Кааліцыя «Правы цэнтар», у якую ўваходзяць Абʼяднаная грамадзянская партыя, рух «За свабоду» і дагэтуль афіцыйна не зарэгістраваная, нягледзячы на шэсьць спробаў, партыя Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, 1 верасьня выведзе сваіх актывістаў на акцыю за свабоду слова. Акцыя пачнецца каля ЦУМа і скончыцца на вуліцы Макаёнка, дзе месьцяцца рэдакцыі дзяржаўных электронных сродкаў масавай інфармацыі.
Пра гэта сёньня паведамілі на супольнай прэсавай канфэрэнцыі прадстаўнікі «Правага цэнтру». У прыватнасьці, першы намесьнік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч, які балятуецца ў Каліноўскай выбарчай акрузе, заявіў:
«Мы пачнём акцыю ад ЦУМа пад лёзунгам „Эўрапейскі выбар для Беларусі“. А затым уздоўж галоўнага праспэкту будзем рухацца да будынку Белдзяржтэлерадыё. Уся гэтая тэрыторыя трапляе ў межы маёй акругі. І таму праз кожныя 100 мэтраў будзем ладзіць пікеты. Скончым акцыю з патрабаваньнем свабоды слова, роўных умоваў для праўладных і апазыцыйных палітыкаў. Гэта несправядліва, калі прадстаўнік апазыцыі атрымлівае эфір усяго на 5 хвілін усяго адзін раз на чатыры гады падчас парлямэнцкіх выбараў».
«Дэбаты на тэлебачаньні працягам усяго 5 хвілін не назавеш нават клаўнадай, бо клоўн на арэне і той мае больш часу, — заявіла прадстаўніца АГП Ганна Красуліна. — Ведаеце, я доўга думала, як назваць гэта, і, шчыра прызнаюся, не знайшла адпаведнага слова».
Удзельнікі прэсавай канфэрэнцыі адзначылі, што сёлетнія выбары, насуперак запэўніваньням уладаў, ня сталі ні свабоднымі, ні справядлівымі.
Адказваючы на пытаньне Свабоды, ці адчулі правацэнтрысты плён ад супольнай выбарчай кампаніі, усе сказалі адназначна: так. У прыватнасьці, сустаршыня аргкамітэту ў справе стварэньня партыі БХД Віталь Рымашэўскі заявіў:
«Плён абсалютна відавочны. Асабліва гэта адчуваецца ў рэгіёнах. Напрыклад, у Віцебску да нас далучыліся і БНФ, і сацыял-дэмакраты. Урэшце мы паказалі людзям, што апазыцыя, няхай і ня ў поўным складзе, але можа і абʼяднацца, і супольна працаваць. Хочам паказаць гэта і падчас кампаніі назіраньня».