Ва Ўкраіне удзельнікі Эўрамайдану зрынулі і разабралі на сувэніры помнік Леніну. Што пра гэта думаюць у Кіеве і за мяжой, і хто павінен несьці адказнасьць?
У нядзелю мітынгоўцы зьнесьлі помнік Леніну на бульвары Шаўчэнкі ў Кіеве.
Сікорскі: Гэта сымбалічная дэсаветызацыя Ўкраіны
Міністар замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі пазытыўна ацаніў зрынаньне помніка Леніна ў сталіцы Ўкраіны. Пра гэта ён заявіў ў праграме fakty po Faktach на польскім тэлеканале TVN24 у нядзелю вечарам.
«Хтосьці можа сказаць, што гэта недыпляматычна, але я лічу, што Ленін быў адным з найбольш крывавых тыранаў XX стагодзьдзя і асабіста цешуся, што чарговая эўрапейская сталіца ня мае яго помніка», — сказаў ён.
«Гэта можа быць сымбалічная дэсаветызацыя Ўкраіны, але варта памятаць, што мы ведаем таксама з нашай гісторыі, што такія моманты эйфарыі часам дорага абыходзяццца ў будучыні», — дадаў польскі міністар.
Your browser doesn’t support HTML5
Партыя «Свабода» ўзяла адказнасьць
Прысутныя на месцы здарэньня паведамлялі, што сярод ініцыятараў зьвяржэньня былі і людзі са сьцягамі ВА «Свабода».«Свабода» ўзяла адказнасць за знос ў нядзелю помніка Уладзіміру Леніну ў Кіеве. Пра гэта заявіў журналістам дэпутат Ігар Мірашнічэнка, перадаюць «Украінскія навіны».
«Я быў у многіх гарадах Украіны. І ў кожным зь іх мяне прасілі забраць гэтага „дурня“ з Кіева», — сказаў ён.
На ўдакладняльнае пытаньне, ці датычная «Свабода» да разбурэньня помніка, Мірашнічэнка адказаў сьцьвярджальна.
У гутарцы з Радыё Свабода Ігар Мірашнічэнка наўпрост не пацьвердзіў дачыненьне «Свабоды» да зьвяржэньня помніка, але адначасова назваў вынік «сьветапогляднай пазыцыяй» яго палітычнай сілы.
«Прыйшлі патрыёты Украіны і зьнесьлі гэтага балвана, таму што ён ня мае права стаяць на нашай зямлі. Відавочна, там дэпутаты былі, усё можаце ўбачыць на відэа. Відавочна, што гэта сьветапоглядная палітыка, гэта сьветапоглядная наша пазыцыя. Каты ўкраінскага народу, людзі, якія адмаўлялі існаваньне ўкраінскай дзяржавы, яны ня маюць ніякага маральнага права стаяць на ўкраінскай тэрыторыі. І таму яны былі зьнішчаны ў Кіеве. Яшчэ раней яны былі зьнішчаны ў Заходняй Украіне. І я ўпэўнены, што з падзеньнем Леніна ў Кіеве ўпадзе рэжым Януковіча», — заявіў ён.
У «Бацькаўшчыне» кажуць, што Эўрамайдан не ініцыяваў знос Леніна
Народны дэпутат ад «Бацькаўшчыны» Андрэй Шаўчэнка заяўляе, што знос помніка Уладзіміру Леніну на бульвары Шаўчэнкі ў Кіеве ня быў ініцыяваны Эўрамайданам.
На прэс-канфэрэнцыі ў штабе нацыянальнага супраціву Шаўчэнка адзначыў, што, на яго думку, помніка Леніну ў цэнтры сталіцы ўжо даўно не павінна быць. «Але гэта не была цэнтралізаваная акцыя, ініцыяваная з Майдану. Гэта, хутчэй, ініцыятыва тых груп людзей, якія гэта зрабілі», — сказаў апазыцыянер.
Ён таксама паведаміў, што група народных дэпутатаў ад апазыцыйных сіл ужо адправілася на месца здарэньня.
Міхаіл Добкін пачаў збор сродкаў на аднаўленьне помніка Леніну ў Кіеве
Старшыня Харкаўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Міхаіл Добкін пачаў збор сродкаў на аднаўленьне помніка Ўладзіміру Леніну ў цэнтры Кіева. Пра гэта Добкін напісаў у сваім Twitter.
Завтра открываю счет, для восстановления памятника Ленину в Киеве.Внесу на счет 50000гр.Все,кто презирает вуек за их тупизм,присоединяйтесь.
— Добкин Михаил (@mdobkin) December 8, 2013
8 сьнежня каля 18-й гадзіны актывісты зрынулі помнік Леніну, які стаяў на бульвары Шаўчэнкі ў Кіеве з 1946 года.