«Расплюшчыў вочы і паціснуў мне руку». Зьявілася надзея ў маці вязьня, які спрабаваў пайсьці з жыцьця ў калёніі

Жодзінская турма

Ягор Пратасеня, які ляжыць у шпіталі на менскай «Валадарцы» пасьля спробы самагубства ў жодзінскай калёніі, пачаў паказваць прыкметы выхаду з комы, у якой застаецца ўжо другі месяц.

Пра гэта карэспандэнту Свабоды распавяла маці вязьня Сьвятлана Пратасеня. На пачатку тыдня жанчыне дазволілі сустрэцца з сынам у турэмным шпіталі. Гэта было другое спатканьне з часу спробы Ягора Пратасені скончыць жыцьцё самагубствам, каб адпомсьціць супрацоўнікам наркакантролю, якія нібыта выбівалі зь яго патрэбныя паказаньні.

«Як толькі прыйшла да яго і паклікала, ён расплюшчыў вочы. Але погляд яшчэ нейкі неасэнсаваны. Аднак паціскаў мне руку, калі я брала яго за руку. І вочы, як кажуць дактары, расплюшчвае ўжо не ўпершыню. Сам, канечне, худы, бледны. І фактычна кома працягваецца. Але лекары кажуць, што арганізм працуе нармальна. Дактары і пэрсанал лякарні ізалятара на Валадарскага добрыя, не параўнаць з пэрсаналам жодзінскай калёніі. Яны тут сапраўды перажываюць за майго сына, у іх ёсьць надзея, і ў мяне таксама ёсьць надзея».

Яшчэ адна важная навіна ад Сьвятланы Пратасені — пэўныя зрухі ў праверцы спробы самагубства вязьня Ягора Пратасені, якую вядзе Сьледчы камітэт. Сьвятлану Пратасеню выклікалі ў СК у Менску, дзе запісалі яе паказаньні і папрасілі для вывучэньня лісты сына, у якіх ён папярэджваў маці, што зробіць самагубства.

«Выслухалі мяне і сказалі, што праверка, якую вёў раённы аддзел Сьледчага камітэту ў Жодзіне, скончаная, а матэрыялы перададзеныя ў Менск і цяпер тут праверка будзе працягвацца. І правяраць будуць таксама ўправу наркакантролю Салігорскай міліцыі. Лісты Ягора ім патрэбныя для вывучэньня. Гэтых лістоў шмат, шмат у якіх ён пісаў пра тое, як зь яго патрабавалі тыя паказаньні. А таксама абяцаюць падняць мае скаргі ў пракуратуру і міліцыю, у якіх я паведамляла пра тое, што сын хоча зрабіць і чаму. Бачыла, што ў іх ёсьць дыскі з запісамі відэаназіраньня ў калёніі», — распавяла Сьвятлана Пратасеня.

5 студзеня 2016 году, калі Сьвятлана Пратасеня прыехала ў жодзінскую калёнію на спатканьне з сынам, ёй абвясьцілі, што напярэдадні Ягор Пратасеня зрабіў спробу суіцыду і знаходзіцца ў шпіталі ў непрытомным стане. Паводле ахоўнікаў калёніі, яны вынялі Ягора Пратасеню зь пятлі ўсяго празь некалькі сэкундаў пасьля спробы самагубства, але маці вязьня ў гэта ня верыць, спасылаючыся на тое, што сын трапіў у кому.

20-гадовы жыхар Салігорску Ягор Пратасеня ў сьнежні 2015 году быў асуджаны на 14 гадоў зьняволеньня за распаўсюд наркотыкаў. Утрымлівалі Ягора Пратасеню ў жодзінскай калёніі. У лістах дамоў, а таксама на спатканьні з маці, якое адбылося пасьля суду, Ягор Пратасеня распавядаў пра зьдзекі і катаваньні пасьля арышту з боку опэрупаўнаважаных з управы наркакантролю салігорскай міліцыі, а таксама паведаміў пра намер скончыць жыцьцё самагубствам, каб ім адпомсьціць. Сьвятлана Пратасеня ня верыць у вэрсію, што яе сын быў наркаманам і спробу самагубства зрабіў з прычыны псыхічных адхіленьняў, зьвязаных з наркатычнай залежнасьцю. Маці Ягора Пратасені настойвае на аб’ектыўным расьсьледаваньні прычын інцыдэнту зь яе сынам у жодзінскай калёніі. Сьледчы камітэт абвясьціў, што вядзе праверку інцыдэнту, яе вынікаў публічна яшчэ не агалошваў.

19 лютага Менскі абласны суд будзе разглядаць касацыйную скаргу на прысуд Ягору Пратасеню.