«Пра герб і сьцяг» — кніга для дзяцей

«Пра герб і сьцяг» — кніга Вінцука Вячоркі і Пятра Драчова, 1993 год

Кніга Вінцука Вячоркі зь ілюстрацыямі Пятра Драчова для дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту. Менск, 1993 год.

Кніга разышлася накладам больш за сто тысячаў. З таго часу не перавыдавалася.



Мы беларусы, наша краіна — Беларусь. Народаў і краін у сьвеце шмат. У Швэцыі жывуць швэды, у Польшчы — палякі, у Расеі — расейцы. Кожная краіна, кожны народ адрозьніваецца ад іншых: моваю, звычаямі, вопраткай, выглядам. Кожны народ і краіна маюць свае знакі. Гэта ГЕРБ і СЬЦЯГ.



Гербы і сьцягі людзі прыдумалі даўно. Рыцары ў цяжкіх жалезных латах малявалі знакі свайго роду — гербы — на шчытах. А да вострай дзіды (кап’я) прывязвалі кавалачкі тканіны, якія і назвалі сьцягамі. Па гербах на шчытах і па каляровых сьцягах ваяры маглі ў гарачым баі пазнаць, дзе свае, а дзе чужынцы. Лічылася, што войска, якое страціла сьцяг, пацярпела паразу і пакрылася ганьбай. Таму сьцяг бераглі як вока.



Мы, беларусы, адвеку шануем герб «Пагоня» і бел-чырвона-белы сьцяг. Герб Пагоня прыйшоў да нас з даўніх часоў. Срэбны рыцар на кані скача па горадзе і кліча: «Пагоня! Пагоня!». Гэты кліч азначаў, што на мірную беларускую зямлю напалі чужынцы, і ўсе мужчыны павінны стаць на яе абарону, разьбіць ворага і гнаць аж да мяжы. У правай руцэ рыцара меч, у левай — шчыт з залатым крыжам. Шасьціканцовы крыж — гэта знак добрага і цёплага Сонца-Ярылы.




Падобны да Ярылавага і залаты, з каштоўным каменьнем крыж Эўфрасіньні Полацкай — галоўная сьвятыня беларусаў, якую ад нас у вайну вывезлі ворагі. Сургучнай пячаткай з Пагоняй некалі запячатвалі пасланьні беларускія вялікія князі. Быў час, калі самым небясьпечным ворагам Беларусі стала нямецка-крыжацкае войска. Крыжакі захапілі суседнія краіны і хацелі заваяваць Беларусь.





Aле беларускія рыцары пад знакам Пагоні ўшчэнт разьбілі крыжакоў ля вёскі Грунвальд.

«Усё лятуць і лятуць тыя коні,
Срэбнай збруяй далёка грымяць...
Старадаўняй Літоўскай Пагоні
Не разьбіць, не спыніць, не стрымаць!»


Так пісаў пра Літоўскую, гэта значыць старабеларускую, «Пагоню» вялікі наш паэт Максім Багдановіч.






Наш сьцяг мае тыя ж колеры, што і герб. Так і трэба па правілах. Пад такімі сьцягамі нашыя продкі ваявалі з туркамі ды Масквой паўтысячы гадоў таму. Акрамя трохпалосных, узьнімалі і белыя сьцягі з чырвоным крыжам сьвятога Юр’я — апекуна і заступніка Беларусі на нябёсах.

Ёсць легенда пра тое, як узьнік наш сьцяг. Быццам жыў у Беларусі разумны і мужны князь, якога шанаваў народ і баяліся ворагі. Калі ж нападалі чужынцы — сьмела ішоў у бой, сам ваяваў ды іншымі камандаваў так, што непрыяцель у жаху ўцякаў. Ды неяк у сечы князя паранілі: чужы рыцар мечам расьсек яму лоб. Верныя сябры вынесьлі князя з поля бітвы і перавязалі рану белай хусьцінкай.

Але беларускія рыцары, застаўшыся безь любімага князя, пачалі адступаць. І тады паранены князь падняўся, зьняў павязку з ілба і разгарнуў яе над галавой, быццам сьцяг. Прыгожа напісаў пра гэта паэт і сьпявак Сяржук Сокалаў-Воюш:

І тады падняўся князь зь зямлі,
Белыя павязкі зьняў з чала.
Як штандар, яны ў руках былі,
Як прамені зыркага сьвятла.
Кроў лягла чырвонай паласой
Цераз палатна сьляпучы снег -
І схапіўся зноў за зброю вой,
І чужак заснуў у кургане.


Разгорнутая белая павязка з чырвонай паласой пасярэдзіне стала знакам мужнасьці, стала сьцягам, і рыцары зноў пашлі ў бой — і перамаглі. Пад гербам «Пагоня» змагаліся з расейскім войскам паўстанцы Кастуся Каліноўскага. А цяпер герб «Пагоня» ўпрыгожвае дзяржаўныя будынкі і залі ўрачыстасьцяў. Ён відаць і на дакумэнтах, на грашах, на паштовых марках Беларусі.





У розных краін — розныя гербы і сьцягі. Па гербах відаць, якія знакі мужнасьці, справядлівасьці, магутнасьці шануюць у гэтай краіне. Герб Чэхіі — леў, на гербе Швэцыі — тры залатыя кароны, палякі маюць на гербе арла, а на гербе далёкай Аўстраліі бачым кенгуру і страўса. Сьцягі вывешваюць і падымаюць на сьвяты. Людзі шануюць сьцягі сваіх краінаў. Напрыклад, фіны штораніцы ўзьнімаюць над дамамі свой фінскі сьцяг — блакітны крыж на белым палотнішчы. Вельмі любяць свой зорна-паласаты сьцяг амэрыканцы і нават сьпяваюць пра яго песьні. Украінцы маюць блакітна-жоўты сьцяг, рускія — бела-сіне-чырвоны, немцы — чорна-чырвона-жоўты. Для нас, беларусаў, сярод усіх сьцягоў найдаражэйшы наш сьцяг — бел-чырвона-белы. Ён прыкметны здалёк, ён такі сьветлы і лёгкі, быццам ляціць у нябёсах.

Беларусь адвеку шанавалі белы і чырвоны колеры. Белы — колер чысьціні, свабоды і веры, колер спакойнай вады. Можа, мы таму і называемся беларусы, што любім гэты колер, любім свабоду і чысьціню. Пра беларускі сьцяг кажуць: ён — гронка каліны на белым сьнезе. А памятаеце, як вышытыя нашыя народныя кашулі, вытканы ручнікі? Чырвонымі ніткамі па белым. Чырвоны колер — гэта колер сьмеласьці ды адвагі, колер палкага агню. Вось і атрымліваецца, што беларускі сьцяг — як беларуская душа. Беларус — спакойны, мудры, верны слову чалавек, але калі краіна ў бядзе, ён бярэцца за зброю і бароніць Бацькаўшчыну.



Беларусы ніколі не забываліся пра свае герб і сьцяг. Даўно памінулі часы жорсткіх бітваў. І сёньня нашыя знакі нагадваюць нам пра тое, што мы старажытны народ, радуюць вока сваёй прыгажосьцю. Непрыяцелі хацелі заняволіць Беларусь, хацелі, каб мы забыліся на ўсё сваё, навязвалі нам выдуманыя гербы і сьцягі. Але людзі выходзілі па плошчы і вуліцы зь любімым сьцягам і роднаю Пагоняй. У верасьні 1991 года бел-чырвона-белы сьцяг і герб Пагоня зноў сталі дзяржаўнымі знакамі незалежнай Беларусі.

Шануйма ж іх!

ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!