы ніякага права’:

І ты тут прысебрыўся! цябе тут не прасілі.

Ужываць форму прысябрыць менавіта ў сацыяльных сетках прапанаваў беларускі філёляг і паэт Юрась Пацюпа, і ён зважае на розьніцу сяброўства рэальнага (пасябраваць) і віртуальнага. Дарэчы, бывае патрэбны і дзеяслоў адсябрыць.

Апытаныя намі абарыгены сетак слова прысябрыць перакласьці на расейскую мову адным словам не змаглі. Але некаторыя ўспомнілі англіцызм зафрендить (праўда, без захапленьня). І добра.

Жывая мова імкнецца мець натуральныя назвы для ўсіх зьяваў, у тым ліку новых. Але беларускія карыстальнікі кампутараў часьцей бяруць словы ці з расейскай, ці з ангельскай мовы наўпрост, ці можа думаюць, што з ангельскай, а папраўдзе з расейскай. Вось што часам атрымліваецца на беларускае вуха.

Лайкі ці падабайкі? Залежыць ад адрасата

Не падабаюцца мне твае лайкі, — крытыкуе жонка мужа за выстаўленыя ім у сацыяльнай сетцы станоўчыя ацэнкі творчасьці расейскага кампазытара Дробыша. Ангельскае слова like — дзеяслоў, значыць упадабаць, любіць нешта. Назоўнік, адпаведна, абазначае пазнаку таго, што падабаецца. Яго ўмоўна выяўляюць рукой з паднятым вялікім пальцам.

А што значаць згаданыя лайкі па-беларуску? Зьвернемся да фундамэнтальнага слоўніка Івана Насовіча.

ЛÁЙКА, и, с. ж. Першае значэньне — ‘Брань, выговор’. Будзе нам за гэта лайка ад таты. Лайка не нагайка, на плячах ня ляжа. Прыказка. Другое значэньне — ‘Ругательство’. На сабаку такой лайкі не было, як мяне зьняважыў усякімі дурнымі словамі.

Паходзіць ад слова лаяць, лаяцца. Таму беларускія лайкі адрасаваць, напрыклад, кампазытару Дробышу меў бы той беларус, які, як і я, не абдорвае сымпатыяй расейскую папсу. Вось такую:

У выкананьні кавалера ордэна, між іншым, Скарыны. А для інтэрнэт-упадабаньня куды больш пасуе стыхійна ўзьніклае слова падабайка.

Прога з дошак не паставіцца на Windows 10

Тым, хто на кампутары піша, шыхтуе кнігі, вядзе сайты, трэ правяраць правапіс. Па-ангельску такая праграма завецца spell-checker, або проста checker. Кампутарызаваныя людзі скажуць пра недаўкамплектаваную новую вэрсію праграмы: Пачакайма, пакуль чэкер зьявіцца. Але слова чэкер ведае беларуская народная мова, яно абазначае зборнае паняцьце — ‘драбната, малыя дзеці’! Вось прыклад з Ганцаўскага раёну: Як вы заедзеце з гэтаю чэкер’ю? Што значыць — з кучай малых дзяцей.

Сама праграма ў вуснах праграміста і прасунутага кампутарніка мае назву скарочаную, дакладна ўзятую з расейскага жаргону: Трэба паставіць прогу. Вось жа ў многіх рэгіёнах Беларусі вас зразумеюць у наўпроставым сэнсе: трэба парамантаваць праход у плоце. Прога азначае ‘фортку’ ў Вацлава Ластоўскага, хаця фортка тут — дзьверцы ў браме ці ў плоце; фортка ў вакне, паводле Ластоўскага, будзе балонка. Слова проґа фіксуюць і слоўнікі беларускай народнай мовы новага часу. Са значэньнем 'праход у агароджы': Ідзі праз проґу. Або гэта ‘жэрдка, якой закрываюць праход у чым-небудзь’: Проґа — загарадка зь дзьвюх жэрдак (Смаргоншчына). Слова хутчэй за ўсё балцкага паходжаньня.

Пад катам усё пабачыш, нават ґуґель!

Google — найулюбёная пошукавая сыстэма беларусаў, яна міжнародная. Мы адрозныя ад расейцаў, у якіх свой Яндэкс. А слова Google, магчыма, мае беларускія карані.

Кугель або ґуґель у беларускіх гаворках азначае бабку. Ґуґіль рабілі так: у драную бульбу грэцку муку дабаўлялі, як сьпячэш, яго кускамі рэжаш. І наагул выраб зь цеста (ням. і ідыш Gugel, kugel). Як вядома, у 1930-я гады малы Мілтан Сірата на просьбу свайго дзядзькі-матэматыка Эдварда Касьнера для абазначэньня ліку 10100 прыдумаў слова googol, ад якога пазьней пайшло найпапулярнейшае слова сьвету Google. Ці не паўплывалі на хлопчыка ўспаміны пра кулінарныя вырабы ягоных усходнеэўрапейскіх продкаў?

А ёсьць яшчэ пост, у інтэрнэтавым значэньні запіс. Праўда, паводле Насовіча, беларусы не пасьцілі, а поставалі. Ёсьць жарганізм кат, ад ангельскага ‘абсякаць’ — для пазначэньня адсечанага і схаванага кавалку тэксту. Пад катам усё пабачыш: на беларускае вуха гучыць дужа змрочна. А калі нехта сядзіць у Вардзé — значыць працуе не падымаючы галавы ў тэкставай праграме Word (па-ангельску ‘слова’), то ён робіць амаль тое самае, што маскоўскія князі ў якім-небудзь Лаўрэнцеўскім летапісе. Яны таксама сядзелі в Вордѣ (бо слова Арда набывала прыстаўны гук в-).

Урэшце, моднае слова кастынг (да інтэрнэту ня мае простага дачыненьня). Але мне яно жыва нагадвае Насовічава кáсьціць 'пакостить, портить, марать, пачкать' і нават 'выпаражняцца'. Нашто ты сарочку кáсьціш у дзёгаць, у нечыстату?

***

Вось жа не лянуймася шукаць і ўжываць свае словы для новых зьяваў, і рабіць гэта не пад катам, а з уласнай ахвоты і перакананьня.