Некалі ў праграме «Мудраслоўе» сканцэнтраваную ў беларускіх прыказках і прымаўках мудрасьць абмяркоўваў з суразмоўцамі ў этэры Радыё Свабода Вячаслаў Ракіцкі. Я ўдзельнічаў у перадачах на тэму «Законы. Суд. Турма» і ўспомніў з абмеркаванага тады матэрыялу сёе-тое, на жаль, ізноў актуальнае.
У беларускіх парэміях — прыказках/прымаўках — адлюстраваліся розныя гістарычныя эпохі. Скажам, маем такія адэкватныя выхаваўча-павучальныя прыказкі, як
За правінку чэшуць сьпінку
Які паступак, такая й пакута
Чыя віна, таго кара
Каб не было забароны, то б i сьвет не стаяў
Яны адлюстроўваюць народнае звычаёвае права або паходзяць з эпохі Статутаў Вялікага Княства, калі панаваў праўдзівы закон. Дарэчы, судзьдзі той эпохі складалі прысягу са словамі:
...А як на том справядліве прысягаю, так мі Божа памажы, а есьлі бы несправядліве, Божа мя ўбій.
Тагачасны беларускі судзьдзя аддаваў сваю рэпутацыю і самое жыцьцё ў Божыя рукі. А не на ласку валадара (які «дае» службовую кватэру) ці спакусы. Параўнайма народнае стаўленьне да судзьдзяў пазьнейшай эпохі як да сьляпых выканаўцаў загаду нішчыць лёсы: Асудзіў — гаршэй, як забіў.
А гэтыя прыказкі ўзьніклі, калі Беларусь была пад уладаю Расейскай імпэрыі:
Не давай, Божа, лячыцца ды судзіцца
3 дужым не барыся, а з багатым не судзіся
Судзяць злодзея не за тое, што ўкраў, а за тое, што
кепска схаваў
Дзе суд, туды нясуць
За адным вінным дзесяць нявінных пакутуе
Была б сьпíна, дык і вíна знойдзецца
Урэшце, іранічнае:
Праўды, як у судзе.
Такая сабе панарама судовых нораваў у несвабоднай дзяржаве. Тут і судовыя прывілеі для мажнаўладцаў, і прыкрыцьцё іхнае карупцыі, і хцівасьць самых судзьдзяў. А галоўнае — бяспраўе чалавека перад карнаю машынаю чужой улады.
Па мне, найглыбейшая з прыказак — «Была б сьпíна, дык і вíна знойдзецца». З гэтай мудрасьцю пагодзіцца мноства нашых сучасьнікаў. Як паказаў хапун 25 і 26 сакавіка — карная машына жарэ і зусім выпадковых людзей, адзіная вíна якіх сапраўды толькі сьпíна, г. зн. сам факт іхнага існаваньня і трапляньня пад раздачу.
Дарэчы, і сталінскія пракуроры казалі «Быў бы чалавек, а артыкул знойдзецца». Вось такая пераемнасьць паміж уладаю царскай Расеі, сталінскага СССР і цяперашняю. Што хорам пацьвярджаюць героі Лявона Вольскага Саўка ды Грышка:
Your browser doesn’t support HTML5
Туды, сюды —
Суды, суды.
Бягуць гады,
Ідуць суды.
Спадзяюся, што цяперашнія сядзельцы супакойваюць сябе векавой народнай мудрасьцю, найперш імпэратыўным выразам
Ад астрогу няма перасьцярогу.
Гэта калі ў дзяржаве пануе самаўладзтва, а не закон. Дакладней, фармальна Канстытуцыя й кодэксы ёсьць, але сапраўднае становішча апісвае праславутая прымаўка пра закон як дышаль.
Дышаль — гэта або тоўстая аглобля пры парнай запрэжцы коней, або дэталь у плузе. Карацей, інструмэнт, якім можна павяртаць у розныя бакі вялікую канструкцыю. Прыказка агульная для беларусаў, украінцаў (Закон у пана, як дишло: куди направить, туди й вийшло) і расейцаў; у палякаў яе няма, хаця само слова дышаль германізм, вядомы і нам, і палякам. І ў літоўцаў няма аналягічнае прыказкі. Вось такая, гм, супольная імпэрская спадчына для аматараў усходнеславянскага адзінства.
Цяпер, хоць беларусы маюць як бы сваю дзяржаву, недавер да карнай сыстэмы застаўся. Цытатка з той жа вышэйпамянёнай Саўка-Грышкавай песенькі:
У беларускай клетцы
Нам жыць няўтульна так,
Бо мы на першым месцы
Па турмах і судах.
Цэлая вязанка прыказак сьведчыць ня проста пра недавер да суду, але пра ірацыянальны страх перад судом як варожай, цёмнай стыхіяй, ад якой няма паратунку — дакладна ў духу Кафкавага «Працэсу»:
Лепш утапіцца, чым судзіцца.
Ні за бацьку, ні за матку папалася.
Праўды, як у судзе.
На базары долі ня купіш, а у судзе праўды ня знойдзеш.
Зрэшты, крэатыўная беларуская мова зьберагла і адчайную экзыстэнцыялісцкую самаіронію ў сувязі з «правасудзьдзем»:
Калі будуць тапіць, то ня будуць вешаць, а калі павесяць, то ня ўтопяць.
Усё роўна, ці за адну нагу вісець, ці за дзьве целяпацца.
Змрочная прыказка «Каваль саграшыў, а сьлюсара вешаюць» нечакана актуалізавалася пасьля выбуху ў менскім мэтро ў 2011 годзе. Але прыказка папраўдзе пра бессэнсоўнасьць сьледча-судовай працэдуры. Тут чытайма Багушэвіча. Сам адвакат, ён наглядзеўся прыкладаў, калі расейская судовая машына перамолвала наіўнага беларускага селяніна, ці мешчаніна, ці шляхціча.
Я сам тут сядзеў, а за што? каб спыталі,
Дык я б не сказаў, і яны бы ня зналі.
(«У астрозе»)
Па судах агалеў, як шэсьць рáзы згарэў
(«Як праўды шукаюць»).
Уладу немагчыма перамагчы ў судзе, які ёсьць складоваю часткаю гэтае ўлады.
Саўка:
Дайце дзенег! Паддзяржыце нас,
Нада нам папоўніць залатой запас.
Дайце на стабільнасьць, все жэ будуць рады,
Есьлі мы ад вас палучым нескалька мільярдаў.
Грышка:
Дайце грошай, бо няма каму
Падтрымаць фінансава нашую турму,
Суд, пракуратуру, КДБ, спэцназ…
Каб з падвойнай сілаю прыдушылі нас.
Што да турмы, то беларусы пры чужынскай уладзе разумелі яе фатальную непазьбежнасьць.
У астрог шмат дарог.
Да астрогу латво знойдзеш дарогу.
Харошы астрог, да чорт яму рад.
Да астрога, як да парога.
Моцна паўплывала на мову й мэнтальнасьць масавае зьняволеньне беларусаў усіх станаў у савецкіх лягерох. «Закон — тайга, пракурор — мядзьведзь» — гэты спокліч ведалі на 1/6 частцы сьвету ня горш, як «Слава КПСС». Думаю, зьняволеным беларусам спатрэбілася старая мудрасьць «Калі ня вераць — не бажыся, калі б’юць — не прасіся». Магчыма, гэта правобраз сучаснай расейскай вэрсіі, якая ўжо прыжылася і ў нас — «Ня вер, ня бойся, не прасі».
Дарэчы, што да Расеі, то хай мне будзе дазволена зьвярнуцца не да фальклёру.
Адзінае адпаведнае месца для сумленнага грамадзяніна ў краіне, дзе рабства дазваляецца і заахвочваецца, — гэта турма.
Леў Талстой
Масавыя пасадкі зноў актуалізавалі пытаньне, як правільна і каротка па-беларуску называць акрэсьцінскае завядзеньне: прымальнік-разьмеркавальнік, як раней? цэнтар ізаляцыі? Трэба не гуляць у фальшывыя эўфэмізмы: турма і ёсьць турма, нават калі яна для «адміністрацыйных» зьняволеных. Вязьніца. Астрог. Так лепш, чым сюсюкаць савецкімі абрэвіятурамі ІЧУ альбо ЦІП.
Your browser doesn’t support HTML5
І хай цяперашнія беларускія сядзельцы ведаюць пра сваіх вялікіх папярэднікаў. Так, у Менскім астрогу («Валадарцы») сядзелі паўстанцы 1831 і 1863 гадоў, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Карусь Каганец, Алесь Гарун, Якуб Колас... Сьцяны на мэмарыяльныя шыльды ня хопіць.
У савецкіх лягерох сядзелі тысячы выдатных беларускіх дзеячоў — Дубоўка, Геніюш, Пушча, Гарэцкія… За палякамі сядзелі Тарашкевіч, Рак-Міхайлоўскі, Мятла, Валошын, а.Коўш, Антон Луцкевіч (якога потым НКВД кінуў у савецкія лягеры і там забіў)...
На віленскіх Лукішках пры розных уладах сядзелі Кастусь Каліноўскі, Максім Танк, Міхась Машара, Валянцін Таўлай, Вінцэнт Гадлеўскі, Рыгор Шырма...
Раней у Вільні сядзелі Тамаш Зан, Ігнат Дамейка, іншыя філяматы і ўрэшце Адам Міцкевіч — трэцяя частка ягонай паэмы «Дзяды» адбываецца ў камэры!
Сядзелі ўсе! І сядзяць. Але гэтыя пакуты ня марныя. Іх аблягчае, ім надае сэнс і мудрасьць беларускае мовы.