Беларускія праваабарончыя арганізацыі лічаць, што прыняты ў Беларусі так званы Плян па правах чалавека (Міжведамасны плян па рэалізацыі рэкамэндацый, адрасаваных Рэспубліцы Беларусь у рамках мэханізмаў ААН) неабходна дапрацаваць.
Паводле праваабаронцаў, гэты дакумэнт можа стаць эфэктыўным інструмэнтам паляпшэньня сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Аднак яго трэба дапрацаваць з улікам прапаноў беларускіх праваабарончых арганізацыяў, а таксама рэкамэндацыяў дагаворных органаў ААН.
Пададзеныя раней у Міністэрства замежных спраў прапановы беларускіх праваабаронцаў «ня сталі прадметам інклюзіўнага абмеркаваньня профільнымі дзяржаўнымі органамі». З 22 тэм, па якіх праваабаронцы зрабілі прапановы, у Пляне часткова ўлічаныя прапановы па 17 тэмах.
«У якасьці істотнага недахопу адзначаем адсутнасьць у Міжведамасным пляне мерапрыемстваў па выкананьні рэкамэндацыяў у такіх важных сфэрах правоў чалавека, як свабода слова і асацыяцыяў, рэлігійныя свабоды і сацыяльна-эканамічныя правы. Лічым неабходным пры далейшай працы па дапаўненьні пляну ўключыць у яго мерапрыемствы, накіраваныя на рэалізацыю рэкамэндацыяў па ўказаных тэмах, адрасаваных Рэспубліцы Беларусь у рамках мэханізмаў ААН», — гаворыцца ў супольнай заяве.
Праваабаронцы заклікалі зарэгістраваць Праваабарончы цэнтар «Вясна» і іншыя некамэрцыйныя арганізацыі грамадзянскай супольнасьці. А таксама спыніць ціск на беларускіх грамадзянскіх актывістаў і зьняць забарону на ўезд у краіну праваабаронцы Алене Танкачовай.
Аўтары заявы лічаць, што эфэктыўнае выкананьне Пляну магчымае толькі «ва ўмовах празрыстасьці працэсу і пры прыцягненьні ўсіх зацікаўленых бакоў». Яны прапанавалі сваю дапамогу ў дапрацоўцы і рэалізацыі Пляну.
Сярод тых, хто падпісаў заяву, — Беларускі Хэльсынскі камітэт, Праваабарончы цэнтар «Вясна», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Офіс па правах людзей з інваліднасьцю і Асамблея дэмакратычных няўрадавых арганізацыяў Беларусі.