Алесь Станкевіч разам зь некалькімі тысячамі паплечнікаў на плошчы Незалежнасьці ў Менску ў 1992 годзе прысягнуў на вернасьць Беларусі. Акцыю арганізавала Беларускае згуртаваньне вайскоўцаў, актыўным удзельнікам якога быў маёр Станкевіч.
Днямі адстаўны вайсковец прэзэнтаваў у Магілёве сваю кніжку «Прынагоднае». У ёй сабраны творчы даробак спартовага пэдагога, сябра Сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная грамада», шматгадовага рупліўца Задзіночаньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» ды краязнаўцы. Вечарыну арганізавала магілёўская суполка Таварыства беларускай мовы.
Алесь Станкевіч, размаўляючы з журналістам Свабоды выказаў свой погляд на баяздольнасьць беларускага войска і патрыятычнае выхаваньне беларускага вайскоўца. Згадаў ён і гарадзкое жыцьцё ў пасьляваенным Магілёве, якое балянсавала паміж беларускамоўем і набіраючай моц расейшчынай.
Ці надзейнае беларускае войска?
«Ці надзейнае беларускае войска? — разважае Станкевіч. — Мне цяжка казаць, на колькі беларускае войска гатовае надзейна бараніць краіну. У нас жа не было падзеяў, якія вымагалі ад нашых вайскоўцаў дэманстрацыі сваёй баяздольнасьці. Мы гаворым, што наша войска моцнае, гандлюем зброяй, праводзім вучэньні, якія аднак, усё роўна не надаюць упэўненасьці пра яго надзейнасьць. Па-сутнасьці, мы не вырашаем стратэгічных задачаў, а толькі — кіруемся дробнымі, тактычнымі.
Пры неабходнасьці, вядома ж, беларускае войска на нейкі час здольнае абараніць Беларусь, аднак супрацьстаяць расейскай арміі мы здолеем паўдня — дзень. Гледзячы, якая будзе агрэсія...
Мы ж нездарма цяпер пра гэта ўсё кажам. Мы падсьвядома глядзім на Усход — пагроза з таго боку, і ня толькі мы адны так лічам. Вы ж паглядзіце на краіны Балтыі, якія пад парасонам НАТА, і тыя пераймаюцца пытаньнем, каб абараніцца ад Расеі. Галоўная тэза на сёньня: „Пуцін — гэта вайна“.
А нам, нібыта, і бараніцца ад Расеі ня трэба мы ж «саюзныя дзяржава». І тое, што Пуцін прыдумаў столькі вагонаў даслаць з сваімі вайскоўцамі на нейкія вучэньні — гэта ж нездарма. Калі ягонае войска сюды прыбудзе дык можа тут і застацца. І нічога ж не паробіш з гэтым. Хто ж выгане яго адсюль? І ніякіх ня трэба «зялёных чалавечкаў».
Клопат пра абароназдольнасьць актуальны. Наша, аднак, бяда, што ў нас усё робіцца, як кажа кіраўнік. А кіраўнік паводзіць сябе жахліва і непрадказальна. Ён жа з расейцамі хоча ў цяпераўніх варунках захаваць добрыя стасункі. Таму маўчыць, але маўчаньне можа прывесьці да ціхай акупацыі, як тое было прыканцы 18 стагодзьдзя».
Ці жыве ў беларускім войску Беларускі дух?
«Ці жыве ў беларускім войску Беларускі дух? Войска мае трымацца на патрыятызьме, патрэбная ідэя і прага бараніць свой край. Я згадваю Беларускае згуртаваньне вайскоўцаў, якое амаль 25 год таму, арганізавала акцыю па прыняцьці прысягі. Мы тады змусілі Міністэрства абароны павярнуцца да гісторыі беларускага войска. Напярэдадні падзеі нямала выйшла артыкулаў у друку пра нашу гістарычную вайсковую спадчыну. Для многіх гэта гісторыя была адкрыцьцём, бо мала хто ведаў пра яе.
Тады ж пачалі казаць, што войска мае быць беларускамоўным. Стась Суднік, Сяржук Чыслаў распрацавалі вайсковы слоўнік. І тэрміны ня трэба было выдумляць. У нас у 1930 гадах усё гэта было беларускамоўнае. У мяне нават ёсьць падручнік па кіраваньні танкам на беларускай мове. Ёсьць агульны вайсковы статут тых гадоў, таксама на беларускай мове. Ён зроблены як буквар, бо тады ў войску служылі малаадукаваныя людзі. У ім было ўсё напісана вялікімі літарамі.
Бяз веданьня гісторыі, яе значнасьці ня будзе разуменьня за што змагацца. На пачатку 1990 гадоў у войску адчуваўся беларускі нацыянальны ухіл. Былі і каманды беларускамоўныя. Было і не ўспрыняцьце іх, бо афіцэры ў бальшыні сваёй не былі беларусамі. Беларусаў у Савецкім Саюзе параскідалі па замежных гарнізонах.
Не беларусы ж думалі тады, што ўсе беларускія ініцыятывы перакіпяць і ўсё вернецца на ранейшыя пазыцыі. І сапраўды, як Лукашэнка прыйшоў да ўлады, то беларускае войска вярнулася на рэйкі Савецкага Саюза. Гэта яму было блізкае і знаёмае. Сёньня мы ня маем у войску беларускага патрыятычнага выхаваньня.
Мы страцілі набыткі часоў Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў і маладое пакаленьне ня вырасла беларускім, бо яно мусіла на нейкім грунце гадавацца, а яго не было. Я дужа сумняюся, што беларускі дух у цяперашнім беларускім войску ёсьць».
Грамадзтва ня мусіць забываць пра беларускае войска
«Пытаньні баяздольнасьці варта ўздымаць. Нездарма Мікалай Статкевіч і зьвярнуўся да Міністра абароны. А яму адказалі, што дарма вы «хвалю ўздымаеце», у нас усё нармальна.
Але не дарма! Мы ўсё бачым, але да часу баімся сабе прызнацца ў праблемах. Калі нешта адбудзецца, то будзе запозна наракаць. Трэба рыхтавацца. Уздымаць грамадзтва, але яно ў нас пакуль кволае.
Мы змарнавалі апошнія дваццаць пяць гадоў, не прыдбаўшы сьвядомасьці, упэўненасьці ў сабе. Калі раней на дэманстрацыі зьбіраліся тысячы людзей, то цяпер прыходзіць сотня. Гэта кажа, што людзі зьняверыліся. Маладая генэрацыя беларусаў бачыць, што папярэднія пакаленьні нічога не зрабілі, то і думае, што і яно нічога ня зробіць, таму шукае шчасьце за мяжою».
Каб выкладаць па-беларуску трэба вызначыць сваю пазыцыю і паставіць умовы
«У 1993 годзе мяне запрасілі ва ўнівэрсытэт Максіма Танка на факультэт «Народная культура». На ім рыхтавалі выкладчыкаў фізкультуры для школ. Мне прапанавалі весьці разьдзел «Лёгкая атлетыка» на беларускай мове. Беларускамоўных падручнікаў тады не было. Трэба было распрацоўваць мэтодыку выкладаньня на беларускай мове.
І, калі пачаў заняткі, то былі незадаволеныя. Такія казалі, што беларускай мовы ня ведаем. Я на гэта: калі вы грамадзяне Беларусі, то мусіце ведаць беларускую мову. Спакваля пачалі беларускамоўнае навучаньне і залікі здавалі на беларускай мове. Тут важна вызначыць сваю пазыцыю, паставіць умовы.
Ва ўнівэрсытэце было нямала беларускамоўных выкладчыкаў, але на маім факультэце, да жалю, апрача мяне больш ніхто не выкладаў на роднай мове. Ахвотныя выкладаць па-беларуску, нібы, і былі, але наважыцца так і ня здолелі.
Калі вучыўся ў Магілёве ў школе працоўнай моладзі, каб не здаваць выпускны экзамэн па беларускай мове ды літаратуры прыкінуўся, што бацькі мае вайскоўцы. Але мне гэта не спатрэбілася, бо мяне вызвалілі ад іспытаў, як спартоўца. Аднак праз нейкі час беларуская мова сама ажыла ў мяне без аніякага прымусу. У сярэдзіне 1980 гадах я стаў размаўляць зь людзьмі па-беларуску. А ў БЗВ працоўнай мовай была беларуская. У той час у замежных амбасадах гаварылі па-беларуску, акрамя расейскай. Супрацоўнікі расейскай амбасады наадрэз адмаўляліся і разумець нас».
Матчына мова
«У дзяцінстве я не зьвяртаў увагі на беларускую мову. У хаце па-беларуску гаварыла маці. Яна мяне навучыла беларускай мове. Тата больш гаварыў па-расейску, але іншым разам выказваўся дужа трапна і па-беларуску.
У дзяцінстве у мяне не было акрэсьленага падзелу якая мова: беларуская ці расейская. Аднак, калі мне казалі, што я расеец, то крыўдзіўся. «Я ж беларус!», — казаў.
Горад жыў трасянкай, зрэдку бываючы на вёсках, я лёгка адаптаваўся да мясцовых гаворак.
Беларуская мова жыла ў Магілёве, бо прырост насельніцтва быў зь вёскі. І як вяскоўцы не хацелі стаць гарадзкімі, але іхная мова «скразіла» адусюль. Беларускую мову тады было не схаваць.
З намі вучылася статная дзяўчына Аня Рыбакова. Яна да нас прыйшла, здаецца ў пятай клясе. Раней вучылася ў вёсцы і ёй цяжка было перайсьці зь беларускай мовы на расейскую. Дык яна неяк сказала: пішыце зь вялікай літары. І ёй тады мянушка далі «Аня зь вялікай літары».
У школу пайшоў у 1954 годзе і ўжо тады практыкавалася, што дзеці вайскоўцаў маглі не вучыць беларускай мовы. І яны гэтым дужа ганарыліся. Настаўніца беларускай мовы ў нас была ў сталым веку, паважанай жанчынай. Была талерантная і старалася нам усё даводзіць. Тыя ж каго вызвалілі, як настаўніца адвернецца, скамечаць паперчыну сьнежкай і ў яе кідаюць. Усе з гэтага сьмяяліся і я сьмяяўся. Мне цяпер за гэта сорамна. Каб мне сустрэць настаўніцу тую, дык стаў бы на калена і прасіў бы прабачэньня за тыя ўчынкі за ўсіх, але наўрад ці настаўніца жывая…»