Беларусафобы, Пракаповіч і Kyky. Як у Беларусі блякавалі сайты

Заблякаваны сёньня «Беларускі партызан» — далёка ня першы сайт, доступ да якога закрылі ў Беларусі. Блякуюцца ня толькі сайты з наркотыкамі і махлярствам — і інфармацыйныя, і забаўляльныя сайты, і нават «віртуальны абменьнік».

Міністэрства інфармацыі Беларусі апублікавала 15 сьнежня рашэньне абмежаваць доступ да інтэрнэт-рэсурсу belaruspartisan.org. «Беларускі партызан» заблякавалі нібыта за «сыстэматычнае парушэньне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі».

Можна заблякаваць праз суд, Мінінфарм ці «нейкі орган»

«Беларускі партызан» разам з «Хартыяй-97» — адны з самых частых ахвяраў блякаваньняў, як афіцыйных, так і «нефармальных». «Партызан» быў адным зь першых, каго заблякавалі паводле «ўказу 60» у дзяржаўных установах. Такім жа чынам блякуюць праваабарончы цэнтар «Вясна».

Аляксандар Карлюкевіч, міністар інфармацыі Беларусі

Паводле «ўказу 60» можна заблякаваць шмат якія апазыцыйныя сайты, назваўшы іх «экстрэмісцкімі» ці «прапагандыстамі гвалту» — рашэньня суду ня трэба, «чорны сьпіс» фармуе БелДІЭ, але не самастойна, а паводле прапаноў «упаўнаважаных органаў». Якія гэта органы, ня кажуць, а сьпіс трымаюць у сакрэце.

Але з часовымі блякаваньнямі названых сайтаў ня раз сутыкаліся карыстальнікі па-за межамі дзяржаўных установаў. Тым ня меней «Партызан» і «Хартыю» раней не блякавалі афіцыйна для ўсёй краіны.

Каб афіцыйна заблякаваць сайт для ўсёй краіны, ёсьць два шляхі. Адзін — празь Мінінфарм: хоць за парушэньні закону аб СМІ, як у выпадку з «Партызанам», хоць за экстрэмізм, як з расейскім шавіністычным сайтам «Спутник и погром», хоць проста за мат. Так блякуюць і злачынцаў — прыкладам, сайты фінансавых махляроў, распаўсюднікаў наркотыкаў або дзіцячай парнаграфіі.

КДБ лічыць гэта экстрэмізмам

Другі шлях блякаваньня — праз суд, які прызнае сайт экстрэмісцкім. У беларускі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў (у адрозьненьне ад сьпісу БелДІЭ, ён адкрыты) трапляюць сайты нэанацыстаў, ісламскіх радыкалаў і расейскіх шавіністаў (чамусьці суполка «Віцебская народная рэспубліка» — экстрэмізм, «Гомельская» — не), але разам з тым і беларускіх анархістаў, і праўкраінскіх беларускіх добраахвотнікаў на Данбасе. Першым пунктам у сьпісе экстрэмісцкіх матэрыялаў ужо даўно ідуць дыскі зь фільмам «Урок беларускай мовы» і відэазапіс канцэрту «Салідарныя зь Беларусьсю» 2006 году.

Некалі ўлады спрабавалі абмяжоўваць дзейнасьць сайтаў, адбіраючы дамэнныя імёны. Такім парадкам у 2014 годзе часова блякавалі Onliner.by (за парушэньне заканадаўства аб гандлі) і Kyky.org (за артыкул зьняволенага цяпер Аляксандра Кныровіча з крытыкай адзначэньня Дня Перамогі як сьвята, а ня як дня памяці). Але непадобна, каб гэта было эфэктыўна — сайты хутка мянялі адрасы і працягвалі працаваць праз сацсеткі. Да таго ж, калі сайт прыбіраў парушэньні або «няправільныя» матэрыялы, адрас яму вярталі.

Можна неафіцыйна «пакласьці»

Часта ў выпадку «непажаданых» навінаў з палітычных акцыяў сайты незалежных СМІ (у тым ліку Свабоды) не блякуюцца афіцыйна, а атакуюцца невядомымі: сайт проста «завальваюць» тысячамі зваротаў да старонак (DDoS-атака). На мяжы 2014 і 2015 гадоў невядомыя «блякавалі» такім чынам сайты найстарэйшага незалежнага інфармагенцтва Беларусі БелаПАН і зьвязанага зь ім парталу Naviny.by, а таксама шэрагу іншых недзяржаўных рэсурсаў. За атакі ніхто ня ўзяў на сябе адказнасьці і не назваў прычынаў, але БелаПАН мяркуе, што сайты атакавалі праз артыкул пра «Малітву за Беларусь».

Абараніцца ад DDoS-атакаў можна, калі выявіць крыніцу атакі, але на гэта можа пайсьці працяглы час. Бывае, што атакуюць з розных крыніцаў і мяняюць напрамкі атакі — тады сайты могуць «ляжаць» днямі.

Затрыманьне падчас інтэрвію, Менск, 26 сакавіка 2017 году, ілюстрацыйнае фота

Раней у час масавых вулічных акцый атакавалі ня толькі СМІ, але нават сацсеткі — яны калі і працавалі, то вельмі марудна. Цяпер жа ў час мітынгаў нярэдка зь невядомых прычын «псуецца» мабільная сувязь — карэспандэнты і мітынгоўцы маюць праблемы з жывымі відэатрансьляцыямі, а часам нават з публікацыяй фота.

Ня толькі СМІ і злачынцы — яшчэ «абменьнік», мэмы, тэлефанія і пэтыцыі

У Беларусі былі ня толькі блякаваньні злачынцаў і СМІ. Некаторыя сайты блякуюцца безь відавочнага заканадаўчага абгрунтаваньня ці палітычнай матывацыі.

Пятро Пракаповіч — былы старшыня Нацбанку, у гонар якога назвалі віртуальны абменьнік (цяпер заблякаваны ў Беларусі)

Так, у час крызісу 2011 году, калі беларускі рубель пачаў імкліва падаць і з продажу зьніклі замежныя валюты, зьявіўся «віртуальны абменьнік» Prokopovi.ch. Сам сайт не праводзіў абменных апэрацый, але дазваляў людзям дамовіцца пра абмен у рэальным сьвеце. Урэшце яго заблякавалі за «прапаганду незаконнай дзейнасьці па абмене валютаў».

Таксама ў Беларусі заблякаваны расейскі сайт Lurkmore.to, які зьбірае зьвесткі пра інтэрнэт-мэмы. Пры гэтым у Расеі ён ня раз блякаваўся за нібыта апісаньне спосабу вырабу наркотыкаў, а ў Беларусі афіцыйна заблякаваны за «распаўсюд недакладнай інфармацыі і нецэнзурную лексыку» паводле звароту з Нацыянальнай бібліятэкі.

Часовыя блякаваньні зазнавалі і сайты IP-тэлефаніі — службы танных званкоў не праз звычайныя тэлефонныя лініі, а праз інтэрнэт. Цяпер такія службы забароненыя, калі яны не зарэгістраваныя афіцыйна. Пачатковы тэкст указу дазваляў шырокія трактоўкі — прачытаць яго можна было так, што забараняецца і Skype, і Viber, і любы мэсэнджар. Але пазьней указ «паправілі» падзаконным актам. Зрэшты, блякаваньні былі яшчэ да афіцыйнай забароны — без тлумачэньня прычын.

Ці ня самы арыгінальны спосаб «неафіцыйна заблякаваць» сайт ужылі супраць Petitions.by, калі на ім зьявілася пэтыцыя за адстаўку міністра абароны ў сувязі зь дзедаўшчынай у войску. Спачатку нехта зьвярнуўся да хостынгу, на якім месьціўся сайт, са скаргай на спам (звароты ў дзяржустановы адсылаліся па адным лісьце ад карыстальніка, а не адной пэтыцыяй са шматлікімі подпісамі), затым сталі «завальваць» базу зьвестак сайту, дадаючы дзясяткі тысяч подпісаў за ранейшыя пэтыцыі.

«Дзякуй за блякаваньне»

Калі для адных сайтаў блякаваньне — гэта праблема, для іншых яно можа стаць рэклямай. Так, Kyky.org сьцьвярджаў, што пасьля блякаваньня прагляды падскочылі. За дзень сайт наведалі больш за 40 тысяч чалавек, прычым 78% карыстальнікаў былі для сайта новымі.

Таксама блякаваньне было «рэклямай» для ананімайзэра Tor, які дае доступ да заблякаваных сайтаў і цэлага таемнага вэбу. Да блякаваньня было каля 5000 наўпроставых карыстальнікаў Tor зь Беларусі, пасьля стала каля 3000 наўпроставых і яшчэ каля 3000 такіх, хто карыстаецца ім «абходнымі шляхамі». На момант публікацыі Tor'ам карыстаюцца сумарна тыя жа 6000 беларусаў — на 20% больш, чым да блякаваньня.

Беларускімі законамі забаронены ня толькі Tor, але і іншыя сродкі доступу да заблякаваных сайтаў. Але фактычна забароненая мізэрная доля такіх сродкаў. Справа ня толькі ў тым, што саміх гэтых сродкаў (VPN, proxy-сэрвэраў і гэтак далей) незьлічоная колькасьць, але і ў тым, што некаторыя буйныя кампаніі даюць шляхі абыходу блякаваньняў. Напрыклад, праз функцыю Opera Turbo ў папулярным браўзэры Opera і яе аналяг у расейскім «Яндэкс.Браўзэры», або праз Google Translate, у якім можна «перакласьці» забаронены адрас і нават прагледзець «неперакладзены» арыгінал.

Як змагаюцца са свабодай інтэрнэту і як сацсеткі выкарыстоўваюць супраць дэмакратыі: даклад Freedom House