Заяўнікі Дня Волі дагэтуль ня маюць адказу зь Менгарвыканкаму. Невядома, па якім маршруце пойдзе шэсьце. У гэты ж час Лукашэнка заяўляе, што «пятая калёна» пры падтрымцы заходніх арганізацый рыхтуе «мардабой і кроў».
Прадстаўнік БХД, адзін з заяўнікаў акцыі 25 Сакавіка Дзяніс Садоўскі лічыць, што ўлады чыняць правакацыю, дэманстратыўна зацягваючы адказ:
«Мы да гэтага часу ня маем рашэньня Менгарвыканкаму пра акцыю 25 Сакавіка. Улады паводзяць сябе вельмі нахабна. Калі яны так хвалююцца, каб усё адбылося арганізавана і мірна, то трэба выконваць закон і даваць адказ у час», — сказаў Садоўскі.
Ён дадаў, што пужалкі, якія сёньня ў вялікай колькасьці прагучалі з вуснаў Лукашэнкі, паўтараюцца з году ў год.
«Мяняюцца толькі дэталі ў залежнасьці ад фантазіі піяршчыкаў з КДБ. Нічога тут крэатыўнага няма. Пужаць беларусаў Украінай і Майданам — гэта тое, што ўлады рабілі ўжо не адзін год. Тыя, хто хоча даведацца праўду, без праблем могуць гэта зрабіць. Ужо цяпер вядома, што не было машыны на беларуска-ўкраінскай мяжы, якая нібыта спрабавала прарвацца празь мяжу. Не было, хутчэй за ўсё, і баевікоў, пра якіх сёньня казаў Лукашэнка. Тое, што яны кажуць, гэта страшылкі».
Арганізатары запэўніваюць, што будуць супрацьстаяць правакацыям, якія, на іх думку, рыхтуюць улады на 25 сакавіка:
«Я ўпэўнены, што і аргкамітэт сьвяткаваньня 25 Сакавіка, і Мікола Статкевіч, які таксама заклікае на акцыю ў гэты дзень, ніякіх радыкальных дзеяньняў не плянуюць. А вось што плянуюць правакатары з „жоўтага будынку“ — гэта вялікае пытаньне. Таму да правакацыяў трэба рыхтавацца. Мы будзем рыхтаваць ахову, каб супрацьстаяць правакацыям, бо відавочна, што яны будуць».